ПОДЗЬВІГ ДЗЯДОЎ. 1939–1945. (ПРАЦЯГ)
Абарона Табрука
Пасьля разгрому Францыі гітлерскай арміяй у чэрвені 1940 года часткі Войска Польскага (там служыла шмат беларускіх афіцэраў і жаўнераў) былі перавезены марскім шляхам у Сірыю, якой тады валадарыла Францыя. Меркавалася паслаць гэтыя войскі ў Грэцыю, але ад гэтага пляну давялося адмовіцца, бо Грэцыя была захоплена немцамі і італьянцамі, брытанская армія была вывезена на караблях у Эгіпет. Польскія часткі былі перавезены ў Палестыну, дзе на працягу некалькіх месяцаў адбывалася перафармаваньне, пераўзбройваньне і баявая вучоба. Пазьней нашых дзядоў паслалі ў Эгіпет. Вайскоўцы будавалі фартыфікайцыйныя лініі (пазьней яны саслужылі добрую службу падчас атакаў на Александрыю і Каір нямецкіх войскаў маршала Ромэля), праводзілі манеўры і ахоўвалі пазыцыі ў раёне Дзікхэйла і Сідзі-Ганэйш.
У сакавіку 1941 года ў Кірэнаіцы (рэгіён Лівіі) пачалася бітва за горад-крэпасьць Табрук. Партовы горад Табрук меў тры паласы абарончых умацаваньняў, якія абаранялі брытанскія, аўстралійскія і індзійскія часткі ад нямецкіх і італьянскіх войскаў пад фактычным камандваньнем Эрвіна Ромэля (італьянскі камандуючы быў фігурай намінальнай). На сушы Табрук быў цалкам абкружаны варожымі войскамі, сувязь са зьнешнім сьветам зьдзяйсьнялася толькі праз марскі порт. Абаронцы з цяжкасьцю адбівалі штурмы варожых войскаў, якія мелі значную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы.
У жніўні 1941 года марскім шляхам у Табрук былі перакінуты польская Аўтаномная Брыгада карпацкіх стралкоў са сваёй артылерыяй і прыдадзены да яе чэхаславацкі батальён пяхоты. Камандвалі аддзеламі генэрал С. Капаньскі, палкоўнік В. Пешка і падпалкоўнік С. Глівіч. Часткі занялі пазыцыі на заходнім участку абароны і прыкрылі фланг аўстралійскіх войскаў.
Ваяваць у гэтых мясьцінах было надзвычай цяжка. Бязьлітасна пякло афрыканскае сонца, не хапала вады. Нямецкая авіяцыя дамінавала ў паветры і рэгулярна бамбіла абаронцаў. Мацнейшую бамбардоўку за ўвесь час шматмесячнай бітвы немцы наладзілі 1 верасьня 1941 года, адзначаючы такім чынам другую гадавіну пачатку вайны. Удзень абаронцы адбівалі атакі ворага. Па начах рабілі сьмелыя вылазкі з мэтай разьведкі і здабыцьця “языкоў”. Жаўнеры польскіх частках даліся ў знакі немцам і італьянцам за свае дзёрзкія начныя рэйды. Ворагі празвалі іх “пацукамі пустыні”.
18 лістапада 8-я брытанская армія зрабіла магутны ўдар звонку, у плечы войскам аблогі, завязалася танкавая бітва пры Сідзі-Рэзэх. 20-21 лістапада польская брыгада выканала ўдалы прарыў паўз шашу на Дэрмэ. Супольнымі намаганьнямі хаўрусьнікі зрабілі “калідор” у варожых баявых парадках. Але Ромэль праз некалькі дзён зноў адрэзаў Табрук ад брытанскіх частак.
Польская брыгада вызначылася ў апошняй фазе абароны Табрука. Заключная бітва працягвалася тры тыдні. Уноч на 10 сьнежня 1941 года брыгада атакавала немцаў і захапіла дамінуючую вышыню Мэдаўвар, а таксама вышыню, называную брытанскім камандваньнем “White Knoll” (“Белы Пагорак”). Наступ разьвіваўся пасьпяхова. Брыгада пагнала немцаў і захапіла мястэчка Акрамэ ў 10 кілёмэтрах ад варожых пазыцыяў. Удзень 10 сьнежня войскі гітлерскай кааліцыі былі адкінуты, аблога Табрука скончылася. Баі працягваліся па ўсёй Кірэнаіцы.
