ПОДЗЬВІГ ДЗЯДОЎ (1939–1945)

У гэтыя дні ў многіх краінах людзі ўспамінаюць трагічныя падзеі Другой сусьветнай вайны. Набліжаецца 65-я гадавіна перамогі краінаў антыгітлерскай кааліцыі над Нямеччынай і яе хаўрусьнікамі. Урады і грамадзтвы ўшаноўваюць вэтэранаў, якія жывуць, успамінаюць герояў і ахвяраў вайны. Адбываюцца мэмарыяльныя мерапрыемствы на месцах баёў, у музэях, каля помнікаў і магіл палеглых. Зьяўляюцца новыя навуковыя дасьледваньні, фільмы, кнігі і мастацкія творы. Новыя пакаленьні хочуць ведаць праўду пра тую вайну, пра паводзіны ўрадаў і генэралаў, пра подзьвіг жаўнераў, пра прычыны і вынікі чалавечай трагедыі, што зьмяніла сьвет.

Вайна абпаліла нашу Беларусь, прынесла нашаму народу незьлічоныя страты і пакуты. Беларусы ваявалі супраць фашызма на ўсіх франтах Сусьветнай вайны: у руінах Сталінграда і ў Лівійскай пустыні, на Мурманскім беразе і пры Монтэ-Касіна. Беларусы абаранялі Ленінград і Каір, штурмавалі Балонью і Берлін, білі ворага на роднай зямлі. Маракі-беларусы прайшлі змагарным шляхам праз усе моры і акіяны, дзе адбываліся марскія бітвы Сусьветнай вайны.

Мы не павінны забывацца пра няўдзячны лёс нашай Беларусі пасьля вайны. Беларусь аказалася адзінай з дзяржаваў-пераможцаў, якая пацярпела тэрытарыяльныя страты ў выніку вайны. Імя пераможцаў-беларусаў растварылася ў чужой славе. На Захадзе ўсіх нашых жаўнераў, што ваявалі ў Войску Польскім, натуральна называлі “палякамі”, а тых, хто ваяваў у партызанскіх атрадах у Італіі, Францыі і Славакіі, называлі “рускімі”. На Усходзе на тых, хто ваяваў у чырвонай арміі, назаўжды паставілі таўро “рускіх” або “савецкіх”. Нашы героі вярталіся на Радзіму і зноў траплялі ў маскоўскі імпэрскі палон, калгаснае рабства, многія ўжо пасьля вайны загінулі ў ГУЛАГу. На Захадзе беларусам таксама давялося нясоладка. “Удзячныя” брытанцы, пабачыўшы людзей у польскіх уніформах, агрэсіўна крычалі “Polish, go home!” Адзіны прывілей, які мелі жаўнеры, гэта быў дазвол начаваць у лёнданскім мэтро.

У гэтым ёсьць трагедыя пакаленьня, больш таго, усіх пакаленьняў нашага народу, якія жылі пад чужынскай акупацыяй. Гэта прадэманстравалі ўсе ваенныя канфлікты 19-га стагоддзя, калі Расея ад свайго імя кідала ў полымя вайны тысячы беларусаў. У яшчэ большых маштабах наша нацыянальная трагедыя (трагедыя безыменнага народа) разгарнулася ў 20-м стагоддзі. Першая і Другая сусьветныя войны, маскоўскае ўварваньне ва Угоршчыну (1956) і Чэхаславакію (1968), Аўганская вайна (1979-89) і шэраг іншых ваенных авантураў Крамля — усё гэта прадэманстравала адну абсалютную ісьціну. Калі да змагарнага авангарда не далучаецца большасьць нацыі, — то вораг захоплівае нацыянальную дзяржаву (так як гэта здарылася ў 1795 годзе з нашым Вялікім Княствам, падчас паўстаньняў 1830-31 і 1863-64 гадоў, у 1918-20 гадах з нашай БНР). Той, хто ў рашаючы момант не далучаецца да свойго войска, той будзе карміць чужое і будзе служыць і ваяваць за чужыя інтарэсы. Так яно аб'ектыўна і здарылася ў 1939-45 гадах. Простая, як соль, праўда актуальная для ўсіх пакаленьняў беларусаў, у тым ліку і для нашага. Людзі, якія не шануюць сваёй мовы і сваёй нацыі, ня будуць шанаваныя ніколі і нідзе. Сваёй дзяржавы і свайго шчасьця яны мець ня будуць.

