ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў МІНУЛЫМ ГОДЗЕ (ВЫПУСК-3): “КАНЕЦ ГЭБОЎСКАЙ МАСКОЎСКАЙ ІМПЭРЫІ”
З Сібіры даходзяць трывожныя зьвесткі ад інжынэраў і праваабаронцаў. Вядомая нядаўняй катастрофай Саяна-Шушанская ГЭС знаходзіцца ў пастаянным аварыйным стане. У Сібіры моцныя маразы. Вада, якая сабралася перад плацінай, ператварылася ў магутную скалу-ледавік і навісла над канструкцыяй плаціны. Ледавік можа абрынуцца на плаціну ў любы момант Але гэта абавязкава павінна адбыцца падчас веснавой паводкі. Калі маса лёду або вады разаб'е плаціну, узьнікне хваля вышынёй у 200 мэтраў, якая пойдзе па цячэньню ракі з хуткасьцю 240 км/гадзіну. Цунамі зьмяце ўсё на сваім шляху, загінуць цэлыя гарады да самага Нарыльска і Ледавітага акіяна. Загінуць да двух мільёнаў людзей.
Ужо цяпер адмыслоўцы заклікаюць крамлёўскае кіраўніцтва не займацца аднаўленьнем машыннай залі ГЭС, а спусьціць ваду цераз гэтую залю і больш не эксплуатаваць плаціну. Крэмль адмаўляецца зрабіць гэта. Многія людзі, што жывуць у небясьпечнай зоне, уцякаюць з сем'ямі падалей ад гэтага кашмара. Актывісты пачалі зьбіраць подпісы пад заклікам да ўладаў ліквідаваць Саяна-Шушанскую ГЭС. Сабралі ажно 2 тысячы подпісаў. Бачна, што сьмяротная небясьпека не абудзіла ў сібіраках салідарнасьці ў супрастаяньні злу і гвалту. Шкада людзей, але падобна, што ім не шкада самых сябе і сваіх дзяцей. Гучаць галасы аб тым, што катастрофа будзе азначаць канец гэбоўскай маскоўскай імпэрыі.
“Страшная краіна, няшчасны народ”
Хвалю спачуваньня выклікалі ў беларускіх людзей чарговыя катастрофы ў Расеі. Паміж Масквой і Піцерам разьбіўся элітны цягнік-экспрэс, загінулі дзесяткі людзей. А потым згарэў разам з людзьмі элітны клюб у Пярмі. Пра апэратыўнасьць дзеяньняў розных службаў і пакараньне вінаватых аўтарытэтна і шматслоўна распавядалі па тэлевізару Пуцін і Медведев. Цяжка параненых разьвезьлі па маскоўскіх і піцерскіх шпіталях. Пачалі правяраць цягнікі, піратэхніку і танц-залі па ўсёй імпэрыі. Здавалася б, якая адэкватная рэакцыя дзяржавы, колькі ўвагі ахвярам і іхным сем'ям.
Аднак, расейскія журналісты (там яшчэ засталіся сапраўдныя журналісты) задалі пытаньні: а чаму на працягу чатырох гадзін пасьля катастрофы не было аказана мэддапамогі пацярпелым у крушэньні цягніка? Чаму не падагналі санітарны цягнік па чыгуначных рэйках (можна было б прывезьці цэлы полк выратавальнікаў)?
Аказваецца на працягу некалькіх гадзін людзей не выпускалі з разьбітых вагонаў. Чаму? А таму, што Лубянка павінна была выпрацаваць сваю вэрсію катастрофы, Лубянцы патрэбны быў на гэта час. На людзей ім напляваць. А 11 сьнежня расейскае тэлебачаньне паказала ток-шоў на тэму пермскай трагедыі (больш за 150 загінуўшых, некалькі сотняў параненых). Адна з ацалелых раптам пачала расказваць пра дзеяньні расейскіх праваахоўных ворганаў. Падчас пажару большасьць людзей кінулася прэч з клюба не ў парадны, а ў служэбны выхад. Туды ж выносілі параненых і трупы. А ў гэты час кардоны міліцыі (і, зразумела, гэбістаў) шчыльна ачапілі ўсе пад'езды-падыходы да клюба “Хромая лошадь”, нікога не пускалі, гналі ўсіх прэч. Не прапускалі да служэбнага выхаду нават машыны хуткай дапамогі (!). Шалёны загад па сілавых структурах быў прычынай многіх сьмерцяў, людзей пакінулі ляжаць на асфальце (што бачна на відэаздымках). У нармальнай краіне першую дапамогу аказвала б і паліцыя і спэцслужбы (там яны праходзяць мэдпадрыхтоўку на такі выпадак). Паліцыя спыняла б і загружала прыватныя машыны параненымі, каб хутчэй даставіць іх у шпіталі. Толькі не ў Расеі.
