СКАНДЫНАЎСКАЯ САГА БЕЛАРУСА
У сваёй манаграфіі “Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў” (Менск, 2002) беларускі дасьледчык Андрэй Катлярчук расказвае пра выдатнага дзеяча нашай эміграцыі, лёс якога таксама зьвязаны з мінулай вайной. Публікуем фрагмэнт кнігі А. Катлярчука (ст. 221-223).
Нарадзіўся Васіль Лукашык у 1905 годзе (за пашпартам — 1911 г.) на Сакольшчыне. Гадаваўся ў Беластоку. Пры польскай уладзе В. Лукашык там скончыў расейскую гімназію, потым вывучаў паліталёгію ў Віленскім унівэрсітэце імя Сьцяпана Батуры. У Вільні Лукашык бярэ актыўны ўдзел у беларускім руху, сябруе зь земляком Станіславам Грынкевічам.
З прыходам саветаў Лукашык стварае на Беласточчыне сетку беларускіх школак. Неўзабаве яго прызначаюць загадчыкам Беластоцкага дзіцячага дому. Зь цягам часу дом перапаўняюць дзеткі рэпрэсаваных саветамі бацькоў.
Захапіўшы Беласток, немцы зачынілі дзіцячы дом, да таго ж на вачох дзетак разбураюць клюмбу з кветкамі ў форме “зоркі”. Ствараючы цывільную адміністрацыю, немцы ставяць Лукашыка бурмістрам Беластоку. Але па даносу ён быў арыштаваны гестапа й напраўлены ў канцэнтрацыйны лягер Асьвенцым (“Аўшвіц”). З Асьвенцыму Васіль Лукашык уцёк. У Варшаве набыў фальшывыя паперы, але падчас чарговай нацысцкай “зачысткі” быў злоўлены і адпраўлены на прымусовую працу ў Нарвэгію. За Палярным колам разам з палоннымі (перадусім савецкімі і польскімі жаўнерамі) Лукашык будаваў стратэгічна важную для нацыстаў дарогу. Тут, у лягеры ён стварае беларускую групу. У 1944 годзе сябры групы ў складзе 10 чалавек чыняць пасьпяховыя ўцёкі зь лягеру праз горы ў Швэцыю. Так пачынаецца швэдзкі пэрыяд ягонай эміграцыі.
У 1948 годзе Васіль Лукашык як прадстаўнік беларускае грамады ў Швэцыі быў дэлегатам Першага сусьветнага зьезду беларускай паваеннай эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы з 28 лістапада па 2 сьнежня.
Выконваючы пастанову зьезду, у тым самым годзе Лукашук разам зь сябрам Язэпам Федарчуком засноўвае “Беларускую Грамаду” (“Vitryssland societet”) у Швэцыі. Суполка атрымлівае юрыдычную рэгістрацыю, выдае Статут Грамады па-швэдзку й па-беларуску, публікуе свае адозвы ў СМІ. (...)
Праца суполкі йшла цяжка. Моцная польская суполка перацягвала ўсіх беластоцкіх беларусаў (а менавіта яны складалі бальшыню сярод нашых суродзічаў у Швэцыі) да сябе, на падставе іх былога польскага грамадзянства. Расейская суполка цягнула да сябе, выкарыстоўваючы тую акалічнасьць, што беларусы былі парафіянамі расейскай праваслаўнай царквы ў Стакгольме. Але дзякуючы непахіснай упартасьці, кіруючаму таленту Лукашыка і Федарчука беларусы здолелі згуртавацца, працаваць і захаваць сваю арганізацыйную структуру на чужыне, якая воляю лёсу стала новай Радзімай. Сябры суполкі ладзілі рэгулярныя сустрэчы, штогадовыя вячэры, прысьвечаныя Дню Волі (25 Сакавіка). Грамада падтрымлівала сувязі з дыяспарай ЗША й Аўстраліі, атрымлівала беларускія газэты й часапісы. Лукашык асабіста супрацоўнічаў з выдаванай у Нью Ёрку газэтай “Беларус” і яе тагачасным галоўным рэдактарам Станіславам Станкевічам.
17 сакавіка 1975 г., за тыдзень да чарговых угодак БНР, Васіль Лукашык раптоўна памёр.
Андрэй Катлярчук