ВЯЛІКАЯ ІДЭЯ

Бывае, што сустракаюцца два незнаёмых чалавекі, пачынаюць гаворку. І раптам высьвятляецца, што іхныя лёсы, пражытыя гады, зьдзейсьненыя справы вельмі падобныя. Адкрываецца духоўная блізкасьць, узаемнае разуменьне агульных праблем, якое не патрабуе лішніх словаў і тлумачэньняў. Гэта цудоўна разумеў старажытнагрэцкі гісторык Плутарх, стваральнік “Паралельных жыцьцяпісаў” рымскіх і грэцкіх дзеячаў. Менавіта ён лічыцца вынаходнікам навукова-гістарычнага мэтаду параўнальнага разгляду біяграфіяў і дзейнасьці асобаў. Мэтаду, які дазваляе ўбачыць новыя грані, здавалася б, даўно знаёмай і адпрацаванай тэмы.

Народы — як людзі. Яны суіснуюць на прасторах гісторыі, перажываюць уздымы і падзеньні, разьвіваюцца сваімі шляхамі, па-свойму робяць унёсак у скарбонку чалавечай цывілізацыі. Але ў пэўныя моманты сустракаюцца на цывілізацыйных скрыжаваньнях, ідуць разам або праз пэўны час дзіўным чынам паўтараюць пройдзенае братэрскім народам. Для перакананых матэрыялістаў гэта — выпадковасьць, сэрыя кур'ёзных супадзеньняў. Для людзей, якія жывуць напружаным духоўным жыцьцём, гэта ёсьць сьведчаньне блізкасьці нацыянальнага лёсу і знак, якім Госпад паказвае напрамак далейшага нацыянальнага шляху.

Спрадвеку наша Беларусь жыла ў творчым хаўрусе з грэцкай цывілізацыяй. Па нашых рэках праходзіў вялікі Шлях з варагаў у грэкі. Але наша зямля была ня проста транзітнай тэрыторыяй для чужых інтарэсаў. На самым пачатку хрысьціянскай гісторыі Беларусі грэкі і грэцкая культура былі важнейшым складнікам новага пэрыяду беларускай культуры. Беларускія сьвятыя Кірыла Тураўскі і Еўфрасіньня Полацкая, тысячы нашых інтэлектуалаў ведалі грэцкую мову, зьбіралі грэцкія кнігі. Велічным сымвалем гэтага дыялогу культураў зьяўляецца Полацкая Сафія, храм, узьведзены ў 11-м стагоддзі паводле духоўнага ўзору Сафіі Канстанцінопальскай. Разьвіцьцё ў Беларусі Хрысьціянства ўсходняга абраду (“грэцкай веры”, як казалі сучасьнікі) дае шэраг імёнаў грэцкіх царкоўных дзеячаў, якіх паслаў у ВКЛ Канстанцінопальскі патрыярхат. (Як вядома, маскоўскага патрыярхата тады не існавала, а пры Барысе Гадунове яго стварылі ў парушэньне ўсіх кананічных законаў). Трагедыя 1453 года (падзеньне Канстанцінопаля і канчатковы захоп Візантыі туркамі) была для элінаў тым жа, чым былі для беларусаў трэці падзел Рэчы Паспалітай і канчатковы захоп расейцамі Вялікага Княства у 1795 годзе.

Але народы не пагадзіліся з рабствам, ідэя нацыянальнага вызваленьня фармавалася нацыянальнымі элітамі. Падзеленыя часам, нацыянальныя аспірацыі нашых народаў атрымалі свае канчатковыя кшталты і дэфініцыі, у грэцкіх патрыётаў — Вялікая Ідэя, у беларускіх патрыётаў — Нацыянальнае Адраджэньне. Амаль цэлае стагоддзе падзяляе дзьве лёсавызначальныя падзеі грэцкай і беларускай гісторыі. Але знакавы дзень, — 25 Сакавіка, — зьяўляецца і для Грэцыі і для Беларусі найвялікшым нацыянальным сьвятам.

