СЬЛЕД БЭТОННАГА ГЕНЭРАЛА
У Трансністрыі (Прыднястроўі), акупаванай расейцамі правінцыі сувэрэннай Малдовы, 28 сакавіка быў наладжаны “народны рэфэрэндум”. Пытаньне рэфэрэндума было “з гісторыі края”. Жыхары горада Бэндэры павінны былі выказацца за ўсталяваньне ў горадзе помніка расейскаму генэралу Аляксандру Лебедзю (1950-2002). Акупацыйныя ўлады хацелі стварыць помнік да сьвяткаваньня 600-годдзя горада Бэндэры. Рэфэрэндум праваліўся, людзі на яго не пайшлі.
Ідэя была, з дазволу сказаць, арыгінальная. Генэрал Лебедзь супраць турак не ваяваў, румынскім героем ніколі ня быў. Можна яшчэ зразумець, калі прыднястроўскія васалы Масквы носяцца па акупаванай зямлі з Суворавым і Кутузавым. Яны — з падручнікаў па гісторыі. Як бачым, “гістарычная постаць” Лебедзя нікога ўжо ў Бэндэрах не цікавіць.
Нешта ня бачым мы помнікаў Лебедзю і на прасторах Расеі. А імпэрыя шмат у чым можа быць удзячнай жалеза-бэтоннаму генэралу, які ратаваў яе ў розных патавых сітуацыях. Лебедзь быў выхаванцам, а потым выкладчыкам-камандзёрам знакамітай кузьні паветрана-дэсантных кадраў расейскай арміі — Разанскай ваеннай вучэльні. Як і згаданы Сувораў, Лебедзь за ўсю сваю кар'еру анідня не ваяваў у справядлівай вайне. Ягоны паслужны сьпіс — гэта крывавы сьлед на землях народаў, ахвяраў расейскай імпэрскай экспансіі. Ён камандваў забойствамі і разбурэньнямі ў Аўганістане, потым душыў антыімпэрскія народныя выступы ў Тбілісі (красавік 1989 г.) і Баку (студзень 1990 г.). Адмысловым эпізодам у ягонай кар'еры лічыцца ваеннае ўмяшальніцтва ягонай 14-й арміі ў падзеі ў сувэрэннай Малдове (1992 г.). Малдаване ўжо гналі гэбоўска-маскоўскую цемру, што атабарылася на іхнай зямлі, за Днястром. Але менавіта Лебедзь з танкамі і трэніраванымі галаварэзамі пад расейскім трыкалёрам выратаваў асаднікаў-акупантаў. Загінула шмат малдаўскіх байцоў паспалітага рушэньня і яшчэ больш мірных жыхароў. Лебедзеўская армія дагэтуль стаіць у Трансністрыі. Зразумела, што калі яна выйдзе або разьбяжыцца, малдаване за паўдня вярнуць у сваю дзяржаву гэтую брутальна адарваную правінцыю.
Падчас жнівеньскага путча 1991 года менавіта Лебедзь прывёў батальён тульскіх дэсантнікаў і “ўзяў пад абарону ад путчыстаў” будынак Вярхоўнага Савета СССР у Маскве. Праўда, пазьней у сваёй кнізе “Спектакль назывался путч” ён прызнаўся, што на наступны дзень ён ужо зьбіраўся захапіць і разагнаць антыпутчаўскі Вярхоўны Савет. Было, аднак, надта позна. Саўдэпія валілася на вачах усяго сьвету, у Маскве і гарадах падсавецкіх рэспублік адбываліся магутныя народныя выступы супраць путчыстаў, краіны адна за адной абвяшчалі незалежнасьць ад імпэрыі.
Калі ў 1994 годзе пачалася маскоўская вайна супраць чачэнскага народу і расейскія войскі цярпелі адну ганебную паразу за адной, Лебедзь публічна высьмейваў генэралаў і казаў, што ён захапіў бы “мяцежную тэрыторыю” за некалькі дзён. Але ўжо тады крамлёўскае кіраўніцтва панічна баялася генэрала-арыгінала, таму што ў асяроддзі імпэрскіх расейскіх грамадзянаў імкліва рос ягоны аўтарытэт. Лебедзь імпанаваў дорогім россіянам грубасьцю манераў, рэзкасьцю меркаваньняў і брутальнасьцю зьнешняга выгляду. “Такой человек должен вывесті Россію із ямы, в которую она провалілась...” — казалі расейцы, аплакваючы сваю імпэрыю. На прэзыдэнцкіх выбарах 1996 года кандыдат Лебедзь заняў трэцяе месца ў першым туры. Крамлёўска-лубянская хунта ўжо ўяўляла сябе, як ён уязжае ў Крэмль на белым танку і “разгоняет эту шпану”. Лебедзь быў у палітыцы ўжо з 1990 года. Спачатку ў камуністаў-ленінцаў, а потым у створаных гэбэ імпэрскіх групоўках. У 1995 годзе яго далучылі да крэатуры (даўно забытай усімі, але тады даволі актыўнай) пад назовам Кангрэс рускіх абшчын (сярод яго старшыняў быў вядомы цяпер імпэрац Д. Рагозін). Засядаў у Дзярждуме. Каб утаймаваць непаслухмянага генэрала, ельцынскія пераможцы выбараў 1996-га далі яму тытулаў і пасадаў: сярод іншага Лебедзь стаў сакратаром Рады Бясьпекі РФ “с особымі полномочіямі” і паўнамоцным прадстаўніком прэзыдэнта РФ у Чачэніі. Якраз у жніўні 1996 года чачэнскі народ нанёс расейскай арміі сакрушальную паразу ў вайне і выбіў акупантаў з Грознага і ўсёй тэрыторыі краіны. Масква вымушана была падпісаць так званыя Хасаўюртаўскія пагадненьні з абяцаньнямі міру. Падпісваў іх ад РФ менавіта генэрал-палітык Лебедзь.
