ВАЖНАЯ ІНФАРМАЦЫЯ

25 сакавіка псэўдаапазыцыя зьбірала людзей каля Акадэміі навук у Менску. Сабраліся каля тысячы чалавек пад стракатымі сьцягамі і з рознымі лёзунгамі. Было шмат міліцыі. Але гэта было, як заўсёды. Агульную ўвагу ў той вечар прыцягнула публічная заява ў мегафон, зробленая начальнікам менскай міліцыі Леанідам Фармагеем. Шэраг інтэрнэт-выданьняў зьмясьцілі гэтую інфармацыю і цытавалі заяву сп. Фармагея (на некаторых старонках гэтая інфармацыя праз кароткі час зьнікла). Цытуем словы сп. Фармагея паводле інтэрнэт-выданьня “Naviny. By”. Сп. Фармагей сказаў у мегафон: “У нас есть информация, что группа российских граждан может совершить провокации наподобие той, которая произошла 3 июля 2008 года”.

Крыніца: http://naviny.by/rubrics/politic/2010/03/25/ic_articles_112_167208

Міліцэйскі начальнік, безумоўна, меў на ўвазе выбух у цэнтры Менска ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года. Тады былі паранены дзесяткі маладых людзей, якія прышлі на афіцыйны канцэрт з удзелам А. Лукашэнкі. Дагэтуль спэцслужбы Беларусі не знайшлі арганізатараў і выканаўцаў таго тэракта. Затое тэракт дазволіў рэжыму разгарнуць па ўсёй краіне хвалю застрашальных мерапрыемстваў, гэтак званы збор адбіткаў пальцаў. Рэжым разгарнуў таксама кампанію па абвінавачваньню апазыцыі ў гвалтоўных дзеяньнях. І вось нечакана, больш чым праз паўтары гады прагучала такая важная інфармацыя пра “российских граждан”. Дзякуй міліцэйскаму начальніку за шчырасьць.

Хаця беларусы даўно ўжо зразумелі, адкуль у нашу краіну прыходзіць крымінал, кілеры, злодзеі і іншыя няшчасьці.

Юрка Марозаў