“ДРУЖЕСТВЕННЫЙ ПАРІЖ” ІМ ПОМОЖЕТ”
5 сакавіка 2010 г. Латвійская газэта “Diena” напісала пра перамовы Медведева і Сарказі ў Парыжы. Францыя зьбіраецца прадаць Маскве найсучасны дэсантны карабель тыпу “Містраль” (500 мільёнаў эўра). Прэзыдэнты заявілі: “Гэтая падзея ўзмацніць узаемны давер”. Іспанія таксама паведаміла, што Расея хоча купіць у яе дэсантны карабель “Хуан Карлас” з усталяванымі на ім верталётамі. Балтыйскія краіны і Грузія выказалі трывогу з нагоды гэтых закупак.
Наш камэнтар: Народы хвалююцца нездарма. Імпэрыя рыхтуецца да дэсантных апэрацыяў (яны не бываюць абарончымі). Мільёны галодных і пакінутых дзяржавай расейцаў не дачакаюцца дапамогі, працы, мэдычнай апекі. У ваенную прорву Крэмль кідае шалёныя сумы. Масква рыхтуецца да вайны. І як заўсёды, пад бокам у агрэсара “дружественный Паріж”, яшчэ адзін лідэр Эўразьвязу. Эўраподласьць бязьмежная. На гэтым фоне народы Усходняй Эўропы, што вырваліся з саўдэпіі, павінны былі б аб'яднацца ў абароне супольных інтарэсаў і ў мацаваньні супольнай бясьпекі. Пакуль жа мы бачым, як некаторыя зь іх бавяцца ў пастановачны “польскі канфлікт на Беларусі”, гуляюцца з дзеячыкамі прамаскоўскай псэўдаапазыцыі, вядуць былую сваю палітыку, якая здаецца ім “аптымальнай”. Мабыць падстаўная публіка ў Менску паабяцала бараніць іх ад расейскай агрэсіі.
Юрка Марозаў