ІДУЦЬ НА ДНО І ХАПАЮЦЦА ЗА СТАЛІНА

На працягу ўсяго сакавіка ў Маскве і па ўсёй Расеі адбываліся выступы і дыскусіі на тэму Сталіна і 65-й гадавіны перамогі над гітлерскай Нямеччынай. Сярод іншых формаў сталіншчыны расейскае начальства зьбіралася “упрыгожыць” вуліцы Масквы (а як разумеем, потым да сталіцы далучыліся б жук і жаба) вялізнымі плакатамі з выявай Сталіна і надпісамі пра ягоную геніальнасьць у вайне. Асабліва надрываўся ў сталінскім экстазе мэр Масквы Лужкоў. Казаў, што ён “за праўду пра вайну” і г.д. Рэакцыя разумных людзей на гэты праект была адназначна адмоўнай. Масква рызыкавала выставіцца перад усім сьветам у вельмі непрывабным сьвятле. Прайшла інфармацыя, што праект адмянілі і Сталіна на 9 траўня ня будзе.

Але сталіністы не здаюцца. Гэтым разам сьцяг Джугашвілі падняў над сабой расейскі Савет вэтэранаў і ягоны старшыня Уладзімір Далгіх. Былы сакратар ЦК КПСС Далгіх патрабуе праз выявы Сталіна выказаць “гістарычную праўду эпізодаў вайны” і спыніць “інсінуацыі”. Зразумела, што тав. Далгіх ня сам да гэтага дадумаўся. Яму настойліва падказалі падняць вэрхал вакол асобы крамлёўскага тырана. Цяперашняя імпэрыя ня можа існаваць без гэтага ідала, зямля ляціць з-пад яе ног. Яны ня могуць ніякім чынам прызнаць, што немцаў перамаглі простыя жаўнеры і работнікі тылу якраз насуперак канібальскай “геніяльнасьці” псіхічна хворага гаспадара Крамля і ягонай крымінальнай хунты.

Але зьдзіўляцца тут няма чаму. Успамінаецца жнівень 1991 года. Я якраз быў у Маскве пасьля праваленага савецкага путча. Сярод іншага запомніліся крыкі і шум, што даносіліся з рэпрадуктараў на вуліцах імпэрскай сталіцы. Гэта ішлі публічныя разборы з асобамі і арганізацыямі, якія падтрымалі путчыстаў. Агульнасаюзны Савет вэтэранаў адназначна падтрымаў быў путчыстаў з першых імгненьняў путча. Вэтэранскія дзеячыкі нешта бляялі пад цяжарам абвінавачваньняў у антынароднай дзейнасьці, баяліся, што іх сапраўды пакараюць. Паўсюль міліцыя разганяла іхныя “клубы” і апячатвала іхныя памяшканьні. Але “руская рэвалюцыя” праявіла “гуманнасьць”. У даволі хуткім часе клубы адкрыліся зноў, там зноў заселі смершаўцы, палітрукі, тылавыя героі ды іншая набрыдзь, якую ненавідзелі сапраўдныя франтавыя жаўнеры. І ўсё стала як было.

Вядома, якую рэакцыйную ролю адыгрываюць гэтыя арганізацыі ў сацыяльным жыцьці. І ўсё гэта на фоне галечы і бяспраўя тысячаў шэраговых вэтэранаў вайны, аб якіх яны не клапоцяцца. Начальнікам карціць апраўдаць сябе Сталінам.

Янка Базыль