ПАМЯЦЬ ПРА ВЯЛІКАГА БЕЛАРУСА

Сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ працягваюць мерапрыемствы, прысьвечаныя Дню Волі. 27 сакавіка група сяброў Партыі накіравалася зь Менску ў горад Талачын, што на Віцебшчыне. Людзі наведалі магілу Лявона Баразны (1928-1972), які пахаваны ў родных мясьцінах. Фронтаўцы ўзьнялі нацыянальны Бел-Чырвона-Белы Сьцяг і засьпявалі гімн “Магутны Божа”, запалілі зьнічкі і ўсклалі кветкі з бел-чырвона-белай стужкай. Выступоўцы казалі пра яркае жыцьцё вялікага беларуса, якое служыць прыкладам для сёньняшніх адраджэнцаў.

Выдатны мастак і дасьледчык культуры, Лявон Баразна вывеў маладзейшае пакаленьне на беларускі шлях. Ён натхняў маладых беларусаў нацыянальнай ідэяй у часы, калі над нашай краінай панавала цемра маскоўска-савецкай акупацыі і адбывалася адкрытае зьнішчэньне ўсяго сьвятога і нацыянальнага. Камуна-гэбоўскі рэжым арганізаваў у Менску забойства патрыёта ў жніўні 1972 года. Але ягонае ахвярнае жыцьцё не прайшло дарэмна. Менавіта ягоныя вучні сталі праз гады тым авангардам, які ўтварыў Беларускі Народны Фронт і павёў Беларусь да аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці. Творчая спадчына Лявона Баразны зьяўляецца каштоўнейшым унёскам у разьвіцьцё нацыянальнай культуры. У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адбываецца выстава твораў мастака, яна працягнецца да 8 красавіка 2010 года.

Патрыёты прайшлі па вуліцах старажытнага Талачына (першая згадка аб горадзе — 1433 год), паразмаўлялі з людзьмі, адчулі паэзію краявідаў. Вялікае ўражаньне пакінула наведваньне комплексу былога базыльянскага кляштара і ўніяцкай царквы, шэдэўра беларускага барока.

Вясна пераможна крочыць па нашай зямлі. З зімовага палону абуджаецца ўсё жывое. Беларусь — прыгажэйшая ў сьвеце краіна...

Валеры Буйвал