ЗАБОЙЦЫ ГАНДЛЮЮЦЦА ДАКУМАНТАМІ ПРА ЗАБІТЫХ

2 красавіка 2010 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” пісала пра Рауля Валенбэрга. Швэдскі дыплямат працаваў у кансуляце сваёй краіны ў акупаваным немцамі Будапэшце ў 1944-45 гг., выдаваў пашпарты і арганізоўваў вываз у нэўтральныя краіны для мясцовых габрэяў. Мужны чалавек выратаваў дзесяткі тысячаў людзей. У першы ж дзень заняцьця Будапэшта чырвонай арміяй ён быў арыштаваны НКВД і вывезены ў Маскву. На запыты швэдскай дзяржавы Масква тады яшчэ паведаміла, што Валенбэрг памёр на Лубянцы 23 ліпеня 1947 года. Цяпер у Маскве зьявілася інфармацыя аб тым, што “вязень нумар 7” (як называлі Валенбэрга) жыў яшчэ пасьля згаданай даты. Амбасада Швэцыі зьвярнулася ў ФСБ з запытам па гэтых новых дакумэнтах.

Наш камэнтар: На Лубянцы зноў разыгрываецца шоў пра “вецер пераменаў”. Яны разам з Крамлём шведам абяцаюць паказаць нейкія новыя паперы пра швэдскую ахвяру. У 1947-м гэбэшнікі абмежаваліся паперкай-даведкай ад лубянскага турэмнага лекара пра сьмерць вязьня. Цяпер швэды можа атрымаюць якую новую паперку.

Шмат шуму і шмат спадзяваньняў на абяцаныя нядаўна “новыя дадзеныя пра беларускіх афіцэраў Войска Польскага, расстраляных у Катыні ў 1940 годзе”. Гэта нават назвалі “Беларускім сьпісам”. Маўляў, Пуцін прыедзе 7 красавіка ў Катынь і там перадасьць гэты “сьпіс”. Журналісты беларускай рэдакцыі Польскага Радыё тэлефанавалі фронтаўцам-беларусам і спадзяваліся пачуць пра нашу радасную рэакцыю на гэтую тэму. Фронтаўцы гэтых маладых журналістаў расчаравалі сваім скэпсісам. Маладыя не жылі ў СССР, ня ведаюць, што гэта такое, лёгка ловяцца на абяцанкі Лубянкі.

Каб беларус паверыў паперкам з сутарэньняў Лубянкі? Такога ня будзе, ведаем мы гэтых дабрадзеяў. Ні на якія сьпісы ад забойцаў мы ня зловімся. Прыпусьцім нават немагчымае: Лубянка перадала беларускаму грамадзтву сапраўдныя дакумэнты пра беларускія ахвяры Катыня (а швэдам — пра Валенбэрга). Ну і што? Праз 70 гадоў парадвацца таму, што забойцы нечым падзяліліся з нашчадкамі забітых імі ахвяраў?

Няхай спачатку перададуць беларускаму народу поўную інфармацыю пра тысячы і тысячы беларускіх “гастарбайтэраў”, забітых, закатаваных у Маскве і па ўсёй Расеі расейскімі бандытамі і ўладнымі структурамі.

***

3 красавіка 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра адказ Масквы ў Міжнародны суд па правах чалавека ў Стразбурзе. Сем'і 12 забітых НКВД польскіх афіцэраў падалі ў 2009 г. заяву ў гэты суд на Расею. Пару тыдняў таму ў Стразбурзе атрымалі адказ расейскага ўраду на 17 старонках. У тэксьце аніразу не ўжываюцца словы “забойства” або “злачынства”. Яны пішуць толькі пра “справу” і “катынскі выпадак”. Масква не прадугледжвае рэабілітацыі забітых людзей, бо “не ўдалося пацьвердзіць абставіны арышту польскіх афіцэраў, характар высунутых супраць іх абвінавачваньняў і тое, што ім прад'яўлялася”. Расейскі ўрад напісаў: “Невядома нават, ці палякаў расстралялі”. Масква настойвае, што Стразбургскі суд не павінен займацца гэтай справай. “Расея зьвязана абавязацельствамі эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека толькі з 5 траўня 1998 года”. “Улады Расейскай Фэдэрацыі не мелі абавязку праводзіць сьледства ў сувязі з катынскім выпадкам, які адбыўся ў 1940 годзе”. — напісана ў лісьце ўрада РФ.

Наш камэнтар: Вось і ўсё. Вось і ўсе спадзяванкі на нейкія “польскія” або “беларускія сьпісы”. Пакуль існуе фашыстоўская маскоўская імпэрыя, датуль таямніцы масавых забойстваў будуць схаваны ў лубянскіх сутарэньнях, а сёньняшнія забойцы людзей і народаў будуць куражыцца над чалавечай памяцьцю.

Юрка Марозаў