ФАЛЬШЫЎКА
25 сакавіка Радыё Свабода зрабіла сэрыю кароткіх рэпартажaў пра сьвяткаваньне Дня Волі ў розных рэгіёнах краіны. У нізцы інфармацыяў быў і рэпартажык з Зэльвы аўтарства карэспандэнта Свабоды па Горадзеншчыне Міхала Карневіча. Сп. Карневіч паведаміў у эфір: “Актывіст БХД Юры Качук...” І потым згаданы актывіст распавёў слухачам, як патрыёты адзначалі нацыянальнае сьвята ў родным горадзе. Рэпартажык Карневіча з працытаваным фрагмэнтам быў таксама зьмешчаны на сайце Радыё Свабоды ў сеціве. На працягу амаль сутак яго праслухоўвалі і чыталі тысячы людзей.
У сувязі з гэтым паведамляем, што сп. Юры Качук зьяўляецца сябрам Сойму Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. У Фронце і КХП-БНФ Юры Качук працуе для беларускай адраджэнскай справы ўжо больш за 20 гадоў, з самага пачатку фронтаўскага рушаньня ў 1988 годзе. Зянон Пазьняк, фронтаўскае і партыйнае кіраўніцтва, сябры-аднадумцы ставяцца з вялікай павагай да Юры Качука, ахвярнага чалавека, які так шмат зрабіў і робіць для нашай Айчыны. Юры Качук ніколі ня меў і ня мае нічога агульнага з (яшчэ ня створанай) арганізацыяй пад абрэвіятурай БХД, а таксама з дзеячамі кшталту П. Севярынца або В. Рымашэўскага. Юры Качук ніколі не пісаў (і не напіша) заявы на ўступленьне ў гэтую структуру.
Што гэта было? Памылка правінцыйнага спэцкора Радыё Свабоды? Наўрад ці. Спэцкор Карневіч жыве якраз у гэтай правінцыі і лепш за іншых ведае, хто такі Юры Качук і сябрам якой партыі ён зьяўляецца.
Мяркуем, што прычына не ў раптоўнай амнэзіі сп. Карневіча ды і ня толькі ў ім. Ня першы раз ужо слухачы Радыё Свабоды ловяць журналістаў гэтага радыё на фальшыўках, прычым вельмі часта на грубых фальшыўках. То падчас выбарчай кампаніі, калі КХП-БНФ заклікае да байкоту выбарчага фарса, карэспандэнты Свабоды паведамяць, што на правінцыі “дзесяць сяброў КХП балатуюцца ў дэпутаты”. То распавядаючы пра праграмы розных партыяў, радыё заявіць, што “КХП ставіць задачу хутчэйшага ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз”. На самой справе, ніводзін з сяброў КХП-БНФ не парушаў на тых выбарах партыйнага рашэньня пра байкот, а ў партыйнай праграме КХП-БНФ няма такой задачы. Яшчэ больш часта карэспандэнты свабоды дапускаюць фальш “у нюансах”. Напрыклад, пры правядзеньні мерапрыемстваў, арганізаваных КХП-БНФ, называюцца імёны арганізатараў з зусім іншых структураў. І г.д.
У прынцыпе з-за такога ставяць двойкі і вытурваюць з першага курса нават правінцыйных журфакаў. Даволі рэгулярнае перакручваньне фактаў стала нейкай дзіўнай завядзёнкай карэспандэнтаў беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Дзіўны непрафэсіяналізм журналістаў, якія працуюць у такой нешэраговай рэдакцыі? Быць можа... Тады, што яны там робяць? Можа ім лепш супрацоўнічаць з раёнкай “Шлях Ільіча”? Або падвучыцца рамяству на якіх-небудзь курсах? Або саступіць сваё (даволі “бойкае” месца) больш прафэсійным і сумленным прафэсіяналам?
На наступны дзень пасьля выйсьця рэпартажа М. Карневіча ў эфір і публікацыі яго на сайце Радыё Свабода “памылка” была выпраўлена. Але, па-першае, пасьля вельмі рэзкай заявы пратэсту сп. Юры Качука. І, па-другое, пасьля таго, як з фальшыўкай пазнаёміліся шматлікія слухачы і чытачы Радыё Свабода. 26 сакавіка выпраўленнае паведамленьне зрабілася ўжо “учорашнім сьнегам”. Прыкры выпадак. Добра бало б, каб такія выпадкіі больш не ўзьнікалі.
Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