ЯГОНАЕ ІСНАВАНЬНЕ — НЕБЯСЬПЕКА ДЛЯ НАЦЫІ
(Выступ на студзеньскім Сойме КХП — БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Шчыра кажучы, нават здалёку назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі і як паводзіць сябе рэжым, робіцца нязносным выпрабаваньнем. Можа зблізку інакш выглядае гэты маразм. Усю палітыку, эфір, сеціва запаланілі сваркі паміж мафіямі з адпаведным узроўнем гаварэньня, тэмай і лексікай. Даўно зразумела, што гэтаму ня будзе канца, пакуль яны ня зглумяць і не здадуць усё беларускае і пакуль будзе існаваць антыбеларускі рэжым са сваім начальнікам. На нашых вачах мафія гуляе ў мытны саюз з Расеяй, грызецца за нафту, здае беларускія банкі, а грамадзтва вымушанае на гэта толькі глядзець, не маючы магчымасьці ўплываць на тое, што адбываецца.
Усё гэта паказвае наколькі важнай зьяўляецца наша агульная тактычная задача байкоту незаконных выбараў, стварэньня ўмоваў для непрызнаньня рэжыму і падрыхтоўка ўпадку ягонай улады.
Тым часам аналіз і ацэнку ягоных дзеяньняў па мытным саюзе і нафце мы рабіць мусім. Пытаньне з нафтай — брыдкі мафійны гандаль народнымі рэсурсамі, які мы пастаянна бачым і чуем. Больш сур’ёзная справа са здачай беларускіх банкаў. Гэтым падводзіцца грунт пад захоп расейцамі нашай нацыянальнай эканомікі і маёмасьці.
Паўтара гады таму я засяроджваў Вашу ўвагу на тым, што дзейнасьць і далейшае існаваньне Лукашэнкі ва ўладзе становіцца крайне небясьпечным для нашай нацыі і дзяржавы. Увесь гэты час кожны дзень пацьвярджае маю засьцярогу. У вобласьці права даўно існуе палажэньне аб першасным праве на абарону жыцьця. Гэта значыць, што калі нехта некага заганяе ў кут, каб забіць, то чалавек, баронячы сваё жыцьцё, можа зьнішчыць нападніка і не атрымае за гэта ніякай судовай кары.
Наш народ, нашае грамадзтва ўжо даўно загнаныя ў кут цемрай, што захапіла ўладу ў краіне. Адбываецца павольнае (прытым усьвядомленае, мэтанакіраванае) забіваньне нацыі. Але сапраўдная бяда нават ня ў тым, што гэта адбываецца. Драматызм у тым, што нацыя, якая асьлеплена антыбеларускай ідэалёгіяй рэжыму, гэтага вынішчэньня ў значнай частцы сваёй не разумее і нават ня бачыць. Сытуацыя, што склалася, рэальная, а рэакцыя на яе — намінальная, сузіральная і неадэкватная.
Зыходзячы з гэтага становішча, мы накрэсьлілі патрэбныя варыянты дзеяньняў і стратэгіі, каб не ўваліцца ў пабочныя шляхі, не рабіць другарадныя справы ды не скаціцца ў авантуру. Адсюль зразумелая абавязковасьць нацыянальнага асьветніцтва і наш упор на нацыянальную ідэалёгію, культуру і мову. Паралельная абавязковасьць — гэта абарона незалежнасьці і высьвятленьне агрэсіўнай сутнасьці расейскай палітыкі. Трэцяя абавязковасьць — ліквідацыя антынароднага рэжыму. Тут усе справы сацыяльнага, эканамічнага, культурнага кшталту мусяць быць падпарадкаваныя гэтай абавязковасьці. Кульмінацыйнымі момантамі ў гэтай трэцяй і рашаючай лініі змаганьня становяцца выбары любога ўзроўню. На гэтым цяпер засяроджана галоўнае нашае дзеяньне.
Зьвяртаю Вашу ўвагу на тое, як выразна разьмеркавалася цяпер вікаўская маргінальная апазыцыя пасьля зьмены эўрапейскай палітыкі. Частка (зь Мілінкевічам) пайшла на калябарацыю з рэжымам, падтрымаўшы эўрапейскі прагматызм, іншая частка (АГП, Лябедзькі, Раманчукі) зноў скіраваліся на Маскву; трэцяя частка і маладзёвае асяроддзе трапіла ў яшчэ большую (часам у непасрэдную) залежнасьць ад КГБ, ягоных правакацыяў і авантураў.
Зразумела, што ні з кім зь іх у нас няма сэнсу нешта сур’ёзнае рабіць. Але мы павінны імкнуцца адрадзіць і ўзмацніць наш Беларускі Вызвольны Рух і Беларускую Салідарнасьць. Ва ўмовах нацыянальнай несвабоды і вынішчэньня ўсё, што зьвязана з разьвіцьцём Беларускай Нацыянальнай ідэі, з барацьбой за беларускую мюву, культуру, свабоду і незалежнасьць Беларусі — усё гэта ёсьць галоўная генэральная лінія разьвіцьця нацыі. Толькі яна гарантуе яе сьветлую будучаню. Усё, што з гэтым не зьвязана, ёсць маргінальнае, пабочнае, коснае і тупіковае.
Генэральную лінію разьвіцьця і будучыню нацыі ў ХІХ стагоддзі вызначалі такія людзі як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, дзеяньні і ідэі, якія за імі былі, а не косныя масы спаланізаванай верхавіны, зрусіфікаванага чынавенства і іх галосных артадоксаў. Паланафільства і русіфікацыя у тым стане грамадзтва былі цэнтральна пашыранымі, існавалі на вызначальных пазыцыях, але былі ідэйна правінцыйнымі, пабочнымі і цалкам невызначальнымі ў галоўным разьвіцьці Беларускай нацыі.
Сёньняшняя зрусіфікаваная (вікаўская) апазыцыя, падтрыманая лібэральнай Эўропай, гэтак жа як і косная маса адэптаў рэжыму, ёсьць на Беларусі зьявай маргінальнай і тупіковай, якая блытаецца на ідэйным узбочы нацыянальнага разьвіцьця грамадзтва у расейшчыне, трасянцы, калгаснай псіхалёгіі і абстрактнай дэмакратыі бяз нацыі і ідэі. Адзін сьмелы ўчынак Каваленкі са Сьцягам Беларусі вышэйшы за ўсё іх мёртвае існаваньне. Пацьвярджэньнем усіх гэтых словаў ёсьць наш Фронт 90-х гадоў і наша дзяржаўная незалежнасьць, якой ён дамогся. Няхай жа веданьне і разуменьне гэтага ўселіць рашучасьць і веру ў нашы душы.
Прасіў бы абмеркаваць на Сойме і прыняць захады да высьвятленьня пытаньня з арыштам нашага партыйнага сябра ў Віцебску спадара Каваленкі. Зноў зьвяртаю Вашу ўвагу, што дзяеяньні рэжыму ў дачыненьні да Каваленкі — гэта мэтады і паводзіны тыпова чужых акупацыўных уладаў. Трэба арганізаваць юрыдычную, палітычную, маральную і матэрыяльную дапамогу Каваленку.
З Богам прыступаем да працы.
Жыве Беларусь!
Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
10 студзеня 2010 г.