Гісторыя беларускага змаганьня на Усходзе больш менш вядома нашым людзям, няхай сябе і ў скрыўлена-савецкай трактоўцы. Подзьвіг беларусаў на Захадзе да апошняга часу быў табу для беларускай навукі і нашага грамадзтва. Беларускія вэтэраны маўчалі або распавядалі шэптам пра сваю адысею. Сапраўднай навіной у гэтай тэме было выданьне ў 2006 годзе (вельмі малым накладам і ў Пецярбурзе) кнігі маладога беларускага гісторыка Юры Грыбоўскага “Беларусы ў польскіх рэгулярных вайсковых фармаваньнях 1918-1945 гадоў”. Яна адразу ж зрабілася бібліяграфічным рарытэтам. Зразумела, што пад антыбеларускім рэжымам не даводзіцца чакаць яе перавыданьня або новых адкрыцьцяў.

Савецкая псэўданавука і фальшывая прапаганда пачыналі адлік храналогіі ІІ Сусьветнай вайны (пад сталінскім эўфэмізмам “велікой отечественной войны”) з 22 чэрвеня 1941 года. Беларусам даўно ўжо пара аддаць гэтыя храналагічныя гульні назад у Маскву. Для нашага народа сусьветная вайна пачалася 1 верасьня 1939 года. Немцы бамбілі Горадню, Баранавічы і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Беларускія жаўнеры і афіцэры Войска Польскага з першых імгненьняў нямецкай агрэсіі ўступілі ў бой на Вэстэрплятэ пад Гданьскам. У баях з японскай Квантунскай арміяй у Манчжурыі (жнівень 1945 года) беларусы скончылі свой баявы шлях у вайне.

Мы распачынаем новую рубрыку, прысьвечаную змаганьню беларускага народу ў Сусьветнай вайне, — “Подзьвіг дзядоў (1939-1945)”. Мы ня маем на мэце храналагічны выклад падзеяў вайны. Подзьвіг кожнага чалавека, кожнага палка — самакаштоўны. Подзьвіг нашых дзядоў, якія на роднай зямлі і ў далёкіх краях змагаліся за Беларусь і за вызваленьне чалавецтва, не павінен быць забыты. Не павінны чужынцы бясконца выкарыстоўваць беларусаў у якасьці падсобнага матэр'ялу для сваёй гісторыі. Трэба ведаць праўду пра беларускіх герояў і ганарыцца імі.

Бітва за Нідэрлянды

У верасьні 1944 года брытанскі фэльдмаршал Мантгомэры распачаў апэрацыю пад крыптонімам “Маркэт-Гардэн” з мэтай прарыву саюзных войскаў праз тэрыторыю Нідэрляндаў у Нямеччыну. Меркавалася захапіць прамысловую Рурскую вобласьць Нямеччыны і завяршыць вайну да Калядаў 1944 года. “Маркэт-Гардэн” зьяўляецца найбуйнейшай паветрана-дэсантнай апэрацыяй у ваеннай гісторыі. У тыле немцаў высаджваліся цэлыя дывізіі брытанскіх і амэрыканскіх дэсантнікаў, насустрач ім прарываліся сухапутныя войскі з тэрыторыі Бэльгіі. Актыўны ўдзел у апэрацыі ўзялі аддзелы Войска Польскага (тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў). Нагадаем, што пасьля разгрому Польшчы ў верасьні-кастрычніку 1939 года 20 тысячаў беларускіх вайскоўцаў адышлі ў шэрагах Войска Польскага ў Румынію, а потым працягнулі змаганьне супраць немцаў у Францыі і Брытаніі. У 1942 годзе да іх далучыліся выведзеныя з Сібіры ў Паўночную Афрыку, а потым на Захад часткі Польскай арміі генэрала Андэрса, сфармаванай з вайскоўцаў, узятых у палон саветамі ў 1939 годзе (таксама тысячы беларусаў з Заходняй Беларусі, значна менш украінцаў).

