“НЮАНСЫ” І “НЮАНСІКІ”
“Выбухі ў Маскве: “Палова людзей плакала, палова — нічога не разумела”. Так называецца тэкст у жанры агляду “незалежных мэдыяў за 8 красавіка” аўтарства журналіста Радыё Свабода Алега Груздзіловіча. Цытуем тэкст, які прагучаў у эфіры і зьмешчаны на сайце Радыё Свабода:
“Слуцкая газэта “Інфа-кур'ер” зьмяшчае ўражаньні мясцовай жыхаркі, якая аказалася ў маскоўскім мэтро падчас тэрарыстычных актаў. Калі шахідка ўзарвала сябе на станцыі “Парк культуры”, беларуска была на суседняй станцыі”.
Крыніца: http://www.svaboda.org/content/article/2005940.htlm
Прапануем учытацца ўважліва ў гэтую аўтарскую цытату. Асабліва фрагмэнт пра “падрыў шахідкі”. Як вядома, сьледства па справе выбухаў у Маскве яшчэ ня скончана. Нават калі яно будзе скончана, то чакаць ад надта ж відушчай лубянскай Фэміды праўды не даводзіцца (яны вунь праз 70 гадоў не прызнаюцца, што расстралялі тысячы людзей у Катыні). А журналіст Груздзіловіч упэўнена заяўляе, што на станцыі мэтро “Парк культуры” “шахідка ўзарвала сябе”. Сп. Груздзіловіч можа запярэчыць, што такое напісана ў правінцыйнай слуцкай газэце і ён проста пераказаў прачытанае ў “незалежнай мэдыі”. Нагадваем, што ў такім выпадку паводле правілаў журналістыкі (і кожнага жанру пісьменнасьці) трэба было б падкрэсьліць, што гэта ёсьць цытата з опуса слуцкіх пінкэртонаў. Прынамсі замкнуць сказ з гэтай інфармацыяй у двукосьсе, што азначае цытаваньне чужога тэксту. А яшчэ лепш падкрэсьліць сваімі словамі, што так думаюць слуцкія журналісты (бо выказаная інфармацыя надзвычай важная, можна сказаць, ключавая). Дык сапраўды, журналіст Свабоды забыўся пра гэты “нюансік”, або ён падзяляе думку пра аўтараў маскоўскіх выбухаў са слуцкімі калегамі і крыніцамі іхнай інфармацыі?
Нагадаем, што журналісты расейскай рэдакцыі Радыё Свабода аніразу не дазволілі сябе заяўляць ад свайго імя з двукосьсем або без двукосься пра аўтараў маскоўскіх выбухаў. Сваю інфармацыю на гэты ключавы момант трагедыі яны заўсёды суправаджаюць спасылкамі на крыніцу і адэкватнай пунктуацыяй, што тычыцца цытаваньня. Яны ведаюць, што такое ёсьць журналісцкая этыка і што такое ёсьць адказнасьць журналіста перад грамадзтвам. Гэтаму іх вучылі на журфаку ў МГУ. Беларусы, якія вучыліся ў імпэрскіх цэнтрах, добра памятаюць, якая там была грунтоўная школа прафэсійных ведаў.
Ёсьць неабвержныя законы ўспрыняцьця інфармацыі. Чалавек чытае тэкст. Ён або яна ўспрымаюць нейкія выразныя акцэнты, галоўныя думкі, выкладзеныя ў тэксьце. Але, акрамя акцэнтаў, у тэкст бывае непрыкметна ўплецена думка, хутчэй думачка, якую чытач-слухач паглынае аўтаматычна ў агульнай інфармацыйнай плыні. Гэта нават не нюанс прапанаванага тэксту, а гэткі “нюансік”. Але паводле так званага “закону 25-га кадра” гэты нюанс моцна замацоўваецца ў памяці, асабліва калі справа тычыцца нечага важнага. У тэксьце Груздзіловіча мы таксама ня бачым працягу або разьвіцьця думкі пра шахідку-самагубцу. Хаця заявіўшы свой “нюансік”, журналіст павінен быў бы паразважаць пра яе паходжаньне, спосаб, якім яна патрапіла на станцыю мэтро і г.д. Але журналіст перакрочыў праз гэты факт і пайшоў далей у сваім апавяданьні. Ён перакрочыў, а вось у сьведамасьці чытачоў засталося вельмі глыбака ў памяці наступнае: “Шанаванае ўсімі, незалежнае і аўтарытэтнае Радыё Свабода паведаміла, што ўзрыў зрабіла шахідка”.
