ІНФАРМАЦЫЯ З МАСКВЫ. ШМАТ ПЫТАНЬНЯЎ

“У Маскву вярнуўся тэрор”. Taк сфармулявалі сутнасьць падзеяў расейскія журналісты. У выніку двух выбухаў на дзьвюх станцыях маскоўскага мэтро загінулі і былі параненыя дзясяткі людзей. Выбухі адбыліся раніцай 29 сакавіка, калі шмат пасажыраў едуць на працу. Начальнік ФСБ Бортнікаў і мэр Масквы Лужкоў ужо праз пару гадзінаў заявілі публічна, што тэракты зьдзейсьнілі каўказкія жанчыны-шахідкі. Маўляў, знайшлі фрагмэнты целаў, непашкоджаную галаву і г.д. У гэтай сувязі адразу ўзьнікае пытаньне. Адкуль такая апэратыўнасьць высноваў гэтых начальнікаў? Чаму, нават як сьлед не пачаўшы рассьледваньне (са станцыяў яшчэ выносілі забітых і параненых), яны ўжо такія ўпэўненыя?

На інтэрнэт-выданьні французкай газэты “Le Monde” за 29 сакавіка 2010 г. дэманструецца відэазапіс інтэрв'ю (на расейскай мове) з маладым маскоўцам, які стаў сьведкам другога выбуху, на станцыі мэтро “Парк культуры”. Ён расказвае, што зайшоў у мэтро на ст. “Біліятэка імя Леніна”. Па гучнай сувязі людзей заклікалі карыстацца наземным транспартам, але не заклікалі да эвакуацыі (хаця ўжо было вядома, што адбыўся першы выбух на ст. “Лубянка”). Цягнік паехаў. Пастаяў хвілін пяць перад ст. “Парк культуры”. Потым заехаў на станцыю, там адбыўся выбух.

Крыніца: http://www.prensaescrita.com/adiario.php?codigo=&pagina;=http:www.lemonde.fr

Чаму пасьля першага выбуху не эвакуіравалі людзей з падземкі? Чаму цягнік чакаў перад станцыяй, дзе павінен быў адбыцца выбух? Ад першага да другога выбуха быў інтэрвал у сорак (!) хвілін. Чаму выбухі адбыліся менавіта ў тых месцах, дзе знаходзяцца галоўныя цэнтры ФСБ і Міністэрства Унутраных Справаў РФ? Камусьці трэба было, каб выбухаў было два?

Гэта не апошнія пытаньні і не апошнія дзіўныя супадзеньні з папярэднімі выбухамі ў Маскве і іншых гарадах Расеі. Медведев, Пуцін, Бортнікаў, Лужкоў і іншыя начальнікі не сьпяшаюцца адказваць на гэтыя пытаньні. Расейскае тэлебачаньне не сьпяшаецца ставіць іх.

* * *

29 сакавіка 2010 г. Італьянская газэта “Repubblica” пісала пра тэракты ў маскоўскім мэтро. Маўляў, на адной з разбомбленых станцыяў ужо знайшлі “пас шахідаў”.

Наш камэнтар: Як і безьліч іншых СМІ сьвету, італьянцы робяць сэнсацыю з таго, што паведаміла ім у афіцыйных бюлетэнях ФСБ. Нават ня ставяць пад знак запытаньня гэтае паведамленьне. Успамінаецца пляшка з-пад каньяка, якую нібыта ФСБ знайшло ў руцэ ў аднаго з чачэнцаў, забітых падчас нападу на тэатр на Дуброўцы ў 2002 годзе. Потым, праўда, гэтая пляшка некуды зьнікла...

* * *

29 сакавіка 2010 г. Нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” назвала свой артыкул з Масквы — “Помста ісламскіх сэпаратыстаў?”

Наш камэнтар: Немцам таксама “усё зразумела”. Але гэтыя хoць пытальнік паставілі. Але ўзровень журналістыкі!

* * *

29 сакавіка 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” выйшла з артыкулам на першай балёнцы — “Шахідкі забілі 37 асобаў”. Наступныя падтытулы гучалі так — “Ніхто не прызнаўся ў зьдзяйсьненьні тэрактаў” і “Невядома, ці пацярпелі палякі”.

Наш камэнтар: “Ніхто не прызнаўся” і “невядома”, але газэтчыкі ўжо ведаюць, хто забіў людзей. Вось такая “аналітыка”. Вось такі “ўзровень”! А мы думалі, што палякі могуць так пісаць толькі пра падзеі ў Беларусі.

* * *

29 сакавіка 2010 г. Латвійская газэта “Diena” паведаміла, што палова жыхароў Масквы яшчэ ў сярэдзіне гэтага дня ня ведала пра тэракты ў мэтро. Галоўныя тэлеканалы Расеі не рабілі спэцвыпускаў на гэтую тэму, па-за каналам “224”.

Наш камэнтар: Адразу адчуваецца, што аналітыку робяць латышы, постсавецкія людзі, якія добра ведаюць Маскву і Крэмль. Успамінаецца 22 чэрвеня 1941 года. Людзі ўспамінаюць, што бамбардоўкі і вайна ішлі ўжо гадзіны тры-чатыры, а па савецкім радыё перадавалі музычку і “весті с полей”. Успамінаецца Чарнобыльская катастрофа з музычкай і парадамі. У прынцыпе сёньня адбылося чарговае злачынства крамлёўскіх уладаў.

Алесь Хадасевіч