АНДРЭЙ ПІАНТКОЎСКІ ПРА 10-Ю ГАДАВІНУ ПРЭЗЫДЭНЦТВА ПУЦІНА

Пакуль беларуская рэдакцыя Радыё Свабоды штодня транслюе бясконцы канцэрт балалаечнікаў ад псэўдаапазыцыі на тэму “хто каго на мясцовых выбарах”, беларусы вымушаны шукаць актуальную інфармацыю і сапраўдную аналітыку на хвалях расейскай рэдакцыі Радыё Свабоды. Дарэчы, прафэсійны ўзровень журналістыкі праяўляецца менавіта ў такія моманты, калі адбываюцца драматычныя падзеі.

На хвалі расейскай Свабоды 1 красавіка прагучаў і зьявіўся на сайце невялікі, але ёмісты тэкст вядомага расейскага палітолага Андрэя Піанткоўскага “Пра маленькія саступкі і вялізныя ахвяры”, у якім аўтар разьвенчвае Пуціна. Ён нагадвае, што 10-я гадавіна ўступленьня малавядомага опэрработніка ФСБ на прэзыдэнцкае цараваньне ў Расеі амаль дакладна супадае з выбухамі ў Маскве.

Андрэй Піанткоўскі — былы дэпутат Нацыянальнай асамблеі РФ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сістэмнага аналізу РАН, цяпер прафэсар Кэмбрыджскага ўнівэрсітэта ў ЗША. Ён ведае сістэму пуцінізма знутры, бо на працягу гадоў служыў дарадчыкам Крамля. Вядома, што выдатны аналітык з'ехаў у ЗША, калі пераканаўся, што імпэрская сістэма Расеі не паддаецца рэфармаваньню.

***

10 гадоў таму, амаль дзень у дзень, 26 сакавіка 2000 года, яшчэ аглушаныя выбухамі дамоў у Маскве і ў Валгадонску, мы ўручылі лёс сваёй краіны невядомаму дагэтуль і нічым не прыкметнаму чалавеку, які меў толькі адну добрую якасьць. Як нам патлумачылі па тэлевізару лепшыя людзі горада, менавіта ён абароніць нас ад тэрарыстаў, якія падрываюць нашы дамы, і забясьпечыць нашу бясьпеку. Малады, энэргічны афіцэр спэцслужбаў, які пасылаў расейскія палкі ўглыб Каўказа, аддаваў рэзкія і выразныя каманды, якія несьлі жах і сьмерць тэрарыстам і ўсім ворагам Расеі, якая ўставала з каленяў. Мы з гатовасьцю пагадзіліся аддаць яму за наша выратаваньне (?) спачатку зусім няшмат — незалежныя СМІ. З тае пары ў нас усталяваўся патрыятычны звычай: штораз, калі гледачы паміралі, атручаныя газам у тэатры, або дзяцей спальвалі жыўцом у школе, наш выратавальнік выдаваў новы ўказ і забіраў сабе ўсё больш улады над намі. А на Каўказе ён аддаваў усё больш улады мясцовым карупцыянерам і бандытам.

Спачатку ў краіне не засталося месца для дыскусій, а потым неяк хутка высьветлілася, што не засталося і месца, дзе мы маглі б адчуваць сябе ў бясьпецы. Вас могуць расстраляць у супэрмаркеце, раздушыць на аўтамабільнай трасе, закатаваць на папярэднім сьледстве, узарваць у мэтро. Наш выратавальнік увайшоў у смак і хоча цяпер стаць нашым вечным выратавальнікам. Кожны свой правал ён ператварае ў свой новы ўладарны трамплін і патрабуе новых паўнамоцтваў. Можа, настаў час сказаць яму ўрэшце: цень, ведай сваё месца...

(пераклад з расейскай мовы — Юрка Марозаў)

Крыніца: http://www.swobodanews.ru/content/article/1997478.html