АРМІЯ Ў ЧУЖЫХ РУКАХ

1 красавіка 2010 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул, прысьвечаны 50-годдзю з дня сьмерці швйцарскага генэрала Анры Гузана (7 красавіка 1960 г.). Многія тысячы людзей прышлі тады разьвітацца з Бацькам Айчыны, як называлі генэрала на радзіме. Менавіта ён быў галоўнакамандуючым швайцарскай арміі падчас ІІ Сусьветнай вайны. Гузан яшчэ да вайны рэфармаваў і ўзбройваў невялікую армію, актывізаваў гэтыя працэсы пасьля пачатку эўрапейскай вайны. Ён распрацоўваў тактычныя пляны абароны краіны на выпадак атакі чужынцаў. І самае галоўнае, заўсёды ў сваіх выступах і зваротах да народа і войска надаваў аптымізма людзям у цяжкі і трывожны час.

Наш камэнтар: Суайчыньнікі з удзячнасьцю ўспамінаюць генэрала і праз дзесяцігоддзі пасьля ягонай сьмерці, ганарацца ім.

Каго з генэралаў беларускай арміі не праз доўгі час, а цяпер могуць проста назваць і прыгадаць беларусы? Можа галоўнага палітрука-русіфікатара Сераштана, а можа міністра Мальцава, растаптанага Лукашэнкам і вернутага на пасаду зноў?

Наш народ з удзячнасьцю будзе ўспамінаць рабацяг арміі: беларускіх жаўнераў, малодшых афіцэраў і падафіцэраў (для большасьці зь якіх шлях да самарэалізацыі і кар'ернага росту закрылі расейскія асаднікі ў срэбных і залатых пагонах, што атабарыліся ў нашым войску). А пра генэралаў будзе ўспамінацца русіфікацыя і нянавісьць да беларушчыны, заявы “мы протів Россіі воевать не будем”, раскошныя кватэры і дачы, шалёныя заробкі і пэнсіі, зьдзертыя з беларускіх працоўных. Наша армія знаходзіцца ў самым трагічным стане, які толькі можа быць: у чужых руках, у руках маскоўскіх прыблудаў, якім ня церпіцца кінуць наш народ “на зашчіту Москвы”.

Юрка Марозаў