КАМА-СУТРА ЗА 1 МІЛЬЯРД 300 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ
Спэцслужбы і камандваньне ваенна-марскога флёту Індыі рассьледуюць крымінальную справу ў рамках індыйска-расейскіх адносінаў. У цэнтры справы знаходзіцца фігура індыйскага капітана першага рангу Сункджындзера Сінгха. Індыйскі ўрад упаўнаважыў яго весьці перамовы і падпісваць паперы наконт набыцьця Індыяй вялікага расейскага авіяносца “Адмірал Гаршкоў” і мадэрнізацыі судна. Перамовы праходзілі марудна, але ў пэўны момант іхная хада прысьпешылася і раптам паперы былі падпісаны ў сакавіку сёлета. Як казаў герой аднаго савецкага кінадэтектыву: “По всему видно, что тут замешана любовь!” Справа ў тым, што пасярод перамоўшчыкаў у белых мундзірах зьявілася маладая і прывабная жанчына ў вечаровай сукні, якая пачала рабіць знакі ўвагі індыйскаму марскому ваўку. У выніку сума, якую Індыя падпісалася выплаціць Расеі за мадэрнізацыю карабля, вырасла з 974 мільёнаў даляраў да 2,33 мільярдаў даляраў.
Як кажуць на Лубянцы, “у нас ещё и не такие кололись”. Тым больш, што біць-катаваць, запалохваць-шантажаваць нікога не было патрэбы. У жыцьцё экзатычнага капітана ў сікгскай чалме далікатна ўвайшла “простая русская девушка” і паказала яму такую лубянскую Кама-Сутру, што ён здаўся бяз бою на міласьць пераможцы. У выніку індыйскі народ павінен будзе аплаціць за маскоўскія паслугі на 1 мільярд 300 мільёнаў больш. Усім у Нью-Дэлі падалося, што гэта ёсьць надта высокі ганарар за курс інтымнага лікбезу для аднаго афіцэра, праведзены спэцыялісткай з “славных органов”.
Гэта ня першы посьпех жрыц каханьня ў сініх пагонах. Але нешта даўно ўжо ў іхныя сеткі не трапляліся такія важныя асобы і вялікія грошы. Успамінаецца толькі даўняя гісторыя 1960 году, калі маладая “камсамолка” завяла раман з амбасадарам Францыі ў Маскве. Дыпламата шантажавалі гэтай сувязьзю і французы хутка выдалілі яго з пасады. Мабыць тая камсамолка 60-х гадоў чытала лекцыі сёньняшняй гераіні апэрацыі “Мадэрнізацыя”. Як казаў Фэлікс Дзяржынскі, “нужно гореть на работе, товарішчі”.
Нельга не спачуваць простым індыйскім рабацягам і ўрадавым арганізатарам нацыянальнага бюджэту краіны вялікай гісторыі і культуры. Але казаць пра ўсю справу без іроніі немагчыма. Разумныя людзі даўно папярэджвалі мудры індыйскі народ і ягонае кіраўніцтва: ня зьвязвайцеся з маскоўскімі бандытамі, якія абчысьцяць вас ня горш за жулікаў на бамбэйскім рынку. Нельга давярацца тым, хто падманвае і абрабоўвае ўласны народ.
(Паводле матэр'ялаў індыйскіх і расейскіх СМІ)
Янка Базыль