1 сакавіка 2010РЫЦАР НАЦЫЯНАЛЬНАГА АДРАДЖЭНЬНЯ(Выстава твораў Лявона Баразны)Маладзейшыя ўзростам людзі часта чулі і чуюць ад старэйшых творцаў згадку пра Лявона Цімафеевіча Баразну (1928-1972). У расповедзе многіх беларускіх патрыётаў пра сваё юнацтва, творчае станаўленьне і крыніцы любові да Бацькаўшчыны абавязкава прагучыць імя гэтага чалавека. На працягу дзесяцігоддзяў памяць аб ім жыве ў беларускіх сэрцах. Хаця дагэтуль няма манаграфіі, у якой быў бы адлюстраваны шматгранны талент мастака, дасьледчыка культуры, майстра этнаграфіі, мысьляра і арганізатара беларускай адраджэнскай справы.У краіне нармальнага цывілізацыйнага разьвіцьця Лявон Баразна быў бы яркай постацьцю сярод многіх роўных яму, дажыў бы да глыбокай старасьці, спакойна працаваў бы на сваім творчым напрамку, аточаны вучнямі і ўзнагароджаны афіцыйным прызнаньнем. Але Айчына наша жыла пад чужынскай акупацыяй. Маскоўскі афіцыёз ужо распрацоўваў канчатковую мадэль ліквідацыі беларускай культуры і мовы, разгортваў канчатковы этап татальнай русіфікацыі Беларусі. Звычайна ў гэтай сувязі згадваюць пра канец “хрушчоўскай адлігі” і пачатак “брэжняўскага застою” (1960-я гады). Але ня будзем падманвацца чужой тэрміналогіяй. Зьмены генсекаў і палітычных курсаў Масквы нічога не мянялі ў беларускім лёсе. На гэтым змрочным фоне насуперак волі акупантаў і дзеля нацыянальнага Адраджэньня дзейнічалі людзі, якія не зважалі на пагрозы і рэпрэсіі ўлады, кпіны і агрэсіўнасьць прыстасаванцаў.У рэтраспэктыве часу некаторыя называюць Лявона Баразну дысыдэнтам. На наш погляд, гэты тэрмін ня надта дастасоўваецца да той дзейнасьці, якой прысьвяціў сваё жыцьцё беларускі дзеяч. Ён проста жыў і тварыў натуральна, па-беларуску — без комплексаў і страху, гаварыў і пісаў праўду, славіў свой народ на мове гэтага народу, імкнуўся натхніць на беларускую справу маладзейшых людзей. І шэраг зь іх, — Зянон Пазьняк, Яўген Кулік, Віктар Маркавец, Мікола Купава і многія іншыя, — прызнавалі і прызнаюць вялікую ролю гэтага маральнага прыкладу ў сваім духоўным разьвіцьці.Лявон Баразна за даволі кароткі час зрабіў творчыя адкрыцьці і аб'ёмы навуковай працы, якія пад сілу цэлым акадэмічным інстытутам (яны займаліся тады іншымі тэмамі: “кіруючай роляй КПСС ў жыцьці савецкага народа” і падобнымі кан'юнктурнымі фальшыўкамі). Ён нястомна дасьледваў народнае жыцьцё, традыцыі, этнаграфію. Замалёўваў, зьбіраў па ўсёй Беларусі і рэканструяваў творы народнага мастацтва. Найбольшы ягоны ўнёсак на гэтай ніве — стварэньне і публікацыя чатырох альбомаў узораў беларускага народнага касьцюма, дзе прадстаўлены строі розных рэгіёнаў Беларусі. Паводле ягоных эскізаў былі створаны сцэнічныя касьцюмы ансамбляў песьні і танца “Нёман” (Горадня), ансамбля імя Агінскага (Смаргонь), “Сьвіцязь” (Наваградак). Баразна распрацаваў сцэнічныя касьцюмы для “Песьняроў”, творчы ўздым якіх быў парадаксальнай з'явай пасярод шэрай саўдэпіі. Навуковы талент Баразны выявіўся ў распрацоўцы знакавага выданьня для разьвіцьця беларускага мастацтвазнаўства: у альбоме “Гравюры Францыска Скарыны”. Ён зрабіў наватарскую справу: сыстэматызаваў, прааналізаваў і даў навуковую ацэнку шэдэўрам беларускага генія. Не збаяўшыся нядаўняга гэбоўскага разгрому шэрагу маладзёвых і студэнцкіх беларускіх арганізацыяў (1965-67), Лявон Баразна стварыў гурток у Беларускім Тэатральна-Мастацкім Інстытуце па вывучэньні беларускай культуры і гісторыі для моладзі, які стаў, фактычна, адзіным незалежным інтэлектуальным цэнтрам у зьняволенай краіне.