У Польшчы заўсёды захоўвалася памяць пра подзьвіг абаронцаў Табрука. Значныя мэмарыяльныя мерапрыемствы з удзелам вэтэранаў бітвы і дзяржаўнай дэлегацыі Польшчы адбыліся ў Табруку ў 2006 годзе. Для антынацыянальнага рэжыму РБ ніколі не існавала гэтага подзьвігу і гэтай памяці. Памятаю, як у 1994 годзе на мітынгу ў Маладэчне я разгаварыўся з беларускім вэтэранам, які ваяваў пад Табрукам (я нават не спытаў яго прозьвішча). Ён паскардзіўся мне, што ніхто ня хоча друкаваць ягоныя мэмуары. Рэжым і дзялкі ад псэўдаапазыцыі не цікаваліся такім матэр'ялам, у іх былі і ёсьць зусім іншыя тэматычныя прыярытэты.
Абавязкава трэба дасьледваць гэтую тэму, высьветліць імёны ўсіх нашых дзядоў, што ваявалі ў Паўночнай Афрыцы. Трэба апублікаваць у Беларусі фотаздымкі тых гадоў, многія зь якіх ужо апублікаваны ў Польшчы і іншых краінах: беларусы разам з польскімі вайскоўцамі ў Ерусаліме каля Храма Гроба Гасподняга, у Гізе на фоне Сфінкса і Вялікіх Пірамід, атакі пасярод агня і пяскоў пустыні...
Блакада
Тысячы беларускіх вайскоўцаў змагаліся на Ленінградзкім фронце і пакутвалі падчас блакады Ленінграда (верасень 1941 — студзень 1944). Два найбольш вядомых зь іх загінулі ў віры гэтай каласальнай чалавечай трагедыі.
Віцэ-адмірал Валянцін Дрозд (1906-1943) быў у Ленінградзе з самага пачатку блакады горада. Ён камандваў эскадрай караблёў, якія абаранялі горад над Нявой.
Валянцін Дрозд нарадзіўся на станцыі Кашалёва (цяпер — горад Буда-Кашалёва на Гомельшчыне). Скончыў Ваенна-марскую вучэльню імя Фрунзе ў Ленінградзе (1928), служыў на Балтыйскім флёце. Падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936-39) быў інструктарам-дарадчыкам рэспубліканскага флёту. З 1938 г. камандваў Паўночным флётам, удзельнічаў у савецка-фінскай вайне (1939-40). Атрад караблёў пад ягоным камандваньнем у жніўні 1941 года зрабіў трагічны пераход з Таліна ў Кранштадт, калі флёт панёс вялікія страты. У лістападзе-сьнежні 1941 г. ягоны атрад караблёў правёў эвакуацыю абаронцаў паўвыспы Ханка. Загінуў беларускі флётаводзец на лядовай трасе пад Кранштадтам у студзені 1943 г.
Хвядос Смалячкоў (1923-1942) быў лепшым снайперам Ленінградскага фронта. Адным з першых у чырвонай арміі беларус пачаў весьці прыцэльны агонь па гітлерцах. Яму даручылі адбор жаўнераў і іх спэцыяльную падрыхтоўку. Смалячкоў за некалькі месяцаў падрыхтаваў 10 снайпераў і сам зьнішчыў 125 нямецкіх жаўнераў і афіцэраў, прычым страляў толькі 126 разоў. Немцы загадалі сваім лепшым снайперам паляваць на яго. Герой загінуў у студзені 1942 г.
Хвядос Смалячкоў нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў вёсцы Падгор'е Быхаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Паехаў у Ленінград, дзе скончыў школу ФЗУ. Да вайны працаваў каменшчыкам на будоўлі.
На мой погляд, у супярэчлівай і кан'юнктурнай творчасьці скульптара Заіра Азгура пластычны партрэт беларускага жаўнера Хвядоса Смалячкова ёсьць найвышэйшым дасягненьнем і сапраўдным творчым посьпехам. Зроблены паводле фотаздымка, партрэт атрымаўся поўны жыцьцёвай выразнасьці. Твар юнака, ягоная цёплая ўсьмешка ёсьць люстрам душы беларуса.
Валеры Буйвал