ПАТРЫЯРХ ФІЛАРЭТ: СТВАРЫЦЬ АДЗІНУЮ ЦАРКВУ ВА УКРАІНЕ ЗАМІНАЕ МАСКВА
На афіцыйным сайце Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату (сапраўды Царквы ўкраінскага народу) 8 красавіка было зьмешчана паведамленьне пра інтэрвью, якое даў у Кіеве Патрыярх Украінскай Царквы Філарэт. Ва Украіне ідзе змаганьне за духоўнае адраджэньне нацыі. Як вядома, духоўнае адраджэньне немагчымае пад уладай якіх бы там ні было акупацыйных чужынскіх структураў. Украінскае грамадзтва, сьвятары і вернікі супраціўляюцца спробам Масквы навязаць ім чужую маскоўскую структуру пад назовам РПЦ. Можна быць упэўненым, што калі начале нацыянальнай Царквы стаіць такі першагерарх як Філарэт, то змаганьне за Украіну скончыцца канчатковай перамогай украінскага народу. У маскоўскай “православной організаціі” няма будучыні ні ва Украіне, ні ў Беларусі, ні нават у самой Расеі. Як бачым, і Філарэты бываюць розныя.
Патрыярх Кіеўскі і ўсяе Русі-Украіны Філарэт лічыць, што пазыцыя Расеі перашкаджае стварэньню адзінай Памеснай Праваслаўнай Царквы ва Украіне. Пра гэта ён распавёў на прэс-канфэрэнцыі, паведамляюць “Украінські новини”.
“Што замінае стварыць ва Украіне адзіную Памесную Праваслаўную Царкву? Замінае Масква”, — сказаў Патрыярх. На ягоную думку, у стварэньні адзінай Памеснай УПЦ не зацікаўлены як Расейская Праваслаўная Царква, якая баіцца згубіць значную колькасьць парафіяў і адчувальнага аслабленьня свайго ўплыву, так і ўлада Расеі. “Калі б Расейская Царква не была так шчыльна зьвязана з дзяржавай, то не выконвала б яе волю, не замінала б Царкве ва Украіне аб'яднацца і быць незалежнай”.
“Расея, як вы ведаеце, спіць і бачыць Украіну ў складзе новай імпэрыі, новай дзяржавы, начале якой стаіць Масква”, — сказаў Патрыярх Філарэт. Ён мяркуе, што дамагчыся ўваходжаньня Украіны ў склад такой дзяржавы Расея можа толькі шляхам уплыву праз Царкву. Адначасна, на ягоную думку, у асяродку Украінскіх Цэркваў, асабліва сярод кіраўніцтва Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату, ёсьць усьведамленьне неабходнасьці стварэньня адзінай Памеснай Царквы.
Пры гэтым ён ня змог прагназаваць, ці будзе Прэзыдэнт Віктар Януковіч спрыяць міжцаркоўнаму дыялёгу, зазначыўшы, што пазыцыя Прэзыдэнта што да гэтага пытаньня яшчэ не зразумелая.
Крыніца: http://www.cerkva.info/uk/patriarch/254-moscow-uoc.html
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