25 сакавіка 1821 года мітрапаліт Патрскі Герман багаславіў у кляштары Хагія Лаўра каля горада Калаўрыта Сьцяг паўстаньня і зьвярнуўся да элінаў з адозвай: “Лепш загінуць зь мячом у руках, чым бачыць няшчасьці Айчыны і збэшчаныя сьвятыні! Разарвіце ланцугі, скіньце прыгнёт, які душыць вас. Мы — спадчыньнікі Бога і самога Хрыста! Тое, што вы пакліканы бараніць, ёсьць Боскай справай!” У кляштары на Дзень Дабравешчаньня Багародзіцы сабраліся сотні патрыётаў, яны пакляліся да канца змагацца за вызваленьне айчыны. Сьцягам паўстаньня стаў геральдычны сымваль шляхецкай сям'і Калакатронісаў, выдатных дзеячаў вызвольнага руху, — блакітны Крыж на белым фоне (пазьней ён стане галоўнай часткай дзяржаўнага сьцягу Грэцкай Рэспублікі). Над зьняволенай краінай загучаў лёзунг паўстаньня — “Воля або сьмерць!”

25 сакавіка 1918 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў Менску зьвярнулася да народу і сьвету з ІІІ Устаўной Граматай. Залатыя радкі гэтай Дэклярацыя Незалежнасьці Беларусі таксама поўныя велічы і ўзьнёслай духоўнасьці: “Год таму назад народы Беларусі, разам з народамі Расеі, скінулі ярмо расейскага царызму, якое з усіх цяжэй прыдушыла Беларусь; ня пытаючыся народаў, ён кінуў наш край у пажар вайны, якая дашчэнту зруйнавала гарады і вёскі беларускія. Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якое было накінутае расейскім царызмам на наш вольны і незалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай...” Гістарычныя сымвалы Беларускай Дзяржавы і нашага народу Гэрб Пагоня і Бел-Чырвона-Белы Сьцяг сталі дзяржаўнай сымволікай БНР.

Дзень Волі меў для абодвух народаў сваю глыбокую перадгісторыю. У 1770 годзе ў Грэцыі адбылося вялікае паўстаньне супраць турэцкага іга. Яно было жорстка здушана акупантамі. На Беларусі менавіта перамога Грэцкай рэвалюцыі (1821-1830) натхніла на подзьвіг паўстанцаў 1830-31 гадоў.

Напярэдадні вялікіх рашэньняў Дня Волі адбываліся драматычныя падзеі. У беларускай гісторыі першыя старонкі акту набыцьця незалежнасьці Радзімы былі напісаны далёка ад роднага краю — на Румынскім фронце І Сусьветнай вайны. Часовы ўрад у Петраградзе вырашыў спыніць развал сваёй арміі і выдаў загад на ўтварэньне нацыянальных вайсковых частак. Атрымалі такую прапанову і беларусы, якіх вельмі шмат знаходзілася ў Румыніі. На прыканцы жніўня — пачатку верасьня 1917 года, на працягу лічаных дзён у беларускія палкі запісаліся 100 тысячаў нашых мужчын і юнакоў, афіцэраў і жаўнераў у расейскіх уніформах. Керанскі з камарыльяй не чакалі такога энтузіязму і пастараліся згарнуць народную ініцыятыву. Як жа не хапала стотысячнай беларускай арміі ў сьнежні 1917 года, калі кучка п'яных расейскіх бальшавікоў разганяла ў Менску Усебеларускі Зьезд! Як патрэбныя былі беларускія ваяры Ураду БНР! Але менавіта ў красавіку 1918 года румынскія войскі акружылі беларускія палкі і прымусілі іх скласьці зброю (Румынія падпісала сэпаратны мір з Нямеччынай і Аўстра-Угоршчынай).

З румынскай старонкі пачалася і драма Грэцкай рэвалюцыі. Падрыхтоўка да паўстаньня вялася патрыётамі пад кіраўніцтвам Аляксандра Іпсіланціса. Ён доўга быў на расейскай вайсковай службе (як і большасьць афіцэраў ягонай арганізацыі), нават удзельнічаў у Барадзінскай бітве. Турэцкі султан прызначыў Іпсіланціса валадаром Валахіі, тады падпарадкаванай Порце. Але патрыёты не хацелі ўжо жыць паводле законаў васалітэту. Грэкі вырашылі менавіта ў румынскіх княствах распачаць вызвольную вайну народаў супраць агульнага прыгнятальніка. 6 сакавіка 1821 года аддзелы грэцкіх паўстанцаў (“сьвяшчэнныя атрады”) перайшлі раку Прут і пачалі ваенныя дзеяньні супраць турак у Малдове. Але румыны не падтрымалі антыасманскі імпэт паўстанцаў. Грэкі пацярпелі паразу. І ўсё ж іхны подзьвіг ня быў дарэмным. На радзіме пачулі іхны заклік, і ўжо праз колькі дзён патрыёты зьявіліся са Сьцягам перад мітрапалітам Германам.

