ПРАВАКАЦЫЙНЫ ПОЧЫРК КАНТОРЫ. АЛЕ БЕЛАРУСЫ ЎЖО ГЭТА ПРАХОДЗІЛІ
Расейскія СМІ з непрыхаваным задавальненьнем паведамілі аб тым, што 15 красавіка ў Кіеве адбылася акцыя, удзельнікі якой спалілі сьцяг Расеі. Здавалася б, чаму радвацца ў Маскве? А справа ў тым, што згаданыя ўдзельнікі разам з трыкалёрам РФ спалілі сьцягі Польшчы і Ізраіля. У якасьці арганізатара спаленьняў заяўлена, цытуем расейцаў: “националистическая организация “Патриот Украины”. Паводле інфармацыі, удзельнікі акцыі сабраліся ў гонар 242-й гадвіны пачатку казацкага паўстаньня супраць палякаў пад назовам “Каліеўшчына” (1768 г.). Паўстаньне суправаджалася антыгабрэйскімі пагромамі. Расейскія войскі здушылі паўстаньне.
Сёньняшнія расейцы паведамілі, што “националисты почтили память гетмана Богдана Хмельницкого, а затем маршем прошли к памятнику гетману Сагайдачному. К подножию монумента они швырнули “флаги стран, враждебных Украине” — России, Польши и Израиля. Флаги тут же облили горючей жидкостью и подожгли. Действо сопровождалось песней о гайдамаках из одноимённой поэмы Тараса Шевченко”.
Крыніца: http://lenta.ru/news/2010/04/15/flags/
Ужо даўно вядома і праверана шмат разоў на практыцы: як толькі нейкая “група товарішчей” пачынае гарланіць патрыярхальна-чарнасоценнае “Бей жидов!”, то за вуглом трэба шукаць “куратара” з Лубянкі, які махае адтуль дырыжорскай палачкай. Тым больш, калі чарнасоценнае творча ўплецена ў трохчленную мадэль шматаблічных “ворагаў радзімы”. Найбольшы разьлік арганізатары правакацыі рабілі на спаленьне сьцяга Польшчы. Якраз у гэтыя дні ў гэтай краіне адбываецца ўсенародная жалоба па прэзыдэнту краіны і іншым ахвярам авіякатастрофы пад Смаленскам. Дарэчы, Украіна афіцыйна далучылася да польскай жалобы. У тым жа Кіеве ўкраінцы прыходзяць да амбасады Польшчы, каб выказаць сваё спачуваньне і салідарнасьць з суседнім народам.
Мы назіраем пачатак нейкага новага цыклу правакацыяў ва Украіне. Папярэдні пэрыяд меў пік актывізацыі напярэдадні кампаніі па выбарах прэзыдэнта Украіны. Напрыклад, на прыканцы жніўня 2004 г. па Хрышчаціку ў Кіеве прамаршыравала некалькі сотняў малойцаў спартовага выгляду, абвешаных стылізаванай нямецка-нацыстоўскай сымволікай. Яны дзікімі галасамі гукалі агрэсіўныя лёзунгі (“Украіна для ўкраінцаў!” і іншае) і несьлі над сабой змрочныя сьцягі з надпісамі, зробленымі шрыфтом у стылі эсэсаўскай готыкі. Гуканьне і інтэрв'ю для тэлеканалаў адбывалася падкрэсьлена на ўкраінскай мове. Стылізаваныя “эсэсманы” называлі сябе прыхільнікамі кандыдата Юшчанкі, ягонымі “баявымі атрадамі”.
Зразумела, што сам кандыдат ня меў ніякага дачыненьня да брыдкай на выгляд публікі і яе чалавеканенавісьніцкага стылю. Цікава, што гэтых маладзёнаў нідзе потым ня бачылі на народных мітынгах за волю Украіны, за Юшчанку і супраць агента Масквы Януковіча. Яны вярнуліся ў свае гэбоўскія казармы.
Доўга, больш за пяць гадоў пра іх не было чуваць. І вось яны зноў выйшлі на вуліцы ўкраінскай сталіцы і пачалі сваю правакацыйную дзейснасьць з мэтай дэскрыдытацыі Украіны, украінскага народу, украінскай мовы і нацыянальнай гісторыі. Што ж, даўно вядомы прафэсійны почырк канторы, якая мае свае філіялы далёка па-за Масквой.
