АТАМНЫЯ ВАРВАРЫ
17 лютага 2010 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” напісала пра публікацыю ў Францыі сакрэтных дакумэнтаў пра выпрабаваньні атамнай зброі, якія Францыя праводзіла ў алжырскай Сахары ў 1960-я гады. Французкіх вайскоўцаў тады выкарыстоўвалі ў якасьці падвопытных трусоў. Высьвятляліся псіхалагічныя і фізіялагічныя наступствы ўзьдзеяньня радыяцыі на чалавечы арганізм.
Наш камэнтар: Тады пацярпелі некалькі сотняў французкіх вайскоўцаў. Вэтэраны ўспамінаюць, якая пачыналася паніка пасьля каласальнага выбуху. Усе ўцякалі. Саветы таксама праводзілі такія бесчалавечныя экспэрымэнты. Але маштабы псэўданавуковага зьверства былі большыя. На прыўральскіх атамных палігонах пад камандваньнем маршала Жукава (“всенародного героя”, “любімца солдат”) у 1950-я гады праводзіліся атамныя вучэньні з удзелам да 40 тысячаў вайскоўцаў (многія тысячы беларускіх юнакоў і мужчын). Пасьля выбухаў усе таксама разьбягаліся. Але людзей прымушалі вяртацца на спаленую зямлю і імітаваць “зашчіту советской родіны”. Дадзеныя засакрэчваліся. У мэдкартках пацярпелых не было згадкі пра ўдзел у атамных выпрабаваньнях. Мэдыкі ня ведалі, што адбываецца з няшчаснымі і як іх лячыць. Сотні тысячаў людзей памерлі ў пакутах і сталі інвалідамі. Яны дагэтуль не атрымалі ніякай кампэнсацыі. А на перадзе былі яшчэ дзікія злачынствы Масквы пасьля Чарнобыля.
Юрка Марозаў