НАШЫЯ ПАВОДЗІНЫ І НАШЫ ЗАДАЧЫ

Беларусь перажывае адзін з найбольш драматычных пэрыядаў у сваёй гісторыі. За 15 гадоў панаваньня чужынскай антыбеларускай улады насельніцтва Беларусі зьменьшылася на 650 тысячаў чалавек. Хварэюць дзеці. Гэта ёсьць вынік таго, што рэжым загадвае працягваць сельскагаспадарчую дзейнасьць у чарнобыльскіх раёнах краіны. Вырабленыя там прадукты ідуць у гандлёвую сетку па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Чыстыя прадукты рэжым вывозіць у Расею.

Разбурана нацыянальная эканоміка. Заводы ліквідуюцца (як, напрыклад, Станкабудаўнічы завод імя Кірава ў Менску) ці працуюць не на поўніцу. У тэхналагічным сэнсе Беларусь ператвараецца ў адсталую краіну. Тэхнічна састарэлыя заводы ня могуць вырабіць канкурэнтназдольную прадукцыю. Працоўных людзей звальняюць, заробкі скарачаюцца, а ў той жа час цэны імкліва растуць. Каб утрымацца, рэжым, усюды дзе можа, набірае крэдыты, зацягвае беларусаў у даўгавую яму. У крызіснай сытуацыі, калі ў занядбаным стане медычныя установы, няма лекаў, рэжым будуе свае манумэнтальныя аб'екты — лядовыя палацы, якія абыходзяцца бюджэту ў шалёныя сумы. Большая частка гэтых грошай раскрадаецца пры будаўніцтве. (Бо абсурднае будаўніцтва ёсьць сродак для “адмываньня” і крадзяжу).

Рэжым распрадае зямлю ў цэнтры нашай сталіцы Менску і нашы лепшыя, прыбытковыя прадпрыемствы расейскім крымінальнікам і арабскім “інвэстарам”. Афіцыйна народная маёмасьць нібыта прадаецца за бясцэнак, але на самой справе — за хабар, які забіраюць Лукашэнка ды ягоныя хаўрусьнікі. Антыбеларуская ўлада ўжо агучыла пляны высяленьня жыхароў сталіцы з тэрыторыі Менску у так званыя “гарады-спадарожнікі”. Такім чынам Менск плянуюць ператварыць у злачыннае месца з казіно, ігравымі ды публічнымі дамамі для абслугоўваньня багатых чужынскіх прыблудаў і крымінальнікаў. Замест нармальнай працы і годнага жыцьця нашым дзецям рыхтуюць ролю прастытутак ды абслугі ў гэтых чужынскіх гадзюшніках.

Але гэта ёсьць пляны чужынцаў, якія дзейнічаюць усё больш нахабна і цынічна. Антыбеларускі рэжым сваёй акупацыйнай палітыкай душыць беларускую мову, разбурае нашу культуру, нішчыць нацыянальную эканоміку. А бальшыня беларусаў церпіць і маўчыць.

Можа хопіць маўчаць ды пакорліва выконваць злачынную волю чужынцаў? Нам трэба ажыцьцяўляць свае, беларускія пляны. Першае, што неабходна рабіць: ня ўдзельнічаць у фальшывых “выбарах” рэжыму, не дапамагаць нелегітымнай ўладзе і чужынцам надаваць выгляд законнасьці іхняму крымінальнаму панаваньню.

Другое: трэба салідарна, усім народам змагацца супраць гэтай антыбеларускай навалы, адраджаць нашу мову, дапамагаць адзін аднаму. Беларуская мова — сродак да выратаваньня будучыні нашых дзяцей, шлях да нармальнага жыцьця ва ўласнай краіне. Ёсьць неабвержны Закон чалавечага існаваньня: страціш мову — страціш свабоду. Крымінальнік-чужынец будзе пачувацца гаспадаром у тваім доме. (Нездарма русіфікацыя ёсьць галоўнай задачай і метадалогіяй акупацыйнай усходняй палітыкі.) Пасьля мовы страціш народную маёмасьць, якую забярэ чужы капітал. А потым акупант забярэ волю і жыцьцё народа. Такое было ўжо, калі беларусы траплялі ў няволю і расплочваліся мільёнамі жыцьцяў.

Трэба пазьбегнуць гэтага. Беларусы, будзьма салідарныя, будзьма разам!

Ніхто на фальшывыя “выбары” дыктатуры!

Жыве Беларусь!

Рух Беларуская Салідарнасьць.

Сакавік 2010 г.