Але марнымі былі спадзяваньні крамлёўскай эліты на падпарадкаваньне і подкуп непаслухмянага ваеначальніка. Той не хаваў, што Цэзар, Банапарт і Жукаў былі ягонымі кумірамі. І што ў іхных біяграфіях яму найбольш падабаліся менавіта старонкі пра разгон “шпаны”: сэнатаў і парлямантаў. Ня вытрымаўшы каманднага тону генэрала, эліты правакуюць канфлікт зь ім і высылаюць яго ў адстаўку з ваеннай і дзяржаўнай службы. Аднак, гэты канфлікт зрабіў Лебедзя яшчэ больш папулярным у расейскага охласа, які пачынаў ужо ўсур'ёз ненавідзець “новую расейскую дэмакратыю”.
Сібірскі народ у 1998 годзе абраў Лебедзя губэрнатарам Краснаярскага краю. “Генэрал-губэрнатар” (як называлі яго ў напалоханай Маскве) працягваў рабіць грубыя, салдафонскія прамовы ў Расеі і падчас візытаў за мяжу. Дарэчы, менавіта на Захадзе яго ўжо пачыналі разглядаць як канкурэнта Крамлю-Лубянцы і цалкам магчымага новага прэзыдэнта Расеі (таму і запрашалі да сябе ў госьці). Афіцыйная Масква спрабавала хіхікаць з сякерных жартаў генэрала, выстаўляць яго блазнам. Але ўсім было зразумела, што ў “калідорах улады” пануе шчыры і панічны страх перад гэтым гібрыдам Пугачова і Суворава.
Ніхто ня можа ўспомніць удалых рэформаў або гаспадарчых поспехаў гэтага краснаярскага губэрнатара. Ён быў сярод іншых начальнікаў ня лепшым і ня горшым. Але было зразумела, што засядаць ён хацеў у самым Крамлі і камандваць імпэрыяй так, як некалі камандваў палком і арміяй. 28 красавіка 2002 года ён ляцеў на верталёце з інспэкцыйнай паездкай па сваіх валадараньнях разам з шэрагам людзей, адміністратарамі і журналістамі. У раёне возера Ойскас верталёт упаў, усе загінулі. У якасьці афіцыйнай вэрсіі быў агучаны няшчасны выпадак (“зачапілі драты высакавольтных перадачаў”) і “непадрыхтаванасьць экіпажа”. Ніхто ў Расеі ды і ў сьвеце не паверыў у гэтую “качку”. Усім было зразумела, што маскоўскае начальства ўрэшце пазбавілася ад небясьпечнага канкурэнта. І нават іншых людзей не пашкадавала.
У рэтраспэктыве ўзьнікаюць пытаньні: чаму ж Крэмль-Лубянка не пакарысталіся гэтай папулярнай фігурай, чаму скінулі яе з сваёй шахматнай дошкі? Не, такое было б немагчыма! Лубянка, апанаваўшы “русскую демократію”, выпрацавала новы “тіп руководітеля”. Паглядзіце на Пуціна, Медведеве, генэрала арміі КГБ Іванова, на іншых. Зразумела, што армейскі генэрал у галіфэ і ботах ня ўпісваўся ў гэты антураж дробных і ўшчэнт фальшывых асобаў. Ён ішоў па жыцьці таранам, за гэта і падабаўся прасталюдзінам.
У прынцыпе гэта забаронены ў гістарычнай навуцы прыём: разважаць аб тым, “а што было б, калі б...” А што было б, калі б на троне ў Крамлі сядзеў не сёньняшні Медведев, а заўчорашні Лебедзь? Ды нічога не было б, было б тое ж самае. Развал і падзеньне маскоўскай імпэрыі, дэмаралізацыя народу і элітаў, панаваньне крыміналу, сьмерць, галеча, дзяржаўны тэрарызм і няшчасьце для суседніх народаў.
Нішто ня выратуе Імпэрыю Зла. І вельмі важна, каб беларусы былі як мага далей ад гэтага крывавага разлома.
Валеры Буйвал