Для маладзейшых тлумачым: гэта былі і ёсьць тыповыя паводзіны савецкай паліцэйшчыны. На загад начальства КПСС савецкая міліцыя і КГБ заўсёды ачэплівалі месцы масавых няшчасьцяў, каб “не дапусьціць панікі” і каб “не даведаліся вражескіе радіостанціі”. У выніку гінулі дзесяткі і сотні людзей. Як яны паводзілі сябе падчас і пасьля Чарнобыльскай катастрофы, мы добра ведаем. Гэбоўская сістэма ў Расеі застаецца нязьменнай. Яна зрабілася яшчэ больш цынічнай і дзікай. Страшная краіна, няшчасны народ.
Тэатрык для моладзі
6 сьнежня ў цэнтру Менску адбылося, як казалі ў савецкія часы, “всемірноісторіческое событіе”. Радыё Свабода паведаміла, што ў парку Янкі Купалы сабраліся прадстаўнікі 9 маладзёвых апазыцыйных арганізацый і ўтварылі кааліцыю, у рамках якой яны пойдуць на выбары. На здымках мы ўбачылі знаёмыя твары даўно ня страшных рэжыму маладых тусоўшчыкаў, якія ўжо столькі разоў ператусаваліся, што ніхто ня можа сказаць, да якой з груповачак хто належыць.
За “падпольшчыкамі” назірала міліцыя, але “не перашкаджала ім” ствараць чарговую “кааліцыю”. Гэтым стракатым гуртом імітатары рэвалюцыйнай дзейнасьці будуць завабліваць людзей пайсьці на фальшывыя выбары дыктатуры і “сказаць сваё НЕ”. У інтэрнэт-камэнтарах “кааліцыю” гучна высьмеяла вельмі шмат людзей.
Падобна, што спэцслужбы рэжыму адмыслова выстаўляюць на сьмех сваіх маладых падшэфных імітатараў. Мэта ў іх наступная: каб сапраўдная патрыятычная моладзь раптам выпадкова не далучылася б да якой-небудзь з гэтых імітацыйных груповак. Маладыя патрыёты сапраўды маглі б далучыцца да гэтых кволых юрыдычных целаў, скласьці там большасьць, вытурыць арганізатараў імітацыі і наладзіць вызвольны маладзёвы рух. У “слаўных ворганах” добра разумеюць, што такая рызыка ёсьць. Вось і выводзяць гэтую публіку на сцэну, каб патлуміць галаву беларускаму грамадзтву яшчэ адным псэўдаапазыцыйным вадэвілям.
“Беспрэцэндэнтнае рашэньне”
Старшыня камітэту Вярхоўнай Рады Украіны па замежных сувязях Алег Білорус (выразнае прозьвішча!) выступіў 16 сьнежня з заявай наконт прынятага напярэдадні рашэньня Дзярждумы Расеі аб дазволе прэзыдэнту Раесі сваім загадам пасылаць расейскія войскі за межы Расеі. А. Білорус заявіў: “Мяркую, што гэта — беспрэцэндэнтнае рашэньне. Яно будзе мець адмоўны рэзананс у сьвеце. Можа паўтарыцца гісторыя расейска-грузінскай вайны, калі супраць абмежаванага кантынгента ўзброеных сілаў Грузіі была кінута 129-тысячная армія, стратэгічная авіцыя і ракеты Расеі”. Усе памятаюць, што адсутнасьць такога закону не замінала Крамлю кінуць на Грузію свае войскі і распачаць агрэсію. Цяпер Масква мяркуе рабіць гэтыя злачынныя дзеяньні “легальна”.
Гэбісты ўцяклі ў Расею
1 сьнежня кіраўнік службы па пытаньнях дзейнасьці праваахоўных ворганаў сакратарыята прэзыдэнта Украіны Алег Літвак заявіў, што у замаху на жыцьцё цяперашняга прэзыдэнта Юшчанкі ў 2004 г. удзельнічаў генэрал ФСБ РФ. Чыноўнік не назваў імя генэрала, пакуль ідзе сьледства. Генпракуратура Украіны ўжо апублікавала раней высновы аб тым, што Юшчанку атруцілі падчас вячэры зь ягоным удзелам на дачы Ул. Стацюка, былога нам. начальніка СБУ (спэцслужбы Украіны). Пазьней гэты Стацюк, а таксама былы нам. міністра МУС Украіны Мікалай Белаконь уцяклі ў Расею. Цікава, што тамака іх прынялі як герояў, адразу ж далі расейскае грамадзянства. Белаконь атрымаў пагоны генэрал-маёра ФСБ РФ. Мабыць пра яго й згадаў у сваёй заяве сп. Літвак. Да канца раскрываецца яшчэ адно дзяржаўнае злачынства Імпэрыі Зла.
