ЧАРНОБЫЛЬСКІ ГЕНАЦЫД. 24 ГАДЫ АД ПАЧАТКУ

Паважаныя суайчыньнікі і сябры, паважаныя фронтаўцы. 26 красавіка, чарговая гадавіна нашай нацыянальнай трагедыі — гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. 70 адсоткаў радыёактыўных ападкаў выпала на Беларусь. Гэта зрабіла Масква ў абліччы Савецкага Саюза. Гэта была іхняя станцыя і іхняя савецкая праца. Калі радыёактыўныя хмары павісьлі над Беларусяй, то Савецкі Саюз, баючыся, што вецер дзьме ў бок Расеі і хмары пойдуць на Маскву, загадаў сваёй авіяцыі расстраляць іх над нашай краінай і апусьціць на нашу зямлю. І гэта яны зрабілі, апусьцілі сьмертаносныя хмары на Магілёўскую і Гомельскую вобласьці.

КПСС забараніла тады паведамляць пра катастрофу і пра небясьпеку радыяцыі, забараніла даваць людзям неабходныя прэпараты ёдзістага калія, якія ўратавалі б нас, і перш за ўсё, дзяцей ад радыёактыўных ізатопаў ёду, якіх найбольш было ў першыя месяцы пасьля катастрофы. Ужо тады Масква выкарыстала катастрофу дзеля вынішчэньня нашага народу. Мы ніколі не павінны забывацца, што такое Расея і што такое яе антыбеларуская палітыка.

Тады, у 1980-х і 1990-х гадах Беларускі Народны Фронт выкрыў савецкія злачынствы Чарнобыля і ня даў Маскве разгуляцца над нашай магілай. Дэпутаты БНФ у Вярхоўным Савеце здолелі паставіць заканадаўчы заслон далейшаму чарнобыльскаму вынішчэньню нацыі.

Антыбеларускі рэжым Лукашэнкі ліквідаваў дасягненьні беларусаў у абароне людзей ад Чарнобыля. Рэжым зноў працягвае савецкі чарнобыльскі генацыд.

У 2006-2007 гг. я ўдзельнічаў у фільме Бі-Бі-Сі “Навука пра супэршторм”, у якім расказаў, як Масква апускала радыяцыйныя хмары на Беларусь, падаў зьвесткі пра рускі авіяцыйны атрад, які гэтым займаўся, і пра лётчыкаў, якія апускалі хмары і яшчэ пакуль засталіся ў жывых (шмат ўжо памерла ад радыяцыі, маскоўцы людзей не шкадуюць). Апэратары Бі-Бі-Сі па маіх матэрыялах паехалі ў Маскву і зьнялі інтэрв'ю аднаго такога “героя” па просзьвішчу Грушын. Гэты Грушын расказаў усё, як было: і чаму апускалі хмары на Беларусь, і як ён гэта рабіў, і хто даў заданьне.

Гэты фільм з чарнобыльскім сюжэтам і маімі сьведчаньнямі ўбачыў увесь сьвет. Занепакоіліся ў Маскве. А ў Беларусі некаторыя бесхрыбетныя людзі ў страху перад рэжымам пачалі даваць тады свае інтэрв'ю, дзе, насуперак выказваньняў самых спраўцаў злачынства, пачалі “сумнявацца”, што так было. Гэта ёсьць нізасьць такіх людзей. Зразумела, што ні Масква, ні напалоханыя асобы ў Беларусі, кажучы пра гэты сюжэт у кіно, не маглі вымавіць майго прозьвішча. Ім зьвяло пашчэмкі, і зразумела, чаму.

Час ад часу ў Маскве зьяўляюцца розныя “адкрывальнікі” гэтага фільма і яны нешта пачынаюць сваё гаварыць. Але ім таксама зводзіць пашчэмкі. Бо там шмат ёсьць людзей, якія адказныя перад нашай нацыяй за чарнобыльскі генацыд.

Чарнобыльскае вынішчэньне у Беларусі працягваецца. Але не заўсёды так будзе. Набліжаецца канец цемры і подлага антабеларускага рэжыму ў нашай краіне. Сапраўдная беларуская ўлада верне ўсё: і гэрб Пагоня, і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг, і Беларускую мову, і павагу да людзей, і ахову іх ад Чарнобыля. А за страты, якія панёс наш народ, спраўцы зьнішчэньня адкажуць, і ніхто не схавае іх.

Жыў беларускі народ і будзе жыць!

Слава Беларусі!

26 красавіка 2010 г. Зянон ПАЗЬНЯК