ТРЫВОЖНАЯ НОЧ

Праз некалькі гадоў пасьля падзеяў 11-12 красавіка 1995 года, калі лукашызм выпрастаўся ў поўны рост, пачалося актыўнае стварэньне “гісторыі станаўленьня дыктатуры”. Кур'ёзным чынам да гэтага пісаньня “гісторыі” спрычыніліся нават тыя асобы, хто ў свой час арганізоўваў гэтую дыктатуру, ейную “вэртыкаль”, хто верна служыў ёй (пакуль ня быў выкінуты “на ўзбочыну гісторыі”). Напрыклад, такі дзеяч прамаскоўскай “апазыцыі рэжыму”, як А. Лебедько і некаторыя іншыя.

Асабліва актыўна яны пачалі ўдаваць з сябе герадотаў у 2006 годзе. Мелася на ўвазе так званае “10-годдзе ўсталяваньня ў Беларусі антыканстытуцыйнай дыктатуры” (1996-2006). Барзапісцы называлі першым лукашэнкавым ламаньнем Кастытуцыі падзеі ў лістападзе 1996 года — антыдзяржаўны путч (яны такіх словаў не ўжывалі) або разгон Вярхоўнага Савета Беларусі. Гэтыя дзеячы неяк “забыліся” і ня хочуць успамінаць дагэтуль сапраўды першыя крымінальныя дзеяньні рэжыму, ад якіх менавіта трэба пачынаць пэрыядызацыю адкрытай антынароднай дыктатуры ў нашай краіне.

А забывацца пра гэта ня трэба. Менавіта 11-12 красавіка 1995 года прамаскоўскі рэжым увёў у будынак Парляманту вайсковыя і паліцэйскія часткі і распачаў першы этап здушэньня беларускага грамадзтва. Потым былі наступныя этапы: антызаконны “рэфэрэндум” траўня 1995 года (замена Бел-Чырвона-Белага Сьцяга і гэрба Пагоня антыбеларускімі камуністычнымі сымваламі і ўвядзеньне расейскай мовы ў якасьці дзяржаўнай), напады паліцэйшчыны і спэцчастак на мірныя дэманстрацыі беларускіх патрыётаў у сакавіку 1996 года і г.д.

Зразумела, чаму Лебедько і на яго падобныя не заўважаюць гэтыя этапы нашай найноўшай гісторыі. Яны ў той час знаходзіліся на другім баку барыкады, верна служылі справе станаўленьня антыбеларускага рэжыма. Пакуль не перайшлі ў псэўдаапазыцыю (арыгінальная форма служэньня інтарэсам дыктатуры ў “ценявым” варыянце).

Мне не давялося быць у авальнай зале Вярхоўнага Савета ў тыя дні, калі дэпутаты-фронтаўцы выступілі супраць ламаньня Канстытуцыі і законаў, супраць першага антыбеларускага рэфэрэндума. Я з калегамі дзяжурыў тады ва Управе БНФ “Адраджэньне”, што ў Менску на вул. Варвашэні, 8 (цяпер там знаходзіцца кантора псэўда-Фронта пад камандваньнем “чалавека ў галіфэ” Янукевіча). Мы сачылі па радыё за дыскусіямі ў авальнай зале. Час ад часу атрымоўвалі інфармацыю аб хадзе падзеяў па тэлефоне. Калі стала вядома, што нашы дэпутаты начале з Зянонам Пазьняком распачалі галадоўку пратэсту ў авальнай зале парляманту, сябры-фронтаўцы неяк мабілізаваліся. Тэлефанавалі з розных рэгіёнаў краіны, пыталіся, што рабіць. Усе адчувалі, што адбываюцца надзвычайныя падзеі.

Увечары 11 красавіка я літаральна не адыходзіў ад тэлефона ва Управе. Адказваў на тэлефанаваньні, прымаў і перадаваў інфармацыю, гаварыў з людзьмі, якія прыходзілі ў сядзібу. У малым пакойчыку Управы ў той час адбывалася паседжаньне паліткамітэту (з тых яго сяброў, якія не былі дэпутатамі і ня ўдзельнічалі ў галадоўцы). Тады я ня ведаў, што яны там абмяркоўвалі і што вырашылі, але недзе каля 21:00 яны невялікай грамадой пачалі накіроўвацца да выйсьця. Яны праходзілі каля бюро, за якім я знаходзіўся, вельмі спакойна, нічога не казалі і нават не разьвітваліся, выходзячы на вуліцу. Убачыўшы Ю. Хадыку, я пасьпеў гукнуць яму (ужо ў плечы), што застаюся тут на ноч і буду дзяжурыць. Ледзь павярнуўшыся ў мой бок, Хадыка з звычайным выразам свайго твару адрэагаваў: “Ага, добра, заставайся”. І ўсе пайшлі дахаты. На вечаровую каву. А потым ляглі спаць. (Дарэчы ўсе гэтыя асобы ў 1999 годзе запісаліся ў так званую “новую хвалю” і пасьля расколу Народнага Фронту ўсталі пад сьцяг “прагматызму” у палітыцы).

