“НІЧОГА НЯ ТРЭБА ЧАКАЦЬ АД РЭЖЫМНАЙ НЕЧЫСЬЦІ”
Увесь сьвет даведаўся 29 сакавіка пра выбухі ў маскоўскім мэтро і пра тое, што загінула і паранена шмат людзей. Але сьвет даведаўся пра гэта не з расейскіх теле- або радыёканалаў. Калі з разбомбленых станцыяў мэтро валіў дым, выносілі пацярпелых людзей, на гэтых СМІ гучала жвавая музыка, ішла праграма “Доброе утро” з усьмешкамі і жартамі, забаўляльнымі нумарамі, круціліся тэлебаевікі і камэдыі. Так, дарэчы, было на працягу ўсяго дня пасьля страшнай трагедыі.
У тым жа стылі паводзілі сябе рэжымныя СМІ ў Беларусі. З адной, але вельмі істотнай розьніцай. Калі расейскае тэлебачаньне давала рэпартажы пра выбухі прынамсі ў традыцыйны час сваіх праграмаў навінаў, то БТ і іншыя ад антыбеларускага рэжыму рабілі выгляд, што нічога ў Маскве ня здарылася. Паказвалі надзьмутыя “успехі белорусской экономікі”, Лукашэнку ў купальным строі на лацінаамэрыканскім пляжы, дзе ён даваў інтэрв'ю, і г.д. Беларускія тэлегледачы ткому цынізму відаць ўжо не зьдзіўляюцца. Трэба, мабыць, прызвычайвацца да такой трактоўкі падзеяў у сьвеце падзёншчыкамі ад рэжымнай інфармацыі-прапаганды.
З першых імгненьняў трагедыі асноўныя тэлеканалы цывілізаваных краінаў сьвету спынілі свае звычайныя перадачы і зрабілі ўключэньне пад грыфам “надзвычайная падзея”. На працягу ўсяго дня яны дэманстравалі кадры з месца падзеяў, аналітыку сваіх рэпарцёраў (зь іх, хто быў у Маскве, усе ўжо праз паўгадзіны пасьля выбухаў давалі рэпартажы каля месца падзеяў). І была гэта ня толькі звычайная для любога журналізма прага сэнсацыі. Безумоўна, сэнсацыя адбылася. Але заявіла аб сябе яшчэ адна важная тэма для кожнай краіны, якая атрымала зьвесткі з разбомбленай Масквы. Усе журналісты абавязкава згадвалі: “Пакуль не вядома, ці пацярпеў нехта з немцаў... (адпаведна: з французаў, палякаў, іспанцаў і г.д.)”. Журналісты выконвалі свой прафэсійны абавязак: распавядалі пра падзеі ў чужой краіне і вялі сваё рассьледваньне, ці не апынуўся нехта з суграмадзянаў у бядзе ў гэтай чужой краіне. Гэтаму ня проста вучаць на першым курсе журфакаў. Такое ведае кожны нармальны чалавек.
Гэтыя прафэсійныя і маральныя нормы не існуюць для лукашысцкай “журналістыкі”. Сотні тысячаў беларусаў знаходзяцца ў Расеі і ў самой Маскве, загнаныя туды здрадніцкай антынацыянальнай палітыкай рэжыма. Безьліч беларускіх сем'яў, выпадкова даведаўшыся пра маскоўскую трагедыю, усхваляваліся за лёс блізкіх. А па БТ — музычка і лялькавыя твары русскоязычных тэлевядучых. Рэжым яшчэ раз прадэманстраваў свае адносіны да нашых людзей. Русскоязычны, вечна правінцыйны тэлемонстр яшчэ раз выканаў функцыю рупара ўзурпатараў улады.
На прыканцы дня стала вядома (зразумела, не ад рэжымных “журналістаў”), што сярод параненых у маскоўскіх выбухах ёсьць беларуска. Гэта 30-гадовая Вольга Аляксандраўна Рудэнка. Яна знаходзіцца ў Боткінскім шпіталі (сьведчаньне таго, што жанчына моцна пацярпела). Прафэсійная і сумленная журналістыка ўжо адшукала б яе сям'ю, дапамагла разам з уладамі наладзіць кантакт паміж блізкімі людзьмі, заклікала беларускае грамадзтва да праяваў спагады і салідарнасьці.
Нічога гэтага няма і ня можа быць пад уладай, якая ненавідзіць Беларусь, нашу культуру, мову, эксплуатуе і падманвае наш народ. І нічога ня трэба чакаць ад рэжымнай нечысьці. Беларусы павінны самы падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць адзін аднаму, не спадзявацца на акупацыйных начальнікаў. Трагедыя яшчэ раз паказала нам, што неабходна наладжваць паралельнае, незалежнае ад рэжыма народнае беларускае жыцьцё.
Алесь Хадасевіч