Позьні Вавілон
16 верасьня расейскія тэлеканалы выдалі цэлую сэрыю рэпартажоў пра Расею і расейцаў. У перадачы пад назовам “Воділы” было расказана пра бізнэс з аўтаперавозкамі ў Маскве. “Століца нашей родіны”, аказваецца, падзелена на сэктары. Амаль кожным з сэктароў камандуе таджык-мафіёза. Але адзін з сэктарных начальнікаў прызнаўся ў тэлекамэру, што “жіть стало тяжело, азеры наступают...”
Такім чынам таджыкі з азэрбайджанцамі трымаюць у руках усе таксі і маршруткі. Калі спрабуе падрабіць на перавозках нехта з “дорогіх москвічей”, то яму трэба плаціць экзатычным паханам. Калі хто-небудзь з маскоўцаў спрабуе прыпаркаваць свой аўтамабіль каля вакзала або ў якім іншым шматлюдным месцы, яго вытурвае дзяжурны каўказец. На крыкі маскоўца (“Я ведь москвіч!”), “гость століцы” адказвае з непаўторным акцэнтам: “Я тоже москвіч!” і гоніть незарэгістраванага прэч. Такі дыялог быў засьняты схаванай камэрай.
Паханы набіраюць у свае структуры “вадзілаў” з усяе Расеі без ліцэнзіі і досьведу. Кіроўцы ня маюць дзе адпачываць і начуюць у сваіх машынах. Пасьля такога “адпачынку” яны адпаведна кіруюць машынамі. Таму рэгулярна з Масквы і іншых гарадоў РФ прыходзяць зьвескі пра аўтакатастрофы з 6-9 ахвярамі. Зразумела, што пра ўсё гэта ведаюць міліцыя і ўлады. Але мафійныя сеткі шчодра аплочваюць іх. Масква ўсё больш паступова пераходзіць пад уладу (пакуль ценявую) людзей з былых калоніяў Расеі. Нагадаем, што так яно было ў позьнім Рыме і позьнім Вавілоне. Потым наступаў канчатковы імпэрскі калапс. Візыт генэрала
На прыканцы верасьня ў Беларусь прыязджаў начальнік РПЦ патрыярх маскоўскі Кірыл (ён жа генэрал ФСБ, агентурная клічка “Міхайлаў”). БТ арганізавала нізку тэлесюжэтаў пра ягонае падарожжа. Як заўсёды, беларусы праігнаравалі візыт “арцыбацюшкі.” Найбольшую колькасьць асобаў уладам удалося сабраць, здаецца, у Полацку — тры тысячы людзей. Вядома, што зганялі па сьпісах настаўнікаў і вучняў сярэдніх класаў на ўсе сустрэчы з маскоўскім госьцем, які штораз нагадваў, што “Белоруссія — часть сьвятой Русі” (?).
Выглядала ўсё вымушана і штучна. Прыкладна так савецкіх людзей зьбіралі сустрэць якога-небудзь малацікавага баўгарскага генсека Жыўкава аб мангола Цэдэнбала. Цікава, што ў выпуску навінаў адразу пасьля шматслоўных (і малапрадстаўнічых) сюжэтаў пра патрыярха БТ паказала кароткі сюжэт пра візыт Папы Рымскага Бэнэдыкта XVI у Чэхію. Сярод іншага сказалі, што “на імшу ў горадзе Брно маліцца з Папам прышло сто тысячаў чалавек”...
“Жывы курылка!”
7 лістапада ў Менску адбылася штогадовая камуністычная камэдыя-буф. Каля помніка Леніну сабралася купка з большага старых людзей пад чырвонымі сьцягамі, з партрэтамі Леніна і Сталіна. Быў заўважаны таксама тав. Калякін. Апошняе крыху зьдзіўляе. Тав. Калякін зусім нядаўна перайменаваў сваю кампартыю ў “Справедлівый мір”. Некаторыя думалі, што камуністаў фармальна ў Беларусі ўжо не засталося. Ажно вось як... Жывы курылка! “Выгадніцтва на фоне народнай трагедыі”
14 лістапада ў Менску адбыўся так званы “Беларускі еўрапейскі форум”. Камандваў на “форуме” А. Мілінкевіч. Сабралі вялікую залю. На сцэне не было нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу. Абсалютная большасьць публікі ў залі — “русскоязычные”. Каронныя выступоўцы выступалі гладка і нібыта пад капірку: “усе ў Эўропу”, “наш эўрапейскі выбар”.