1 студзеня 1822 года Нацыянальны Сход Грэцыі абвясьціў сувэрэнітэт Грэцыі і сфармаваў часовы ўрад. Сталіцай стаў Карынф. Турэцкія войскі адступалі. Турэцкі гарнізон у Афінах схаваўся на Акропалі. Аднойчы грэцкія ваяры ўбачылі, што туркі пачалі разбураць антычныя калёны. Варвары даставалі з мармуровых барабанаў сьвінцовыя стрыжані і адлівалі зь іх кулі. Грэкі адразу паслалі да ворага парлямэнцёраў з пасланьнем: “Мы забясьпечым вас кулямі, толькі не разбурайце Акропаль”. Абвяшчаючы дзяржаўную незалежнасьць Айчыны, беларусы таксама ратавалі сваю нацыянальную культуру. Будучыня паказала, што пасьля паразы БНР расейскія варвары наладзілі ў Беларусі нябачаны ў гісторыі пагром усяго нацыянальнага і культурнага, які працягваўся дзесяцігоддзямі.

Перамога дасталася грэкам вялікім коштам, у поўнай драматызму барацьбе. Ужо ў 1822 годзе туркі арганізоўваюць магутны контрнаступ, зноў захопліваюць вызваленыя тэрыторыі і Карынф. Але грэцкая армія разьбіла і адкінула агрэсара. Як і беларусы, грэкі вымушаны змагацца малымі сіламі і перамагаць вялікія масы ворага. Уся Эўропа захаплялася подзьвігам маленькага атрада Канстанцінаса Канарыса. На некалькіх чаўнах грэкі падплылі да асманскай эскадры ля берага выспы Хіаса і спалілі некалькі вялікіх суднаў, у тым ліку флагманскі карабель турэцкага адмірала.

На вялікі жаль, пра беларускую нацыянальную справу ведала ня так шмат людзей у Эўропе пачатку 20-га стагоддзя. У 1918 годзе народы і эліты былі заняты завяршэньнем Сусьветнай вайны і канфліктным вырашэньнем уласных нацыянальна-дзяржаўных справаў. А вось змаганьне грэкаў за стагоддзе да гэтага выклікала вялікую сымпатыю ў розных краінах і нарадзіла моцны міжнародны рух філаэлінаў. Найбольш яркім быў салідарны ўчынак вялікага ангельскага паэта Джорджа Байрана, які начале атрада аднадумцаў прыбыў у Грэцыю і памёр падчас эпідэміі ў 1824 годзе. Класікай стала палатно французкага мастака-рамантыка Эжэна Дэлякруа “Разьня на выспе Хіас”, у якім адлюстраваліся жорсткія турэцкія рэпрэсіі супраць мірнага насельніцтва.

Асобную ролю ў драматычных падзеях грэцкай і беларускай рэвалюцыяў адыгралі чужынскія экзоты. Вядома, што найбольшай жорсткасьцю ў турэцкіх войсках выначаліся так званыя “чаркесы”, карніцкія атрады з ліку малых народаў Паўночнага Каўказа. У той час гэтыя народы якраз вялі абарончую вайну супраць расейскіх захопнікаў, іх падтрымліваў султан. Каўказцы шукалі помсты паўсюль, дзе былі хрысьціяне і дзе было ўмяшальніцтва Расеі. Слуцкія паўстанцы ў 1920 годзе разграмілі расейскія чырвоныя палкі, але не змаглі даць рады кітайскай ардзе, якую Масква паслала на разгром беларускага супраціву. “Немагчыма было змагацца супраць людзей жоўтай скуры...” — успаміналі случакі.

Але неабходна адзначыць, што грэкі вялі сваё змаганьне на глебе абсалютнай нянавісьці да ворага. Эўропа была непрыемна ўражана шэрагам антытурэцкіх пагромаў, наладжаных грэцкімі паўстанцамі. Тады загінулі дзесяткі тысячаў турэцкіх асаднікаў, якія жылі ў Эладзе. Беларускі менталітэт, наша нацыянальная традыцыя ня ведае такой ступені варожасьці і жорсткасьці. Урад БНР, нашы людзі ўсіх пакаленьняў дэкляравалі талерантнасьць да людзей розных нацыянальнасьцяў, што жылі і жывуць на нашай зямлі. Беларусы былі ахвярамі генацыду, але ня здольныя па прыродзе сваёй на генацыд у адносінах да іншых народаў.

