ЗВАРОТ ДА БЕЛАРУСАЎ АБ ВЫБАРАХ ПРЭЗЫДЭНТА
Паважаныя спадарыні і спадары!
У 2011 годзе павінны адбыцца выбары прэзыдэнта. На гэтых выбарах зьбіраецца зноў незаконна балатавацца Лукашэнка. Ад беларускіх выбаршчыкаў улады патрабуюць прыйсьці на галасаваньне і прагаласаваць (“за” ці “супраць” — ня мае значэньня), 83% галасоў яму намалююць.
За 15 гадоў антыбеларускага рэжыму беларусы ўжо наглядзеліся на лукашысцкія выбары. Ад галасаваньня нічога не залежыць.
Што рабіць у такім становішчы, калі выйграць антыдэмакратычныя выбары нікому акрамя ўзурпатара ўлады немагчыма?
Людзі павінны сьведама ня йсьці галасаваць (байкот галасаваньня).
Сьведамы няўдзел у фальшывым галасаваньні (байкот) залежыць толькі ад волі і салідарнасьці выбаршчыкаў. Кантроль і фіксацыю байкоту лягчэй наладзіць і задакумэнтаваць. Сілу народнага байкоту беларусы прадэманстравалі на апошніх выбарах дыктатуры ў верасьні 2008 года. Усе ясна ўбачылі, што рэжым ня мае ніякай народнай падтрымкі. Цывілізаваны сьвет не прызнаў вынікаў фальшывага “галасаваньня” на пустых выбарчых участках.
Нашым грамадзянам трэба памятаць галоўнае — што Лукашэнка ня мае законнага права балатавацца ў выбарах. Ён сфальсіфікаваў Канстытуцыю і незаконны рэфэрэндум 2004 года, каб выбраць сябе ў трэці раз. Цяпер ён плянуе выбраць сябе ў чацьверты раз. Але беларусы могуць перашкодзіць яму гэта зрабіць, калі ня пойдуць галасаваць на ўчасткі. Вось хай тады й намалюе сабе “усенародны давер”.
У дзень галасаваньня трэба йсьці не галасаваць, а на цэнтральныя плошчы гарадоў, дэманстраваць свой няўдзел. А тады, як у песьні пяецца: “Мы знаем, што трэба рабіць”.
Не фальсіфікацыі!
Не ўзурпацыі ўлады!
Усе за байкот!
Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне”
Старшыня Зянон Пазьняк
Студзень 2010 г.