ІГРАЮЦЬ ПА НОТАХ
У расейскім інтэрнэт-выданьні Lenta.Ru 2 красавіка зьявіўся сюжэт пад тытулам “Грызлоў і Міронаў абвясьцілі СМІ памагатымі Доку Умарава”. Цікавая чытанка, падаем вытрымку з тэксту.
Спікер Савета фэдэрацыі Сяргей Міронаў і старшыня Дзярждумы Барыс Грызлоў абвінавацілі шэраг расейскіх СМІ ва ўскосным пасобніцтве тэрарыстам. Пра гэта паведамляе Reuters.
На нарадзе з прэзыдэнтам РФ Дзьмітрыем Медведевым Міронаў заявіў, што “некаторыя СМІ фактычна сталі гуляць на руку тэрарыстам, імкнучыся пераканаць грамадзянаў нашай краіны ў неэфэктыўнасьці праваахоўчых структур”.
Грызлоў у сваю чаргу выступіў з канкрэтнымі прэтэнзіямі да матэрыялаў газэт “Ведомости” і “Московский комсомолец”. Прэтэнзіі спікера Дзярждумы тычацца артыкула “Ведомостей” “Помста за Каўказ”, а таксама да аўтарскай калёнкі Аляксандра Мінкіна “Восставшіе із сортіра” (Паўсталыя з нужніка)
На думку старшыні прэзыдыюма “Едіной Россіі”, гэтыя публікацыі ідэалагічна зьвязаны з заявай лідэра каўказкіх экстрэмістаў Доку Умарава, які ўзяў на сябе адказнасьць за выбухі ў маскоўскім мэтро. “Калі мы прааналізуем тры гэтых крыніцы, то ўбачым, што яны фактычна варыліся ў адным саку. Выклікае падазрэньні, што гэтыя публікацыі і дзеяньні тэрарыстаў зьвязаныя між сабой”, — заявіў Грызлоў.
Галоўны рэдактар “Ведомостей” Тацяна Лысава назвала меркаваньні Грызлова “фантазіяй” і заявіла, што салідарна з рэдактарам “МК” Паўлам Гусевым, які ў нядаўнем інтэрвію Slon.ru ахарактэрызаваў спікера Дзярждумы як “ганьбу для дэмакратычнай Расеі”.
(Пераклад з расейскай мовы)
Крыніца: http://lenta.ru/news/2010/04/02/papers
Наш камэнтар:
Галоўныя начальнікі “расейскай парляманцкай дэмакратыі” паўсталі супраць журналістаў. І, што называецца, “пайшло-паехала”... Высунуты сур'ёзныя абвінавачваньні ў пасобніцтве тэрарыстам, якія толькі што зьдзейсьнілі маштабныя тэракты ў сталіцы дзяржавы, а таксама ў ідэалагічнай сувязі з экстрэмістамі. У прынцыпе ня толькі ў Расеі, але і ў любой самай сапраўды дэмакратычнай краіне сьвету пасьля такіх “высочайшіх” заяваў у рэдакцыях згаданых выданьняў працавалі б афіцэры і экспэрты спэцслужбаў. На парогу выданьняў стаялі б паліцманы, самы выданьні не выходзілі б у сьвет да поўнага высьвятленьня іхнай прыналежнасьці да тэрарыстаў.
А ў “дэмакратычнай” Маскве ўсё ціха. Выданьні даходзяць да чытачоў у вызначаны час, у рэдакцыях кіпіць праца, у перапынках пьюць каву. Спікерскі “наганяй” толькі паспрыяў папулярнасьці выданьняў сярод насельніцтва. Вось гэта называецца “крута”! Мы таксама прапануем вам пачытаць згаданыя спікерамі артыкулы.
Крыніцы:
http://www.vedomosti.ru/newspaper/article/2010/03/30/229638
http://www.mk.ru/politics/article/2010/03/29/457647-vosstavshie-iz-sortira.html
Можна зразумець Грызлова і Міронава. Ім “за державу обідно” і Пуціна абараніць хочацца. Справу абароны яны выканалі, трэба прызнаць, з пачуцьцём стылю і даволі выразна. А ў чым, уласна, абвінавачваюць журналісты “дэмвыданьняў” вышэйшае расейскае начальства? Давайце разьбярэмся.