Я патлумачыў Д. Мікульскай і В. Івашкевічу, якія тады таксама знаходзіліся ва Управе, чаму трэба заставацца і дзяжурыць уначы. Калі нашы сябры, нашы дэпутаты, кіраўніцтва Фронту вядуць такую рызыкоўную акцыю пратэсту, недапушчальна, каб штаб Фронта быў зачынены, а штабныя героі спалі па хатах. Яны пагадзіліся са мной і таксама засталіся дзяжурыць.

Доўгі час не было ніякай інфармацыі, толькі трывожная цішыня і цемра за вокнамі. Я падумаў, што заўтра будзе напружаны дзень і рацыянальна было б даць сабе адпачыць хаця б пару гадзінаў. Пайшоў у вялікую залю і прылёг на крэслы (гэта прыкладна каля трэцяй гадзіны ўначы на 12 красавіка). Толькі я ўладкаваўся і паклаў галаву на пачак кніг, як пачуліся галасы, грукат дзьвярэй. Адзін за адным ва Управу прыходзілі нашы дэпутаты. Напад на іх ужо адбыўся. Іх зьбілі, кінулі ў паліцэйскія машыны, завезьлі ў розныя бакі сталіцы і пакінулі пасярод начнога горада. Натуральна, што многія зь іх накіраваліся ва Управу Фронта. Неабходна было прымаць палітычныя рашэньні, даваць інфармацыю і г.д. І добра, што ва Управе іх сустрэлі калегі, а не зачыненыя дзьверы.

Усе яны былі пад уражаньнем ад перажытага. Гэта быў ня страх і не адчай, але глыбокае перажываньне за лёс краіны. Усе разумелі, што адбылося вялікае злачынства, якое пацягне за сабой сэрыю злачынстваў. Дэпутаты пацярпелі падчас нападу на іх гарылаў рэжыму, на іх была парваная адзежа. Згінаўся ад болю Мікалай Крыжаноўскі, якому бандыты рэжыму моцна пашкодзілі плечы, калі выкручвалі рукі. Як маглі, ім аказвалі першую мэдычную дапамогу. Праз некалькі гадзінаў яны накіраваліся ў судмэдэкспэртызу, каб засьведчыць факт зьверскага зьбіцьця і злачынных дзеяньняў рэжыму.

Пазьней мы даведаліся, што Зянон Пазьняк асабіста даручыў Хадыку як намесьніку старшыні кіраўніцтва структурамі Фронту падчас правядзеньня галадоўкі дэпутатамі ў сьценах парлямэнта. Калі Старшыня З. Пазьняк паведаміў па тэлефоне з авальнай залі намесьніку Хадыку, што трэба зьбіраць людзей перад будынкам Вярхоўнага Савету і арганізоўваць падтрымку галадоўшчыкам, то Хадыка адмовіўся. Ён сказаў, што “у нас тут не дыктатура Пазьняка ў Фронце, каб выконваць ягоныя каманды”. Сказаў і пайшоў вячэраць ды спаць (ён заўсёды прытрымліваўся рацыянальнага здаровага распарадку дня). Гэта быў адзін з шэрагу гнюсных учынкаў гэтай асобы, якая ў мяне і ў многіх людзей асацыюецца з вобразам Іуды Іскарыёта.

Прамінула 15 гадоў з тае трывожнае начы. Міжнароднае і беларускае грамадзтва тады не прадэманстравалі рашучага, адэкватнага пратэсту супраць нараджэньня дзікай дыктатуры. Цяпер наш народ і ўвесь цывілізаваны сьвет пажынае плён той сваёй пасыўнасьці. Дыктатура становіцца праблемай жыцьця і сьмерці для мільёнаў людзей. Народны Фронт, патрыятычны авангард беларускага грамадзтва працягваюць змаганьне за вызваленьне Бацькаўшчыны ад акупацыйнага рэжыму. За гэты час высьветлілася як і чаму паводзілі сябе тыя або іншыя асобы. Але самая галоўная выснова з тых падзеяў наступная — дэпутаты-фронтаўцы баранілі Канстытуцыю і Закон да апошняга і не здавалі свае пазыцыі бяз бою.

Валеры Буйвал