Пра антыбеларускія справы антыбеларускага рэжыму не было нават згадана (гэта для іх не зьяўляецца злачынствам). Пра рэжым гучала так: “наша ўлада”, “мы разам з уладай”... Разам з рэжымам яны зьбіраюцца прасоўвацца ў Эўропу і дзяліць сродкі ў рамках праграмы “Усходняга партнёрства”. Было заўважана, што адсутнічалі А. Лебедько і некаторыя іншыя з псэўдаапазыцыйнага эстэблішмэнта. Яны зразумелі, што мерапрыемства наладваецца за замежныя грошы пад Мілінкевіча, і зразумелі, куды павінны пайсьці наступныя грошы. Якая мізэрнасьць, чарговы акт выгадніцтва на фоне народнай трагедыі.
Акупанцкі хлам
22 лістапада кіраўніцтва Узбэкістану загадала выдаліць з цэнтральнага парку Ташкента ўсе ўзоры расейскай вайсковай тэхнікі, на якіх падчас маскоўскай акупацыі краіны “выхоўваўся савецкі патрыятызм”. Увесь хлам (“кацюшы”, танкі і г.д.) не патрэбны нацыянальнай дзяржаве, якая ня хоча ўжо крамлёўскага мілітарызму. Эх, як усхадзілася Масква! Якія пачуліся крыкі і пагрозы з самага верху гэбоўскай піраміды. У гэтай сувязі ўспамінаюцца нашы гарады, дзе ў адно месца сабрана вельмі шмат акупанцкага расейскага хламу. “Трымайцеся падалей!”
У Маскве бандыцкае фармаваньне пад назовам “расейская міліцыя” зьдзейсьніла чарговае дзікае злачынства. Увечары 24 лістапада трох міліцыянтаў на моцным падпітку рабілі “патруль” (па-расейску — “зачыстку”) каля адной са станцыяў мэтро. Спачатку яны штурхалі плячыма маладую жанчыну, якая мела неасьцярожнасьць напаткацца ім. Потым штурханулі маладога мужчыну. Потым кінулі яго на зямлю і забілі на сьмерць нагамі. Загінуў 19-гадовы Эдуард Гурцкая, грузінскі ўцякач з Абхазіі. Беларусы, трымайцеся падалей ад гэтага страшнага горада!
“Моб-шмоб у цэнтры Масквы”
31 сьнежня маскоўская псэўдаапазыцыя наладзіла пацешны моб-шмоб у цэнтры Масквы. Чалавек дваццаць, апранутыя у строі дзедаў-марозаў, гукалі пра неабходнасьць выкананьня крамлёўскімі ўладамі 31-га артыкула канстытуцыі РФ (“свабода сходаў і шэсьцяў”). Наперадзе засьвяцілася ў строі Сьнягуркі 83-гадовая “бабушка русской революціі” Л. Аляксеева (цяпер начальніца ў маскоўскім “Мэмарыяле”). На пацешных наляцела міліцыя і адвезла іх у пастарунак. У розных сталіцах зрабіўся шум наконт “жорсткіх рэпрэсіяў крамлёўскага рэжыму”.
У гэтых сталіцах не зразумелі, што пацешнае шоў арганізавала і правяло ФСБ, каб выставіць ідыётамі 20 асобаў з псэўдаапазыцыі, каб паказаць усяму сьвету наколькі іх мала і якія яны несур'ёзныя. Падобна, што не зразумелі гэтага і псэўдаапазыцыйныя марозы-сьнягуркі.
А вось у Беларусі многія людзі заўважылі ідэнтычнасьць лубянскага цыркавога праекціка. У Менску таксама гэтай зімой правялі некалькі моб-шмобаў мясцовыя з псэўдаапазыцыі. Яны ў строях марозаў-сьнягурак “прарываліся” у генпракуратуру, лукашэнкаўскія “палаткі”, раздавалі ў сталіцы мінакам нейкія русскоязычныя адозвы. Іх таксама “жорстка перасьледвалі”, часам адвозілі ў пастарунак. Для беларусаў гэта была знаёмая (паводле маскоўскага тэлебачаньня) імітацыйная дзейнасьць падстаўных дурачкоў.
Янка Базыль