25 САКАВІКА — ДЗЕНЬ ВОЛІ
Са сьвятам, дарагія суайчыньнікі!
25 Сакавіка — Дзень Волі, найвялікшае сьвята беларускага народу. 25 Сакавіка 1918 года беларускія патрыёты абвясьцілі ў Менску незалежную Беларускую Дзяржаву. Але расейска-бальшавіцкія акупанты захапілі нашу краіну, забілі мільёны беларусаў і зглумілі вольнае разьвіцьцё беларускага народу. Аднак забіць Беларусь ім не ўдалося. 25 жніўня 1991 года мы дамагліся дзяржаўнай незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны.
З усталяваньнем у 1994 годзе прамаскоўскай улады пагроза нашай незалежнасьці зноў вярнулася з гэбоўскай расейскай імпэрыі. Сёньня, калі цемра чужынскага рэжыму засьціла сонца над Беларусьсю, нязгаснае сьвятло Дня Волі дае нам веру ў будучыню. Цемра ня можа вечна трываць. Беларусь ёсьць. Яна незалежная ўжо 19 гадоў. І яна зноў адродзіцца як вольная краіна. Ніхто ня будзе больш зьдзеквацца над нашымі сьвятынямі, зьневажаць наш народ, нішчыць нашу культуру і мову.
Віншуем усіх са сьвятам, зычым моцы духу і непахіснасьці ў цяжкі час. Беларуская Салідарнасьць няхай мацуе нашу еднасьць і супраціў цемрашальству. Ня боймася цяжкасьцяў, не палохаймася іхнага гэб'я! Беражэм нашых людзей, нашую Бацькаўшчыну, любем нашу Беларусь
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ,
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”,
Сакавік 2010 г.