ФАШЫСТЫ АХОЎВАЮЦЬ “ПУЦІНСКУЮ МОЛАДЗЬ” У МАСКВЕ

Расейская “Новая газета” 2 красавіка раскрыла чарговую тайну палішынэля. Многія інтэрнэт-выданьні пакарысталіся гэтай цікавай інфармацыяй. Прапануем вашай увазе тэкст, апублікаваны на Lenta.ru пад тытулам “Новая газета” знайшла нацыстаў на крамлёўскім мітынгу супраць тэрора”.

У ахове мітынга пракрамлёўскіх маладзёвых арганізацый “Молодая гвардія” і “Россія молодая” 31 сакавіка на Трыюмфальнай плошчы ў Маскве бралі ўдзел актывісты нацыяналістычнага руху “Славянскій Союз”, сьцьвярджае “Новая газета”.

Выданьне апублікавала фотаздымкі з мітынга, на якіх паказаны людзі, вядомыя сваёй прыналежнасьцю да акцыяў “СС”. У прыватнасьці, на фотаздымках фігуруюць Віталій Грішін і Владімір Максімов па мянушцы “Портос”. Некаторыя зь іх носяць бэйджы “Дружына” — гэта арганізацыя была заяўлена ў якасьці забеспячальніка парадку на мітынгу.

Генэральны пракурор РФ Юрій Чайка называў створаны ў 1999 годзе “Славянскій Союз” у ліку найбольш актыўных экстрэмісцкіх арганізацый, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі.

26 сакавіка 2010 года Генпракуратура РФ прыпыніла дзейнасьць сталічнага аддзяленьня “СС”. Дзейнасьць арганізацыі прыпынена пракуратурай да рашэньня суда, якому належыць альбо дазволіць арганізацыі працягнуць дзейнасьць, альбо канчаткова закрыць яе. Адпаведная заява ўжо накіравана ў Масгарсуд.

Масквіч Ніколай Королёв, які зьяўляўся членам “Славянского Союза”, у 2008 годзе быў прыгавораны да пажыцьцёвага заключэньня за зьдзяйсьненьне цяжкіх злачынстваў на нацыянальнай глебе. У прыватнасьці, Королёв быў прызнаны вінаватым у арганізацыі выбуха на Чаркізаўскім рынку ў Маскве. У выніку гэтага тэрарыстычнага акта загінулі 14 чалавек, у тым ліку двое дзяцей, і каля 50 чалавек былі паранены. (У тым выбуху на Чаркізаўцы загінула таксама жанчына-беларуска — заўвага рэдактара).

Мітынг “Молодой гвардіі” і “Россіі молодой”, які праводзіўся 31 сакавіка 2010 года на Трыюмфальнай плошчы ў Маскве пад лёзунгам “Пакаленьне супраць тэрора”, быў прысьвечаны памяці загінуўшых у выніку тэрактаў 29 сакавіка на станцыях сталічнага мэтро “Лубянка” і “Парк культуры”-радыяльная.

(пераклад з расейскай)

Крыніца: http://lenta.ru/news/2010/04/02/soyuz/

Наш камэнтар: Памятаем і мы вельмі добра існаваньне ў Беларусі мясцовага “СС”. На прыканцы 1990-х — на пачатку новага тысячагоддзя шмат шуму нарабіў у нас такі “Славянскій Союз — Белая Русь”. Структурка надзьмувалася з дапамогай у тым ліку і “незалежных” журналістаў (на самой справе на піку яе дзейнасьці “СС” мела 170 зарэгістраваных членаў). “СС” зьвягала на беларускіх патрыётаў, на Беларускі Народны Фронт, прэтэндавала быць авангардым “воссоедіненія народов РФ і РБ в союзное государство”. У некаторых беларусаў нават склалася ўражаньне, што мясцовае расейскае “СС” сапраўды складае сур'ёзную палітычную канкурэнцыю Народнаму Фронту. Але ўсе бачылі, што антыбеларускі, фашыстоўскі стыль лексікі і паводзінаў не прываблівае ў “СС” людзей і што там круцяцца выключна заангажаваныя лубянскай канторы дзеячыкі. Зянон Пазьняк прызнаваў небясьпеку любой праявы расейскага фашызма ў нашай краіне, але прадказваў тады, што як толькі Масква спыніць фінансаваньне гэтай крэатуры, эсэсманы адразу ж разьбягуцца. Так яно і здарылася недзе ў 2001 годзе.

У Расеі з фашызмам усё значна маштабней і грунтоўней. Там ёсьць цэлыя легіёны аматараў гітлершчыны-сталіншчыны, там шмат хто арганізавана крычыць “Хайль!” Аматараў ачольваюць прафэсіяналы з лубянскімі пагонамі пад чорнымі і карычнявымі кашулямі. Час ад часу даходзіць да жудасных злачынстваў і крывавых эксцэсаў. Фашысты зрываюцца з лубянскага ланцуга і робяць клопат сваім гаспадарам. Некаторых зь іх судзяць і саджаюць, але іхная справа існуе і пашыраецца на рускіх прасторах.

Вось і гэтым разам нібыта прыпыненыя-забароненыя да вэрдыкту суда фашысты засьвяціліся на афіцыйным мітынгу “супраць тэрора”. Кур'ёзна, арганізатары вышэй згаданага выбуха 23 лютага 2008 года на Чаркізаўцы ў Маскве наляпілі на сябе бэйджы “Дружына” і ахоўвалі пуцінскую моладзь. Такога, здаецца, не было ў гісторыі краінаў: тэрарысты ахоўвалі мітынг “супраць тэрора”. Але ў Расеі ўсё магчыма...

Нават прызвычаяныя да ўсяго масквічы былі шакаваныя. Сапраўды многія людзі пайшлі на месцы тэрактаў, каб памянуць ахвяраў. Ускладалі кветкі, маліліся з апушчанымі галовамі, перажывалі агульную бяду няшчаснага народа. А Пуцін-Медведев па сьвістку сабралі на Трыюмфальнай плошчы некалькі тысячаў сваіх гопнікаў, якія пад роў музыкі віхляліся і гукалі нешта аптымістычна-агрэсіўнае. Дык вось, гэтых ахоўвалі ня толькі міліцыя і гэбэ, але і засьведчаныя расейскія фашысты з “СС”. Супадзеньне, выпадковасьць? Наўрад ці. Кантора мабілізавала сотні “своіх ребят” з шэрагаў мясцовых фашыстаў на сваю блюзьнерскую масоўку. “Ребята” ня крыюцца, не хаваюцца пад маскамі. На фота бачна, як яны сьмяюцца і як задаволены сабой. Гэта ёсьць іхная ўлада і іхная краіна.

Па сігналу з Масквы ўсе без выключэньня СМІ сьвету пачалі друкаваць фота і тэксты пра маладзенькіх чачэнскіх удоваў, якія нібыта зрабілі выбухі ў маскоўскім мэтро. Сэнсацыйная экзотыка пайшла, як прывабны тавар з малатка. Толькі рэтранслятары маскоўскай інфармацыі забыліся паведаміць сваім суграмадзянам адно вельмі важнае: хто вядзе гэты аўкцыён сэнсацыяў. Няхай бы яны задаліся пытаньнем: чаму тэрарысты ў адкрытую ахоўваюць афіцыйную акцыю нібыта “супраць тэрору”? І адкуль такая “апэратыўнасьць на чачэнскім сьледзе”, у дзяржаўных ворганаў РФ, якія “не заўважылі” тэрарыстаў на Трыюмфальнай плошчы?

Юрка Марозаў