ШУКАЮЦЬ “СЬЛЕД” І БЛЫТАЮЦЦА
Пасьля выбухаў у Маскве расейскае грамадзтва і людзі ў розных краінах са зьдзіўленьнем назіраюць за новым відам спаборніцтва. Спаборнічаюць між сабой маскоўскія чыноўнікі рознага ўзроўню і калібру. Сутнасьць спаборніцтва: хто хутчэй назаве арганізатараў і выканаўцаў тэрактаў на станцыях мэтро 29 сакавіка. На разбомбленых станцыях яшчэ аказвалі дапамогу параненым і зьбіралі трупы, а начальства ФСБ і мэр Лужкоў ужо абвясьцілі, што выкарыстоўваўся гэксаген, знайшлі “пас шахідаў” і ўсё зьдзейсьнена чачэнскімі жанчынамі-тэрарысткамі. Многія паверылі гэтым пасьпешлівым заявам, зробленым не ў выніку сьледчых мерапрыемстваў і пэдантычнай працы экспэртаў розных галінаў, а як кажуць студэнты-двоечнікі, “по наітію”.
У Маскве 29 сакавіка не было бачна на вуліцах аніводнага “ліца кавказской національності”, людзі сапраўды апасаліся нападаў і правакацый. А ў многіх СМІ сьвету (найбольш грунтоўна і пераканана ў Нямеччыне, Францыі і скандынаўскіх краінах) пачалі тэарэтызаваць на аснове антычачэнскіх заяваў крамлёўскіх і лубянскіх начальнікаў. Газэты надрукавалі безьліч архіўных фота, правялі шматслоўныя “аналізы” расейска-каўказкіх дачыненьняў. Пасыпаліся “факты”, “тэндэнцыі”, адкрылася “лагічная сувязь” і г.д. Стан некаторых заходніх журналістаў і аглядальнікаў можна вызначыць дэфініцыяй з расейскай раманічнай клясыкі — “Остапа понесло...” Часам складваецца такое ўражаньне, што гэтая публіка ад пяра і кампутара спрэс на ўтрыманьні афіцыйнай Масквы. З такім энтузіязмам яны паўтаралі ды яшчэ й раздзьмувалі кінутыя ў інфармацыйную прастору заявы маскоўскага эстэблішмэнту. На гэтым фоне амаль губляліся рэдкія прафэсійныя работнікі журналістыкі, які спакойна паведамлялі пра падзеі і рабілі свае, лагічныя высновы з падзеяў.
Зьдзіўляе ўпэўненасьць, зь якой многія журналісты паўтаралі і “разьвівалі” сказанае ў Крамлі. А за два дні было сказана столькі, і столькі рознага, супярэчлівага, што з гэтага можна рабіць кароткую энцыкляпэдыю альбо шматстаронкавы цытатнік. Генэрал ФСБ Патрушаў заявіў, напрыклад, што “ў маскоўскіх тэрактах ёсьць грузінскі сьлед”.
31 сакавіка расейская рэдакцыя Радыё Свабода паведаміла пра вельмі адэкватную рэакцыю грузінскіх палітыкаў і аналітыкаў на крамлёўскія заявы (сюжэт “Генерал Патрушев сплотил грузинских политиков”). Вядомы тбіліскі палітолаг Іосіф Цынцадзэ сказаў Радыё Свабода, што заявы Патрушава “сьведчаць пра нарастаньне хаоса ўнутры расейскай вэртыкалі ўлады”. Цытуем сп. Цынцынадзэ: “Спачатку была інфармацыя, што інгушскі сьлед, потым — чачэнскі сьлед, потым — ужо талібскі. А зараз знайшлі грузінскі. Гэта проста несалідна. Калі на нарадзе ў прэзыдэнта Шайгу (міністар МНС РФ) называе адну колькасьць ахвяраў, а Патрушаў — іншую, гэта таксама ўражвае. Патрушаў сваімі заявамі, мабыць, хоча даказаць сваім гаспадарам, што ён католік большы за Папу Рымскага. Цяпер яго адсунулі на другі плян, вось ён і намагаецца неяк нагнаць згубленае”.
Крыніца: http://www.swobodanews.ru/content/article/1998742.html
Дарэмна пакуль шукаць адэкватнай аналітыкі пра жудасныя падзеі ў Маскве на хвалях беларускай рэдыакцыі Радыё Свабода. Ну, а рэжымную “аналітыку” і чаго яна вартая ўсе ўжо даўно ведаюць.
Лепш за ўсё, на наш погляд, пазнаёміцца з “голасам народа”: пачытаць камэнтары на паведамленьні той жа Свабоды пра трагедыю ў Маскве. З першых хвілінаў пасьля зьяўленьня гэтых паведамленьняў у камэнтарах пачалі выказвацца людзі. Большасьць зь іх называлі і называюць арганізатарам і выканаўцам тэрактаў 29 сакавіка менавіта ФСБ, праклінаюць крамлёўскі рэжым і выказваюць яму недавер. Адчуваецца. Што людзей стамілі афіцыёзная хлусьня, дзікія забойствы мірных грамадзянаў, вырабленая крамлёўская дэмагогія. Людзям брыдка ад таго, што рэжым лічыць іх дурнямі. Ніхто, аднак, не насьмельваецца сказаць гэта ў адкрытую ў краіне, якая знаходзіцца пад уладай гэбізму. “Руская дэмакратыя” эфэктыўна заткнула рот мільёнам людзей на падпарадкаванай тэрыторыі. Але рэжым фальшы і гвалту ня можа існаваць вечна. Абавязкава раскрыецца праўда пра сапраўдных арганізатараў антычалавечых злачынстваў.
Янка Базыль