На пяты дзень апэрацыі “Маркэт-Гардэн”, 21 верасьня 1944 года над Нідэрляндамі, каля горада Арнхэм дэсантавалася частка польскай паветрана-дэсантнай брыгады пад камандваньнем генэрала Сасабоўскага. Беларускія вэтэраны ўспаміналі гэты дэсант: “Немцы стралялі па нас, як па курапатках...” Астатняя частка брыгады высадзілася праз тры дні ў раёне Гравэ. Жаўнеры высаджваліся проста на галовы немцам і вялі цяжкія баі, маючы толькі лёгкую зброю. Супрацьтанкавая артылерыя брыгады з жаўнерамі абслугі высадзілася раней з брытанцамі і змагалася на іншым участку арнхэмскага фронту. Польскія батальёны два разы фарсіравалі Рэйн пад шквальным агнём і зьнішчалі нямецкія аддзелы.

Мантгомэры і іншыя лічылі, што нямецкая армія канчаткова дэмаралізавана, але гэта была памылка. Немцы сабралі рэзэрвы і пачалі контрнаступ. Рызыкоўная брытанская апэрацыя правалілася, быў аддадзены загад на адступленьне. Упершыню за ўсю вайну камандваньне загадала не забіраць з сабой параненых, каб не замаруджваць адступленьне. На апошняй фазе бітвы, уноч з 25 на 26 верасьня польскія часткі прыкрывалі сабой адступленьне 1-й брытанскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Страты Войска Польскага склалі 40% забітымі і параненымі.

Каб падмануць ворага, брытанцы ў той самы час арганізавалі наступ на поўдні Нідэрляндаў у раёне горада Аксэль. Гэта быў падманны манэўр, каб адцягнуць увагу ад галоўнага ўдару на Арнхэм-Эйндховэн. На гэтым участку вызначыліся сапёрныя часткі Войска Польскага (шмат беларусаў). Пад агнём ворага яны будавалі масты праз рэчкі і забясьпечвалі наступ брытанскіх частак. Загінула і было паранена вельмі шмат жаўнераў і афіцэраў.

Увесну 1945 года войскі антыгітлераўскай кааліцыі пачалі канчатковае вызваленьне Нідэрляндаў. 8 красавіка ў складзе першага эшалёну канадскай арміі у бой уступіла 1-я польская танкавая дывізія генэрала Мачка (шмат беларускіх вайскоўцаў). Дывізія мела загад адрэзаць нямцекія войскі ў паўночнай Галяндыі ад тэрыторыі Нямеччыны. Дывізія выканала сваю задачу, потым ўступіла на тэрыторыю Нямеччыны і з баямі заняла нямецкі горад Вільгэльмсгафэн.

Вядома, што ў наш час даволі шмат маладых беларусаў езьдзіць у Нідэрлянды. Знайдзіце час, завітайце на мясцовыя вайсковыя могілкі, ускладзіце кветкі на магілы беларускіх герояў, перадайце ім прывятаньне ад роднай зямлі.

У небе над Курскай дугой

Подзьвіг беларускага аса павінны вывучаць ва ўсіх вайсковых акадэміях сьвету. 6 ліпеня 1943 года, на самым пачатку гіганцкай бітвы на Курскай дузе 28-гадовы старэйшы лейтэнант Аляксандр Гаравец уступіў ў бой з нямецкімі бамбавікамі. Адзін супраць дваццаці самалётаў. Беларус зьбіў 9 нямецкіх самалётаў, але і сам загінуў у няроўным баі. Дагэтуль ніхто ня здолеў паўтарыць гэты геройскі учынак і прадэманстраваць такое баявое майстэрства.

Аляксандр Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Машканы Сеньненскага павета Магілеўскай губерніі. Вучыўся ў Полацкім лясным тэхнікуме. Скончыў віцебскі аэраклюб, Ульянаўскую лётную школу (1935). Зрабіў 74 баявых вылеты, зьнішчыў 11 самалётаў і шамт наземнай тэхнікі ворага ў баях на Паўночна-Каўказкім і Варонежскім франтах.

З архіўнага фотаздымка на нас глядзіць малады, прыгожы, сьветлы твар беларускага юнака. Нельга забываць нашых дзядоў, нашых славутых продкаў, што аддалі свае жыцьці за Беларусь. Нельга змарнаваць нашу народную славу.

