ЦЫРКАВЫЯ НУМАРЫ НА ПАЛІТЫЧНАЙ АРЭНЕ АЛЬБО ЯК ПСЭЎДААПАЗЫЦЫЯ ПРАЦЯГВАЕ СВАЮ АНТЫНАРОДНУЮ ГУЛЬНЮ
Радыё Свабода паведаміла 5 красавіка пра сход “лідэраў” 13 (вельмі сымвалічная лічба) партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў. Былі названыя сярод іншых калякінскі “Справедлівый мір” (камуністы), “Партыя БНФ” (псэўда-Фронт начале з “чалавекам у галіфэ” Янукевічам), АГП, мілінкевіцкі “Рух за свабоду”, БХД і яшчэ некалькі мікраскапічных структурак, аб якіх наша насельніцтва даўно ня чула. “Лідэры” абмяркоўвалі хаду “выбарчай кампаніі”. І прынялі “сумесную заяву”. Цытуем паводле Радыё Свабода: “Выбараў у Рэспубліцы Беларусь па-ранейшаму няма. І значыць, няма падставаў для прызнаньня цяперашняй выбарчай кампаніі адпаведнай стандартам свабодных і справядлівых выбараў. Вынікі, якія ўлада абвесьціць пасьля дня выбараў 25 красавіка 2010 года, ня могуць лічыцца адлюстраваньнем волі беларускіх выбарцаў”.
Трэба было б чакаць, што аўтары заявы зробяць выснову, што, калі гэта ня выбары, то і ня трэба удзельнічаць у іх, а трэба абвясьціць байкот гэтаму акту несправядлівасьці і рэжымнага антызаконьня. Лагічнай была б выснова, што яны заклікаюць народ ня ісьці на выбарчыя ўчасткі і ня ўдзельнічаць у фарсе. Такой высновы “лідэры апазыцыі” не зрабілі. У фінале заявы яны напісалі нешта пра “непрызнаньне міжнароднай супольнасьцю ўсіх папярэдніх выбараў легітымнымі”. Забыліся дадаць, што яны актыўна самы ўдзельнічалі ва ўсіх тых нелегітымных выбарах дыктатуры і актыўна зазывалі беларусаў удзельнічаць у іх.
“Лідэры” канстатавалі, што “выбараў па-ранейшаму няма”, і вярнуліся ў свае выбарчыя штабы. Яны працягваюць удзел у выбарчай кампаніі, не зьнялі сваіх кандыдатаў і агітуюць народ пайсьці прагаласаваць за іх на выбарчыя ўчасткі. Толькі вось народ ужо не паддаецца на зазываньне псэўдаапазыцыі. Па ўсёй Беларусі большасьць шчытоў з надпісам “Выборы-2010” стаяць пустымі. Да рэдкіх, кволых пікецікаў псэўдаапазыцыі людзі не падыходзяць, даючы магчымасьць пікетчыкам варыцца ва ўласным саку.
Паводзіны згаданых “лідэраў” і іхных структураў яшчэ раз выразна паказваюць, што гэта ёсьць несамастойныя палітычныя целы. Яны кіруюцца чужымі рукамі паводле прынцыпу марыянэткавага тэатру. Яны падпарадкоўваюцца не нацыянальным інтарэсам нашага народу і нашай дзяржавы, а нейкім сваім прыватным інтарэсам. Яны выконваюць чужую волю, бо гэта ім пэрсанальна выгадна.
Псэўдаапазыцыя падманвае беларускі народ, спрабуе разам з антынародным рэжымам маніпуляваць нашымі людзьмі. Але людзі на “выбары” ісьці не зьбіраюцца. Таму мы назіраем такія цыркавыя нумары на палітычнай арэне.
Янка Базыль