Сп. Груздзіловіч — не малады або малавопытны журналіст. Беларускія патрыёты памятаюць яго з першых імгненьняў Народнай рэвалюцыі 1988 года. Ён заўсёды быў у цэнтры падзеяў, не баяўся рызыкаваць ня тое што кар'ерай, а нават галавой. Чалавек адукаваны і ўраўнаважаны. Што ж такое здарылася зь ім? Чаму дапушчаны такі прыкры “ляп” на такую нештодзённую тэму? Прызнацца, гэта ёсьць пытаньне з кола пытаньняў пра тое, што здарылася ў 1994 годзе і пазьней з шэрагам даволі яркіх і даволі дэмакратычных журналістаў. Часам складваецца ўражаньне, што гэта не яны самы робяць відавочную дэзу, а нехта іх змушае да гэтага. Не, “змушае” — слова грубае. Лепш інакш: нехта дае ім такое “рэдакцыйнае заданьне”. Хто ёсьць гэты нехта? Хто стаіць за плячыма прафэсіяналаў і арганізоўвае ім “нюансікі”? Чаму дагэтуль беларуская рэдакцыя Радыё Свабода не зрабіла грунтоўны, усебаковы аналіз трагічных падзеяў у Маскве? Гэта ж былі ня проста выбухі ў чужым горадзе. У тым горадзе і той краіне знаходзяцца (працуюць, пакутуюць, гінуць) сотні тысячаў беларусаў і беларусак, загнаных туды антынацыянальнай палітыкай прамаскоўскага рэжыму. І зусім несалідна дзеля адчапнога закранаць тэму маскоўскіх выбухаў у выглядзе малюпасенькага фрагмэнту агляду правінцыйнай прэсы. Тым больш рабіць з гэтай інфармушкі апошні акорд і здаваць справу ў архіў.
Для беларусаў 29 сакавіка пачалося яшчэ 25 сакавіка. На пляцоўцы перад Акадэміяй навук у Менску начальнік менскай міліцыі Фармагей паведаміў у мэгафон сотням людзей, што “група расейскіх грамадзянаў зьбіраецца зрабіць у нас тое, што адбылося 3 ліпеня 2008 года”. Памятаем, што тады, уноч на 4 ліпеня адбыўся выбух, тэракт у цэнтры беларускай сталіцы з дзесяткамі параненых людзей. Радыё Свабода паведаміла 25 сакавіка сёлета пра цікавы факт — выказваньне сп. Фармагея. А 8 красавіка завершыла тэму слабым сьвістам у правінцыйны газэтны сьвісток. І такое не ўпершыню на вельмі сур'ёзныя тэмы (якія грунтоўна і доўгі час абмяркоўваюцца, напрыклад, у расейскай рэдакцыі Свабоды).
Мясцовая рэдакцыя Радыё Свабода не паведаміла пра вельмі важную заяву машыніста аднаго з цягнікоў мэтро, які апынуўся на месцы выбуха 29 сакавіка. Машыніст Белецкій распавёў журналістам: “Той дзень (29 сакавіка) пачаўся з нядобрых знакаў. Два машыністы ў нашым дэпо адмовіліся выводзіць цягнікі на лінію...” Не паведаміла таксама пра “няўвязачкі”, які ўзьніклі ў лубянскага сьледства і лубянскай прапаганды з вобразам “шахідак-падрыўнікоў”. Абедзьвюх маладых жанчын шмат людзей бачылі ў родных мясьцінах у Дагэстане 28 сакавіка, гэта значыць за дзень да выбухаў у далёкай Маскве. Не паведаміла пра шмат чаго важнае.
Беларусы, якія прыязджаюць з Масквы, якраз распавядаюць: людзі ў Маскве перакананы, што выбухі арганізавала ФСБ, а жаночыя целы падкінула на разбомбленыя станцыі. Масквічы стаміліся ад выбухаў, хлусьні, крыві і ня хочуць лавіцца на вуду крамлёўскіх бонзаў, якія імкнуцца распаліць нянавісьць да “ліц кавказкой національності”. Людзі ў многіх краінах заўважылі, што гэтым разам у лубянскага начальства не атрымалася лёгка абвесьці грамадзтва вакол пальца. Надта прымітыўным быў абраны ход, надта лабавымі заявы розных патрушавых ды лужковых.
Імпэрыя Зла імкліва набліжаецца да свайго распаду. Гэта пачынаюць усьведамляць мільёны людзей ва ўсім сьвеце і ў самой Расеі. Ня можа існаваць доўга рэжым, палітыкай якога зьяўляецца дзяржаўны тэрарызм. Імпэрыя абавязкава лясьне. Але баюся, што мясцовая рэдакцыя Радыё Свабода можа “не заўважыць”, празяваць гэты факт, топчучы ваду ў ступе наконт якіх-небудзь чарговых “выбараў” дыктатуры.
Юрка Марозаў