Зээлаўскія вышыні

Я добра памятаю гэтую бабулю. Марыю Бязборшчую усе ведалі на беліцкай ускраіне Гомеля. Заўсёды з усьмешкай, яна прыязна ставілася да ўсіх людзей, у тым ліку і да нас, малых дзяцей. А ў пасьлясталінскі час было даволі нетыпова праяўляць у паводзінах сэнтымэнтальнасьць, жыць з адкрытай душой. Беларусы, агаломшаныя дзесяцігоддзямі сталіншчыны, усё ніяк не маглі выпрастацца, выйсьці з шоку, усё яшчэ не здымалі з сэрца іржавы сьвіраны замок савецкага страху. Спадарыня Марыя вырасьціла дзяцей і ўнукаў, пабудавала з сям'ёй вялікі дом. Толькі праз гады мне расказалі гісторыю жаўнерскай удавы.

Мужа спадарыні Марыі забралі ў чырвоную армію ў кастрычніку 1943 года, адразу пасьля таго, як немцаў выбілі з Нава-Беліцы на другі бераг Сажа. Жаўнеру Бязборшчаму сапраўды пашэнціла. Ён быў сярод тых 5-10% з дзесяткаў тысячаў юнакоў і мужчын Гомельшчыны, якія ацалелі ў першых баях пад камандваньнем крамлёўскіх “геніяў”. Нашых дзядоў ледзь узброілі, нічаму не навучылі і адразу кінулі ў лабавыя атакі на нямецкія кулямёты. Амаль заўсёды без артылерыйскай і авіяцыйнай падтрымкі. Дзікая руская тактыка называлася “грудью, товарищи!” Палітрукі-камісары называлі гэты прыём больш цынічна: “искупить вину”. Мелася на ўвазе “віна” беларусаў, якія выжылі пад нямецкай акупацыяй. Страты ў батальёнах гомельскіх навабранцаў былі жахлівыя. Тыя зь іх, хто вяртаўся паранены на некалькі дзён дадому, шэптам распавядалі сямейнікам пра жудасную бойню, у якую кінулі нашых людзей саветы.

Беларус Бязборшчы мужна ваяваў супраць немцаў у Беларусі і Польшчы. У 1945 годзе лісты ад яго пачалі прыходзіць зь Нямеччыны. У красавіку жаўнер радасна пісаў жонцы і дзецям, што вайна канчаецца, што ўсе чакаюць вяртаньня дадому. І раптам сям'я атрымала “пахаронку”. Жаўнер Бязборшчы загінуў на Зээлаўскіх вышынях.

Мацнейшым участкам кальца абароны нямецкай сталіцы былі Зээлаўскія вышыні, ператвораныя гітлерцамі ў магутны бэтонны абарончы комплекс. “Савецкі геній” маршал Жукаў аддаў 1-му Беларускаму фронту загад на лабавы штурм вышыняў. Іншых загадаў, як вядома, у кар'еры крывавага монстра не было: заўсёды “у лоб” і заўсёды ня лічачыся з чалавечымі стратамі. Гэтым разам, аднак, “геніі” уразнастайнілі свой праект. Атака павінна была адбыцца ўначы, у вочы немцам павінны былі біць сьвятлом 140 моцных пражэктараў, узятых з зэнітных установак. Меркавалася асьляпіць і дэмаралізаваць няпрыецеля. Савецкая гістарыяграфія дагэтуль выхваляецца генэральскім вынаходніцтвам. У вядомым кінасэрыяле “Освобожденіе” эпізод з пражэктарамі паказаны як трыюмф савецкай ваеннай дактрыны.

На самой справе ўсё было зусім інакш. Уначы 16 красавіка атака пачалася, мільён чырвонаармейцаў пайшлі на 100 тысячаў немцаў. У мэмуарах генэрала Чуйкова апісаны гэты момант: “Я спытаў у Жукава: “Чаму яшчэ не ўключылі пражэктары?”...