У 1826 годзе туркі зьдзяйсьняюць другі зьнішчальны наступ на Грэцыю. Зноў захоплены Афіны. Здавалася, што рэвалюцыя пацярпела паразу. Павароты лёсу спазнае кожная рэвалюцыя. У такія моманты асабліва актыўнымі становяцца маладушныя людзі і здраднікі. Кожная рэвалюцыя мае сваіх вінцучкоў-хадыкаў. Адной з прычынаў паразаў грэкаў былі амбіцыі лідэраў і камандзёраў, якія марнавалі нацыянальныя сілы на міжусобную барацьбу. Архіздраднік з выразным імем Адысей у адкрытую перайшоў на бок турак і ваяваў супраць грэкаў. Калі грэкі ўзялі яго ў палон і пасадзілі ў турму, то вязьні забілі здрадніка.

Грэцкую справу выратавала ўмяшальніцтва эўрапейскіх дзяржаваў, якія не хацелі дапусьціць турэцкай перамогі, а таксама ўзмацненьня пазыцыяў Расеі ў Грэцыі. 6 ліпеня Францыя, Брытанія і Расея падпісалі Лёнданскую дамову, у якой патрабавалі ад Турцыі прызнаць аўтаномію Грэцыі. Калі султан адмовіўся, хаўрусны флёт разграміў турэцка-эгіпецкую эскадру ў Наварынскай бухце.

У траўні 1828 года расейская армія перайшла Прут і пачала вайну супраць Турцыі. У жніўні французкі корпус высадзіўся ў Грэцыі і пагнаў турэцкую армію. У 1829 годзе брытанская армія канчаткова разграміла турак. І ў гэтай драме з шэрагам дзеючых асобаў трэба шукаць беларускія сьляды. Тысячы і тысячы беларускіх афіцэраў, жаўнераў і маракоў ваявалі за волю Грэцыі ў той цяжкай вайне. Многія зь іх загінулі. Вось тэма для працы сёньняшніх беларускіх гісторыкаў.

У 1917-20 гадах, на жаль, ніхто не аказаў дапамогі беларускаму народу. Наадварот, суседзі імкнуліся пакарыстацца нашай зямлёй і нашымі багацьцямі, шукалі сваёй выгады за наш кошт. Яны нават забываліся на ўзяемную нязгоду і знаходзілі агульны “дзяржаўны інтарэс” у нашым нацыянальным няшчасьці. “Рыжскі мір” 1921 года падзяліў нашу Бацькаўшчыну паміж Польшчай і Расеяй. Намінальная сувэрэннасьць БССР не адлюстроўвала сапраўднага выніку нацыянальнага беларускага ўздыму. Наперадзе былі дзесяцігоддзі нацыянальнага змаганьня і аднаўленьне незалежнасьці Беларусі ў жніўні 1991 года.

Лёнданскі пратакол 1830 года таксама не азначаў поўнай перамогі грэкаў. На адваяваных у турак тэрыторыях пражывала толькі 1/6 частка грэцкай нацыі. Грэкам спатрэбіліся яшчэ вялікія намаганьні для вяртаньня сваіх людзей і тэрыторыяў ва ўлоньне Айчыны, некалькі войнаў супраць Турцыі. Толькі ў 1947 годзе з вяртаньнем Грэцыі Дадэканэзкіх выспаў тэрыторыя краіны набыла сёньняшні кшталт. Вялікі шлях аднаўленьня Айчыны ляжыць і перад беларусамі.

У наш час Беларусь і Грэцыя існуюць як незалежныя дзяржавы. Але паводле законаў існаваньня кожнае пакаленьне павінна абараняць сваю волю і будучыню. У Беларусі ідзе барацьба за волю супраць прамаскоўскага антынароднага рэжыму, які прыдумаў незаконную “саюзную дзяржаву” з крамлёўскім ворагам. Грэцкі народ стаў ахвярай авантурнай палітыкі Эўразьвязу, які разумныя людзі называюць “заходнім савецкім саюзам”. Мільёны элінаў падымаюцца на абарону свайго, роднага ад брусэльскай гегемоніі.

Памяць пра подзьвіг дзядоў натхняе на барацьбу сёньняшніх змагароў. Дзень Волі аб'ядноўвае патрыётаў, дае ўпэўненасьць у перамозе народнай справы. Нішто ня спыніць хады гісторыі.

Валеры Буйвал