ЛАДУЦЬКА УЛАДЗІМЕР СЬЦЯПАНАВІЧ (1938–1.2.2010)

Ладуцька Уладзімер Сьцяпанавіч (1938–1.2.2010)

Ня стала нашага дарагога сябра. Спадар Уладзімер быў з намі з самага пачатку дзейнасьці Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”. На працягу гадоў ён быў сябрам Сойму і кіраўніком Заводзкай Рады г. Менску БНФ “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Ён карыстаўся аўтарытэтам у фронтаўцаў, знаходзіў падыход да людзей, ставіўся да справаў з вялікай адказнасьцю. Мы ведалі: дзе спадар Уладзімер, там арганізацыйная праца будзе зроблена на належнай вышыні. Ён не любіў пазёрства, зьнешніх эфэктаў, рабіў фронтаўскую справу па-беларуску — грунтоўна, сур'ёзна, з душой. Інжынэр па адукацыі і прафэсіі, спадар Уладзімер ведаў і любіў беларускую культуру і гісторыю. Ягоная беларуская мова была ўзорам жыцьцёвай натуральнасьці. У драматычныя моманты нацыянальна-вызвольнага змаганьня спадар Уладзімер праявіў мужнасьць і прынцыповасьць, гатоўнасьць ахвяравацца за волю Бацькаўшчыны. Многія з нас кажуць цяпер, што каб маладыя бралі з такіх людзей прыклад, то жыцьцё на Беларусі стала б сьвятлей.

Выказваем нашы шчырыя спачуваньні сям'і нябожчыка. Вечная памяць.

Сябры Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