ПОДЗЬВІГ ДЗЯДОЎ. 1939–1945. (ПРАЦЯГ)

Венская апэрацыя

У гістарычным цэнтры Вены пасярод невялікага сквeру непадалёк ад Бэльвэдэра стаіць савецкая скульптура. На высокім пастамэнце ўзвышаецца натуршчык у жаўнерскай параднай уніформе. Ён абапіраецца на шчыт, на ягоную галаву надзетая савецкая “каска.” Абодва згаданыя элемэнты ў кантрасьце з чарнатой пастамэнта і фігуры ярка, нават асьляпляльна зьзяюць золатам. На залатым шчыце буйна вылеплены гэрб СССР. Задумка скульптара і тых, хто стаяў за ім, зразумелая — менавіта СССР абараніў аўстрыякаў ад фашызма. “Сусальны бляск” фрагмэнтаў скульптуры павінен надаваць ёй нейкую іканапісную сьвятасьць ці што. Прызнацца, такога я нідзе больш ня бачыў на месцах прысутнасьці савецкай таталітарнай эстэтыкі. Добра яшчэ, што пад гэтым нечым няма магіл загінуўшых жаўнераў.

Пра баі апошніх дзён вайны ў Аўстрыі па-мастацку распавёў нам Васіль Быкаў, які маладым афіцэрам сустрэў мір менавіта тут. Беларускі пісьменьнік не забыўся пра зьверствы СМЕРШа, дзялкі якога гвалцілі і забівалі беларускіх дзяўчат, што апынуліся ў Аўстрыі на прымусовых працах. За гэта, за ўсю праўду пра тую вайну маскоўска-бальшавіцкая хеўра і яе афіцыёз люта ненавідзелі і ненавідзяць дагэтуль нашага вялікага пісьменьніка.

Мне шмат жаўнерскай праўды пра вайну распавёў дзядзька Дзімітры. Пра тое, як камандзёр батальёна пасылаў іх у атаку, а сам сядзеў у дзоце. Калі засталося зусім няшмат людзей, Дзімітры, — малады афіцэр, — зайшоў у дзот і пачаў спрачацца з крыважэрным “героям”. Нейкі жаўнер зазірнуў у дзьверы і паклікаў яго да тэлефона. Калі дзядзька бег да апарата, то пачуў моцны выбух за плячыма. Жаўнеры кінулі ў дзот зьвязку гранатаў. СМЕРШ і іншыя так і не даведаліся, што адбылося.

Так пачыналася ў сярэдзіне сакавіка 1945 года Венская апэрацыя. Па дарозе на Вену савецкія войскі выбілі немцаў з шэрагу ўгорскіх гарадоў. Немцы адбіваліся адчайна, але ўгорская армія разбягалася і масава здавалася. Былі вызвалены ад немцаў таксама славацкія гарады і сталіца Браціслава. 29 сакавіка войскі генэрала Талбухіна ўвайшлі на тэрыторыю Аўстрыі і наблізіліся да Вены. Аўстрыйскую сталіцу (Аўстрыя была абвешчана Гітлерам часткай Вялікай Нямеччыны) абараняла 6 танкавая армія СС і шмат іншых частак. Паўсюль былі пабудаваны ўмацаваньні і барыкады, якія абаранялі часткі Фольксштурма (апалчэньня) і падлеткі з гітлер-югенда.

Пачаліся баі за вялікі горад. Залатыя каскі і залатыя шчыты — гэта цемрашальская хлусьня савецкай эстэтыкі. Гэта ў немцаў, брытанцаў і амэрыканцаў было забаронена зьяўляцца на лініі агню без каскі. Чырвонаармейцам касак не давалі. Людзей было так шмат, яны гінулі так хутка, што савецкая ваенная машына не лічыла патрэбным прыкрываць іхныя галовы. Дзядзька Дзьмітры ўспамінаў баі за Вену. Як яны падчас вулічных атакаў забягалі ў разьбітыя крамы, сьцягвалі з сябе брудныя, забітыя вошамі гімнасьцёркі, выкідалі іх і нацягвалі на сябе любую адзёжу, якая трапляла пад рукі. На галовах жаўнераў былі шапкі-ушанкі, ніякой сталі або золата. Праблемай былі ня толькі нямецкія абаронцы. З разьбітых клетак венскага заапарку па ўсім горадзе разбегліся экзатычныя жывёліны. Галодныя львы і тыгры кідаліся на людзей. Іх забівалі аўтаматнымі чэргамі.

Адчувалася, аднак, што аўстрыйскія немцы ня хочуць больш ваяваць за гітлерскі рэйх і падвяргаць сваю сталіцу небясьпецы разбурэньня. Актывізавалася камуністычнае і хрысьціянска-дэмакратычнае падпольле, якое аказвала дапамогу наступаючым войскам. Група афіцэраў-аўстрыйцаў пад кіраўніцтвам маёра Карла Сокала наладзіла кантакт з штабам генэрала Талбухіна. Паўсюль аўстрыйскія вайскоўцы патрабавалі ў нямецкага камандваньня абвясьціць Вену “вольным горадам” і здаць горад. Немцы раскрылі афіцэрскую арганізацыю патрыётаў і траіх яе сяброў публічна павесілі на вулічных ліхтарах. 13 красавіка пасьля цяжкіх баёў Вена цалкам перайшла ў рукі пераможцаў.

Драма аўстрыйскага народу яшчэ ня скончылася. У 1938 годзе Аўстрыя стала першай ахвярай гітлерскага экспансіянізму. Хаця абсалютная большасьць аўстрыйскага грамадзтва зусім не лічыла сябе ахвярай. Натоўпы людзей сустракалі з кветкамі і крыкамі “Хайль!” часткі вэрмахта і самога Гітлера, які трыюмфальна прыехаў на радзіму. Венцы і іншыя спадзяваліся разам з немцамі пераадолець балючы постімпэрскі сіндром, на які яны захварэлі пасьля паразы ў І Сусьветнай вайне і распаду сваёй імпэрыі. Далучэньне (па-нямецку Аншлюс) да гітлерскага рэйху дорага каштавала аўстрыйскаму народу, які вельмі моцна пацярпеў ад вайны. Да 1955 г. на палове тэрыторыі Аўстрыі і самой Вены стаялі акупацыйныя савецкія войскі. Краіна нейкім цудам не зрабілася “сацыялістычнай дэмакратыяй”. Гэта была вялікая лекцыя для ўсіх народаў, якіх (наш, напрыклад) крымінальныя авантурысты завабліваюць-заганяюць у чужынскі “аншлюс”.

Валеры Буйвал