Іх уключылі, але іхнае сьвятло гублялася пасярод выбухаў і ўспышак артылерыйскага агню і авіябомбаў. Моцныя прамяні зьмешваліся з пылам і дымам, абцяжарвалі арыентацыю для наступаючых войскаў і камандваньня. Жукаўская “інавацыя” скончылася поўным правалам. Вышыні былі ўзяты праз некалькі дзён бесперапынных атакаў па трупах, што ляжалі ў некалькі слаёў (як заўсёды ў Жукава). Берлінская апэрацыя каштавала 200 тысячаў жыцьцяў (некаторыя гісторыкі называюць лічбу ў 300 тысячаў забітых чырвонаармейцаў). Страты танкавых частак, якія Жукаў загнаў на вуліцы нямецкіх гарадоў і мястэчак, наблізіліся да 95% (іх лёгка падпальвалі нават 12-гадовыя падлеткі з гітлер-югэнда). І гэта ўсё ў апошнія дні вайны!

За ўсю вайну аніводзін амэрыканскі або брытанскі генэрал не дазволіў сабе такой “тактыкі” і “стратэгіі”. Ім было “далёка” да мангольскай манеры крамлёўскіх начальнікаў.

На Эмільянскім гасьцінцы

У баях за вызваленьне ад немцаў Цэнтральнай Італіі вызначыліся жаўнеры 2-га Польскага корпуса і трох прыдадзеных да яго брыгад (сотні беларускіх жаўнераў і афіцэраў). Яны атрымалі загад вызваліць старажытны горад Балонью, адну з пэрлаў італьянскай цывілізацыі. Наступ пачаўся 9 красавіка 1945 года. Аддзелы корпуса фарсіравалі раку Сэніа і рушылі на Балонью. Атака працягвалася і па начах пры яркім сьвятле пражэктараў, усталяваных на танках. Вызваліцелі ішлі па гістарычным, пабудаваным яшчэ антычнымі рымлянамі Эмільянскім гасьцінцы.

17 красавіка над ракой Гаёна польскія часткі сутыкнуліся зь нямецкай 1-й паветрана-дэсантнай дывізіяй, якая ў траўні 1944 года абараняла пазыцыі на Монтэ-Касіна па дарозе на Рым. Наогул, гэта была ўжо трэцяя сустрэча Войска Польскага з гэтай элітнай нямецкай часткай. У лютых баях гітлерская дывізія была ўшчэнт зьнішчана. Польскія аддзелы настолькі хутка ішлі наперад, што траплялі пад “сяброўскі агонь” (“friendly fire”) амэрыканскай авіяцыі, бо лётнікі прымалі іх за адыходзячыя нямецкія часткі. Увечары 20 красавіка корпус імкліва падышоў да Балоньі. Перадавыя часткі патрапілі пад абстрэл амэрыканскай артылерыі, бо амэрыканцы былі ўпэўнены, што на дарозе могуць быць толькі немцы.

21 красавіка аддзелы корпуса прарваліся ў цэнтар горада, а асноўная частка корпуса працягнула пагоню за ворагам на ўсход і поўнач ад Балоньі. Натоўпы жыхароў Балоньі віталі вызваліцеляў з імпэтам, уласьцівым італьянцам. Жаўнераў засыпалі кветкамі і пацалункамі. У той жа час народ адлоўліваў паўсюль мясцовых фашыстаў і без суда распраўляўся зь імі (такое адбывалася паўсюль у вызваленай Эўропе: немцаў бралі ў палон, але зь мясцовымі здраднікамі не цырымоніліся).

У баях за вызваленьне Італіі ў 1944-45 гадах бралі ўдзел Юры Налівайка з Беласточчыны, Мікалай Бутар з Вялейшчыны, Рыгор Піваварчык з Лунінца, Язэп Жукевіч з Горадзеншчыны, Зьміцер Прыбалавец са Століншчыны, Уладзіслаў Млечка з Даўгінава на Вялейшчыне, Аляксандр Дарапіевіч з Берасьцейшчыны, Аляксандар Бочка (цяпер Надсан — каталіцкі сьвятар, Апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў, рэлігійны дзеяч беларускай дыяспары, жыве ў Лёндане) і тысячы іншых беларускіх герояў. Многія зь іх загінулі і пахаваны на польскіх вайсковых могілках, якія ёсьць у розных раёнах Італіі.

Валеры Буйвал