РАСПРАДАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ, КАБ ПАЗЬБЕГНУЦЬ АДКАЗНАСЬЦІ

(Студзеньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

10 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Ягонае існаваньне — небясьпека для нацыі” (публікуецца).

З дакладамі выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. На фоне чарговай нафтавай спрэчкі паміж Масквой і мясцовым прамаскоўскім рэжымам мы не павінны падманвацца ілюзіяй, што рэжым абараняе нейкія нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Беларусі. Йдзецца выключна аб прыватных інтарэсах рэжымных колаў і асобаў. Той жа мэце служыць татальны распродаж па заніжаных цэнах беларускіх прадпрыемстваў непасрэдна ў расейскія рукі або апасрэдвана праз іранскія і кіпрскія фірмы. Рэжым разгарнуў нават кампанію выпуску аблігацыяў, каб інтэнсіфікаваць і легалізаваць гэты антыбеларускі працэс. Назіраючы за гэтымі афёрамі і выступамі лідэраў рэжыму, многія беларусы зразумелі, што рэжымныя колы згубілі ўпэўненасьць у вечным існаваньні іхнага рэжыму. На працягу некалькіх гадоў яны зьбіраюцца цалкам аддаць расейскаму крымінальнаму капіталу нашую нацыянальную маёмасьць і нейкім чынам пазбавіцца ад адказнасьці за сваю антыдзяржаўную дзейнасьць. Але марная іхная ўпэўненасьць у забесьпячэньні ўласнай камфортнай будучыні на беларускай народнай бядзе. У Расеі актыўна разьвіваюцца працэсы распаду, набліжаецца канчатковы калапс імпэрскай сістэмы. Цьвярозыя расейскія аналітыкі бачаць гэта і папярэджваюць, што калапс можа быць “нечаканы і хуткі”, як у выпадку з Савецкім Саюзам. А можа прыняць іншыя формы дэструкцыі. Але для падзеньня імпэрыі дастаткова моцнага палітычнага або сацыяльна-эканамічнага штуршка. Такім штуршком можа стаць маштабная вайна на Каўказе (напрыклад, у Дагестане) або экалагічная катастрофа на Саяна-Шушанскай ГЭС. Вядома, што ў выпадку прарыву плаціны ў зоне бедства апынуцца больш за два мільёны людзей, некалькі вялікіх гарадоў Сібіры. Мясцовыя жыхары зьвяртаюцца да крамлёўскага і мясцовага кіраўніцтва з заклікамі ліквідаваць плаціну, спусьціць ваду і адмовіцца ад эксплуатацыі ГЭС. Але на гэта прэм’ер Пуцін адказвае аптымістычнымі запэўніваньнямі ў стабільнасьці сітуацыі.

Вялізныя чалавечыя ахвяры і сотні тысячаў людзей з сем’ямі, якія страцяць жыльлё і ўсю маёмасьць, — цалкам верагодны варыянт пачатку распаду маскоўскай імпэрыі. Вельмі важна, каб у гэтым крывавым віры не апынуўся беларускі народ. Трэба адзначыць, што разам з антыбеларускім рэжымам адну справу здачы Беларусі ў маскоўскі палон актыўна робіць падстаўная прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Вядома, што яе прадстаўнікі (Лябедзька, Раманчук і інш.) зьбіраюцца ў бліжэйшы час накіравацца ў Маскву на вялікую канфэрэнцыю па эканоміцы, дзе маюць намер сустрэцца і абмеркаваць агульную стратэгію з “выдатным эканамістам” Пуціным. Гэтая ж публіка мабілізуецца (за заходнія і маскоўскія грошы), каб заклікаць беларусаў ісьці на выбарчыя ўчасткі ды галасаваць на выбарчым шоў рэжыму. Супрацьпаставіцца гэтым злачынным працэсам павінен наш народ, аб’яднаны ў Беларускую Салідарнасьць.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра факты злачыннага распродажу нацыянальнай маёмасьці расейцам. Напрыклад, у руках маскоўцаў апынуўся малаказавод у Горках, што на Магілеўшчыне. Асноўная яго прадукцыя накіроўваецца на Маскву. Маскоўская акупацыйная дырэкцыя выкарыстоўвае мясцовы адміністрацыйны рычаг, каб прымусіць дырэктараў калгасаў аддаваць на малаказавод малако. Маскоўцы за малако не плацяць беларускім калгасьнікам, на пратэсты старшыняў калгасаў адказваюць цынічнымі прамовамі. Такі вось “бізнэс па-руску” прышоў на нашую зямлю.

Усё больш беларусаў пачынаюць разумець антычалавечую практыку пабудовы каласальных вавілонскіх палацавых будынін, у якіх рэжым імкнецца ўславіць і абяссьмерціць сябе. Жыхары Баранавічаў і мясцовыя камунальныя службы зьвяртаюцца да гарадзкога кіраўніцтва з патрабаваньнем грошай на капітальны рамонт жылых дамоў і дарог. На гэта начальства адказвае, што грошы выдаткоўваюцца на лукашэнкаўскія спартовыя палацы. Дзікія па сваёй бессэнсоўнасьці будаўнічыя праекты рэжыма ўжо ўражаюць сваімі маштабамі ўсю цывілізаваную Эўропу. Такіх адносінаў дзяржаўнай улады да грамадзянаў няма нідзе. Патрыёты тлумачаць ўражаным людзям, што так можа рабіць з народам толькі захопнік зямлі і ўлады, толькі акупант.

У такіх умовах беларусы павінны арганізаваць усенародны байкот фальшывым выбарам рэжыму, дзе ўсё ўжо вызначана наперад і не залежыць ад волевыяўленьня людзей. Нельга ўдзельнічаць у жульніцкіх “выбарах”, у якіх балатуецца ўзурпатар улады на Беларусі.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 студзеня 2010 г.