Беларусы ўсё гэта праходзілі, і ня раз. На мітынгах Беларускага Народнага Фронту даволі часта зьяўляліся асобы (у асноўным пажылога веку) з фанатычна распаленымі вачыма, якія гукалі: “Позняк — католик! Позняк — поляк! Он хочет, чтобы у нас было, как в Польше!...” Патрыёты адмахваліся ад іх, як ад навязьлівых мух, і гналі прэч. Цікава, што ў гэты самы час па гарадах і мястэчках Польшчы езьдзіў тадышні старшыня Саюза палякаў Беларусі Кручкоўскі і выступаў перад публікай з “фанатычным” гуканьнем: “Позняк — полякожэрца, Народный Фронт ненавидит поляков. Мы должны поддержать Лукашенко”. Урэшце кіраўніцтва краіны зразумела, што мае справу з гэбоўскім правакатарам, і выдаліла яго з Польшчы назад да Лукашэнкі.
Кантора ня раз і ня два спрабавала разыграць у Беларусі сваю чалавеканенавісьніцкую карту. У 1990 годзе кіраўніцтва БНФ атрымлівала сігналы, што нейкія асобы заклікаюць на вуліцах Ліды да “помсты летувісам”. Прапанавалася ў нядзельны дзень прысьці з цэгламі на мясцовы рынак і пабіць шыбы ў машын з прыбалтыйскімі нумарамі. Памятаю, што нават не спатрэбілася ніякага ўмяшаньня з боку менскіх сяброў Фронту. Насельніцтва Ліды само паслала правакатараў куды падалей, нічога з гэбоўскай правакацыі ня выйшла. Недзе ў той жа пэрыяд (1990-91 гады) па Менску некалькі разоў запускаліся качкі, што “беларускія нацыяналісты рыхтуюць антыгабрэйскія пагромы”. Сябра Сойму БНФ Артур Вольскі (вядомы паэт, габрэй па нацыянальнасьці) расказаў нам потым, як начаваць да яго ў кватэру прыходзіла знаёмая габрэйская сям'я, якая ўсур'ёз апасалася за сваё жыцьцё. Фронтаўцы ў такія ночы арганізоўвалі пікеты, якія патрулявалі горад разам з міліцыяй. І гэтым разам у канторы нічога ня выйшла.
Недзе ў 1995-97 гадах адбылася канторская спроба актывізацыі расейскага фашызму ў Беларусі. Паўсюль застракацелі (даволі дэбільныя па форме і зьместу) плакацікі РНЕ (“Русское національное едінство”) з лёзунгам “Россия ждёт тебя!” Яны не зьбіраліся запрашаць мясцовых расейцаў вяртацца ў Расею, а, наадварот, заклікалі іх абвяшчаць, што Беларусь — гэта і ёсьць Расея. Час ад часу на вуліцах зьяўляліся дзецюкі ў чорных уніформах, некаторыя зь іх крычалі “Слава Россіі!” Але ў Менску і іншых рэгіёнах краіны не адбылося ніякога масавага далучэньня да гэтых гэбоўскіх фашыстаў. Правалілася і гэтая правакацыя. РНЕ так і засталося маргінальным утварэньнем на нашай зямлі (што ня робіць яго менш небясьпечным і крымінальным).
У наш час тактыка канторы стала больш вырабленай. Лубянка занялася тыражаваньнем “беларускіх арганізацыяў” і стаўленьнем начале іх розных янукевічаў, дашкевічаў, фінькевічаў і рымашэўскіх (часам набірала звычайных гопнікаў, як ў “Зубры”). Дыскрэдытацыя ўсяго нацыянальнага і сьвятога адбываецца цяпер пад гучаньне беларускай мовы і часам нават з блюзьнерскім выкарыстаньнем нашай нацыянальнай сымволікі. Але можна быць упэўненым, што і гэтая правакацыя праваліцца разам з агентурай і правакатарамі.
Народы, якія вырваліся з падсавецкага рабства, і тыя народы, якія працягваюць змаганьне за сваё поўнае вызваленьне, цудоўна разумеюць, хто зьяўляецца іх сапраўдным ворагам — зразумела, што не расейскі народ, першая ахвяра гэбізму. І не палякі з габрэямі. Чалавеканенавісьніцтва ў нашым рэгіёне мае сваё вельмі канкрэтнае ўвасабленьне. Гэта ёсьць крамлёўска-лубянская імпэрыя, яе структуры і яе найміты ў розных постсавецкіх краінах. Пакуль гэтая пачвара існуе ў прыродзе, вольналюбівыя народы ня могуць жыць спакойна. І каб перамагчы цмока, народы і людзі павінны салідарна падтрымліваць адзін аднаго ў барацьбе за сваю цывілізаваную будучыню.
Юрка Марозаў