АНДРЭЙ ПІАНТКОЎСКІ: “ПУЦІНІЗМ ЯК ПАРОДЫЯ”

Прапануем вашай увазе аналітычны артыкул вядомага расейскага палітолага Андрэя Піанткоўскага, апублікаваны 31 сакавіка 2010 года ў аўстрыйскай газэце “Der Standard”.

Андрэй Піанткоўскі — былы дэпутат Нацыянальнай асамблеі РФ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сістэмнага аналізу РАН, цяпер прафэсар Кэмбрыджскага ўнівэрсітэта ў ЗША. Ён ведае сістэму пуцінізма знутры, бо на працягу гадоў служыў дарадчыкам Крамля. Вядома, што выдатны аналітык з'ехаў у ЗША, калі пераканаўся, што імпэрская сістэма Расеі не паддаецца рэфармаваньню.

***

Гісторыя аўтарытарнай сістэмы ўлады ў Расеі дэманструе прыгнятальную рэгулярнасьць. Такія рэжымы рэдка абвальваюцца ў выніку зьнешніх катастрафічных узьдзеяньняў або пад ціскам апазыцыі. Як правіла, яны нечакана адміраюць з прычыны ўнутранай хваробы — ад агіды да самых сабе або ад ўласнага вычарпаньня.

Царызм за сваю доўгую гісторыю выстаяў у многіх жорсткіх выпрабаваньнях: сялянскіх паўстаньнях, змовах і ў адчужэньні адукаванай праслойкі. У студзені 1917 года Ленін зазначыў з горыччу і пачуцьцем безвыходнасьці ў швайцарскай эміграцыі: “Мы, старэйшыя, мабыць, не дажывем да вырашальных бітваў будучай рэвалюцыі. Але (...) маладзейшыя (...) будуць мець шчасьце ня толькі змагацца, але і перамагаць у наступнай пралетарскай рэвалюцыі”. Аднак ужо ў сакавіку цара Мікалая ІІ змусілі да адрачэньня.

Паміраючы ў 1984 годзе, генэральны сакратар Юры Андропаў пакінуў краіну, ачышчаную ад дысыдэнтаў. Але, калі праз некалькі гадоў адзін зь ягоных першых сакратароў Барыс Ельцын падпісваў указ аб забароне КПСС, ніхто з 18 мільёнаў членаў партыі ня выйшаў пратэставаць на вуліцы.

Савецкі зьлепак...

Сёньня валадараньне Уладзіміра Пуціна, якое некалі здавалася непарушным, таксама можа рассыпацца, як гэта было зь ягонымі папярэднікамі. Усяго за дзесяць гадоў пуцінізм, які ягонымі іміджмэкeрамі сьвядома быў задуманы як зьлепак зь вялікай ідэалагічнай мадэлі, прайшоў усе клясычныя фазы савецкай гісторыі. Сапраўды, пуцінізм цяпер выглядае як зашмальцаваная пародыя гэтых фазаў.

На пачатку адбываецца фармаваньне міфа стварэньня новай сістэмы. Пры гэтым зьяўляецца герой-дэміург, Айцец Нацыі. Там, дзе бальшавікі выкарысталі Кастрычніцкую рэвалюцыю і грамадзянскую вайну, што адбылася за ёй, каб абагаўляць Леніна, пуціністы выкарысталі другую Чачэнскую вайну, разьвязаную з дапамогай бомбавых удараў па жылых дамах у Маскве, каб узьнесьці Уладзіміра Пуціна як нацыянальнага выратавальніка.

Другая фаза — гэта час націску. Пэрыяд, калі краіна стаічна пераўтвараецца паводле жалезнай волі правадыра. Калі ў Сталіна была ягоная варварская, але гіганцкая кампанія па індустрыяльнай мадэрнізацыі, то Пуцін намагаўся зрабіць з Расеі вялікую энэргетычную дзяржаву.

Потым наступае чарга гераічнага трыюмфу. У саветаў была вялікая перамога ў вайне з гітлерскай Нямеччынай, зь якой Расея выйшла як адна з дзьвюх супэрдзяржаваў сьвету. Уяўная гераічная перамога Пуціна — гэта вайна супраць Грузіі ў 2008 годзе, а потым фактычная анэксія Абхазіі і Паўднёвай Асэціі.

Але пасьля гераічнай перамогі непазьбежна настае вычарпаньне. Пад саветамі гэтая фаза працягвалася каля 40 гадоў. А пуцінскі зьлепак саветызму пачаў распадацца відавочна хутчэй. Часткова з тае прычыны, што ідэалогія ягонага валадараньня не была надта напоўнена субстанцыяй і не магла быць выкарыстана як апірышча.

Тады Пуцін з пачаткам фінансавага крызісу паспрабаваў навязаць сваю волю сьвету. Ён прадстаўляў Расею як выспу стабільнасьці і патрабаваў новага глабальнага фінансавага парадку, у якім рубель стаў бы сусьветнай рэзэрвовай валютай. Але гэтая пазыцыя, пазначаная маніяй вялікасьці, хутка абрынулася. Пуцінская гаспадарчая палітыка аказалася яшчэ больш адкрытай для ўзьдзеяньня фінансавага крызісу, чым народныя гаспадаркі Захада.

У такія моманты заняпаду ў Расеі заўсёды выступаюць на першы плян кланы, якія шалёна змагаюцца за самазахаваньне і самаўзбагачэньне. Нават найвярнейшыя прыхільнікі Пуціна ўжо пачынаюць бессаромна і без павагі да яго казаць пра свайго партыйнага кіраўніка і пра вынікі ягонага кіраваньня.

Зразумела, ня трэба меркаваць, што пуцінізм зьнікне заўтра, нават калі шакалы ўжо наразаюць кругі вакол яго. Трэба ўспомніць, што прамінулі чатыры дзесяцігоддзі, пакуль савецкі камунізм ня згніў. Дзесяцігоддзі, падчас якіх унутранае кола ведала, што рэжым распадаецца знутры, але не ўяўляла сабе, як яго можна выратаваць.

...канчаецца тэрмін годнасьці

Цяпер мы ўжо чуем жаласны водгук рэфармісцкіх камуністычных намаганьняў доўгіх гадоў савецкага заняпаду: пуцінізм без Пуціна, пуцінізм з чалавечым тварам і г.д. Часта гаворка йдзе пра вялікія скачкі наперад, пра мадэрнізацыю і інавацыю — свайго роду міфы, якімі цяперашнія валадары супакойваюць сябе, спрабуючы знайсьці рашэньне з дапамогай фокуса і аздаравіць свой рэжым, які ўжо не функцыянуе.

На вуліцах чуюцца ўжо іншыя водгукі. Аказалася, што наш “Айцец” — гэта зусім не Айцец. Дакладна так жа сама, як сярод камуністычных апаратчыкаў у апошнія дні валадараньня Гарбачова, так і сярод пуцінскай клептакратыі з былых кагэбэшнікаў расьце ўсьведамленьне, што гульня скора скончыцца і настае час парупіцца пра сябе самых.

Пакуль пуцінізм гіне, найвялікшае спадзяваньне яго бліжэйшых колаў палягае ў тым, каб здолець зрабіць тое, што ўдалося зрабіць камуністычнай эліце на пачатку 1990-х гадоў — падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам новую сістэму, якая паўстае.

(пераклад з нямецкай мовы В. Буйвала)

Крыніца: http://derstandard.at/1269448559168/Kommentar-der-Anderen-Der-Putinismus-als-Parodie