Выпускнік Менскай мастацкай вучэльні і Беларускага Тэатральна-Мастацкага Інстытута, Лявон Баразна працаваў у розных жанрах і тэхніках. 11 лютага 2010 года ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі ў Менску была ўрачыста адкрыта выстава ягоных твораў. Вернісаж стаў сапраўднай падзеяй у культурным жыцьці краіны. Папярэдняя выстава твораў майстра адбылася 35 гадоў таму, у далёкім 1975 годзе. Усе гэтыя гады афіцыёз старанна ствараў сваю герархію “мастакоў у законе”, аўтарытэтаў савецкай эстэтыкі. Здавалася, што сапраўдныя беларускія таленты назаўжды будуць адсунутыя на маргінэс гісторыі мастацтва, а то і зусім забытыя. Але час расстаўляе ўсё на свае месцы.Атрымалася камэрная экспазіцыя твораў алеем, акварэльлю, гуашшу. Анталогія малюнкаў мадэляў народных строяў для альбомаў — гэта ня проста падрыхтоўчы матэр'ял для выданьня. Кожны з малюнкаў — рэч у сабе, карцінка далёкага беларускага жыцьця, якога ўжо няма. Яны сапраўды маглі б выдатна паслужыць ілюстрацыяй да літаратурнага твора: апавяданьня або аповесьці. У іх ёсьць сюжэтнасьць, непаўторнасьць характараў і апавядальнасьць. Майстэрства акварэліста праявілася ў шэрагу партрэтных аркушоў мастака. Далікатныя тоны, лёгкія, празрыстыя фарбы ствараюць партрэтную работу “Беларускі волат. Дзед Цярэнці з вёскі Слабада Парыцкага раёну” (1957). У акварэльных краявідах Баразны жыве непасрэднасьць эцюда, давернага дыялога з прыродай. Радасьць вясны, цяплыня лета, тонкая музыка роднай прыроды — ачалавечаныя пачуцьцямі вобразы Беларусі. Адным з цэнтраў экспазіцыі, на наш пагляд, зьяўляецца майстэрскі гарадзкі краявід “Стары Менск” (акварэль, 1950-я). Строгі геамэтрызм формаў, кантрастная колеравая кампазіцыя дэманструюць нам адзін з творчых экспэрымэнтаў Баразны. Але галоўнае тут — партрэт сталіцы з велічнай дамінантай бэрнардзінскага сабора, сьвет, які так любіў мастак, які ён бараніў ад зьнішчэньня. За які аддаў сваё жыцьцё.Ягоныя сябры і вучні ўспамінаюць, як разам з Зянонам Пазьняком мастак арганізоўваў грамадзкую абарону гістарычнай забудовы Менска ад зьнішчэньня бальшавіцкімі варварамі. У жніўні 1972 года яны рыхтавалі вялікую акцыю дзеля выратаваньня забытковай вуліцы Нямігі (генсек Машэраў ужо аддаў яе на ліквідацыю). 15 жніўня Лявона Баразну забілі на вуліцы Камсамольскай, побач з кінатэатрам “Перамога”. Забойцаў, — двух крымінальнікаў, — арыштавалі і нават судзілі. Але суд быў ператвораны ў фарс, злачынцам далі сымвалічныя тэрміны. Праз кароткі час яны ўжо былі вызвалены “па амністыі”. Людзі мяркуюць, што КГБ гэтым забойствам спрабавала сарваць акцыю ў абарону Нямігі.Аднак лубянскае злачынства, тыповы іхны прыём з выкарыстаньнем крымінальнікаў не былі проста эпізодам у лакальнай справе. Імя Лявона Баразны ўпісана ў бясконцы беларускі Мартыралог. Акупанты імкнуліся прымусіць назаўсёды замаўчаць вялікага беларуса, зьнішчыць ягоную справу. Але ён ужо перадаў паходню нацыянальнага Адраджэньня маладзейшаму пакаленьню. Беларускі Народны Фронт, аднаўленьне незалежнасьці Айчыны, сёньняшняе змаганьне за волю, сьветлая будучыня Беларусі — усё гэта было працягам ахвярнай справы і жыцьця такіх адраджэнцвў Беларусі як Баразна і ягоныя аднадумцы.Выстава твораў Лявона Баразны будзе экспанавацца да 8 красавіка 2010 года.Валеры БуйвалРэпрадукцыі:1) Лявон Баразна. 1950-я гады.2-5. Беларускія народныя строі. 1956-58.2) Жанчына ў намітцы3) Капыльска-клецкі строй4) Суражскі строй.5) Наваградзкі строй6) Летні эцюд (вкварэль).7) Аўтапартрэт. 1949 г. (Палатно, алей).