Журналісты абвінавачваюць Пуціна, міліцыю, спэцслужбы і ў цэлым дзяржаўную сістэму ў тым, што тыя дапусьцілі выбухі ў Маскве, не спынілі каўказкіх тэрарыстаў, завязьлі ў каўказкім канфлікце, які ў чарговы раз прышоў у саму Маскву і г.д. Назіральнікі-аналітыкі нават не дапускаюць думкі аб тым, што арганізатарамі і выканаўцамі тэрактаў можа быць нехта іншы, акрамя каўказкіх прадстаўнікоў. Яны тэмперамэнтна лаюць Пуціна і расейскія парадкі, выкарыстоўваюць рэзкую лексіку і вострую танальнасьць. Ну, проста нагамі патапталі прэм'ера і іншых. Гэта ж якія сьмелыя і рашучыя дэмакраты ад незалежнай журналістыкі! Нічога і нікога не баяцца, рэжуць праўду-матку, перакульваюць усіх куміраў.
Але ўзьнікаюць пэўныя пытаньні наконт глыбіні і шчырасьці гэтага газэтнага разносу дзяржначальства. Чаму аналітыкі не згадваюць пра публічную заяву начальніка менскай міліцыі Фармагея, зробленую ім 25 сакавіка (“у нас ёсьць інфармацыя аб тым, што група расейскіх грамадзянаў мае намер зрабіць у нас тое, што было зроблена ў Менску 3 ліпеня 2008 года”)? Чаму іх не зьдзіўляе дзіўная “апэратыўнасьць” высноваў пра каўказкіх бамбістаў, публічна выказаных мэрам Лужковым і начальствам ФСБ праз гадзіну-паўтары пасьля выбухаў (калі з месцаў трагедыі яшчэ выносілі забітых і параненых, а экспэрты толькі пачыналі сьледчую працу)? Чаму яны з гатоўнасьцю хапаюцца за любую інфармацыю, перададзеную ім патаптанымі імі ФСБ, Пуціным і іншымі, і адразу рэтранслююць яе на ўвесь сьвет? І пры гэтым нават не спрабуюць паразважаць пра грунтоўнасьць або верагоднасьць (абсурднасьць) гэтай інфармацыі. Чаму ім не здаецца, напрыклад, дзіўным, што Доку Умараў раніцай называў тэракты “справай ФСБ”, а ў абед узяў адказнасьць за выбухі на сябе?
Галоўная выснова спакойнага назіральніка за гэтымі “назіральнікамі-аналітыкамі” наступная. Сапраўднага канфлікту паміж парляманцкай уладай РФ і яе “чацьвертай уладай” няма, не існуе ў прыродзе. “Высочайшее неудовлетвореніе” працай журналістаў Грызлова з Міронавым, рэзкія нападкі журналістаў на Пуціна і іншых — гэта хватка разыграны спэктакль. Мы ведаем, як па-майстэрску наладжвае ў нас такія “наганяі” перад тэлекамэрамі А. Лукашэнка (многія людзі доўга яшчэ верылі гэтым тэлепастаноўкам, выкананым ў сістэме Станіслаўскага). Перад кожным з расейскіх удзельнікаў “канфлікта” стаіць пюпітр з нотамі, кожны мае сваё месца ў аркестры. Рэжысёр махнуў палачкай і пачалося... Самае галоўнае для выканаўцаў — пераканаць расейскую публіку і ўвесь сьвет у тым, што ў разбомбленым мэтро знойдзены “каўказкі сьлед”, а рэзкія ацэнкі розных бакоў зьвязаны з тым, што ня вырашана менавіта каўказкая праблема. За гэтую тэматычную рысу ніхто з удзельнікаў ня робіць ані кроку, ані паўкроку. За ўвесь час дыскусіяў пасьля трагедыі такі крок за рысу зрабіў толькі Андрэй Піанткоўскі (мы апублікавалі ягоныя артыкулы). І то таму, што жыве ў ЗША і не баіцца.
Выданьні, публічна выклятыя спікерамі, у сваіх наступных нумарах распавядаюць пра духоўнага настаўніка маладых чачэнскіх бамбістак, пра лёс гэтых жанчын, якія помсьцяць за забітых на вайне мужоў, пра шахідак і традыцыю помсты і г.д. Пішуць пра ўсё, што ім на пюпітр падсоўваецца гаспадарамі краіны. А для многіх у Маскве і ў сьвеце пасьля разносу, наладжанага ім парляманцкімі начальнікамі, уся іхная інфармацыйная прадукцыя становіцца вельмі прывабнай і верагоднай. Ды за такую сумленную працу па распаўсюджваньню крамлёўскай інфармацыі спікеры павінны былі б у рэдакцыі выданьняў па скрынцы цукерак да журналісцкай кавы паслаць.
Жвава пілікаюць скрыпачкі, басам гудуць духавыя, выдаюць сваё бум-бум ударныя. Рэжысёр махае палачкай, публіка ў зале слухае “віртуозаў Масквы”... Падобна, што яны доўга рыхтавалі свой выступ, рэпіціравалі кожную яго частку. І цяпер выступаюць з сапраўдным натхненьнем. Шоў працягваецца.
Янка Базыль