ШТО АДБЫВАЛАСЯ Ў МІНУЛЫМ ГОДЗЕ:

Беспакарана блюзьнерылі над беларусамі

8-га верасьня Дзень Беларускай вайсковай славы. У мінулым годзе рэжым арганізаваў афіцыйную гнюснасьць, пра якую мы не пісалі, бо цяжка пісаць пра сістэматычнае пляваньне ў твар. Пляваньне, якое застаецца без адказу. А было так. 7-8 верасьня антыбеларускі рэжым і асабы з псэўдаапазыцыі вельмі ўзгоднена куражыліся над беларускімі сьвятынямі. З раніцы “Дня беларускай пісьменнасьці” (які рэжым нібыта праводзіў у гэты час) БТ круціла паскудныя рэпартажы на тэму дня. Маладзён з непрыемнай тлустай фізіяноміяй падыходзіў на вуліцах і ў парках сталіцы і зьвяртаўся з мікрафонам да нібыта выпадковых мінакоў, у асноўным вельмі маладых людзей. “Якое беларускае слова вы любіце больш за ўсё?” — пытаўся ён. Некаторыя з апытаных называлі словы. А большасьць рагатала па-дурному і гікала: “А мы не знаем і не понімаем...” Падстаўныя разам з БТ дэманстравалі сваю “русскость” (хаця выглядалі на тыповых мясцовых цынікаў). У канцы рэпартажа маладзён з тлустай фізіяноміяй разваліўся, задраўшы ногі, пад фігурай Сымона-Музыкі на помніку Якуба Коласа і скрывіўся ў зьдзеклівым поклічы: “Размаўляйце па-беларуску!”

На наступны дзень (Дзень Беларускай Вайсковай Славы, 495-я ўгодкі Аршанскай перамогі) у цэнтральным парку сталіцы пад даглядам міліцыі зьбірала свае кадры псэўдаапазыцыйная публіка. Кіраваў ужо вядомы ўсім сваімі паводзінамі Кім. Ён быў заяўнікам (невядома ад якой арганізацыі) “боя падушкамі”. Міліцыя папярэдзіла, што біцца можна, але не выкарыстоўваць “забароненай сымволікі”. Некалькі сотняў маладых узростам асобаў (сярод іх людзі пазналі шмат бэрэсэмаў) весела біліся падушкамі “у гонар Воршы”. Яны аднолькавыя — мярзотнікі ад рэжыму і ад гэбоўскай псэўдаапазыцыі. Калі б такое нейкая агентура паспрабавала наладзіць у Францыі, Харватыі або Эстоніі, то мясцовы люд і ўлады зрабілі б так, што ім ужо не хацелася б куражыцца над сьвятынямі. Але нядоўга ўжо будзе працягвацца гэтае блюзьнерства на нашай зямлі.

Янка Базыль

“Заплесневелая булка” — навыя “мухі-катлеты” Пуціна

1 верасьня вышэйшыя прадстаўнікі 30 краінаў прыехалі ў Гданьск, каб паўдзельнічаць у мэмарыяльных мерапрыемствах, прысьвечаных 70-годдзю пачатку ІІ Сусьветнай вайны. Яны запалілі зьнічы каля помніка абаронцам на Вэстэрплятэ непадалёк ад Гданьска, дзе прагучалі першыя стрэлы вайны (у складзе Войска Польскага ў абароне Вэстэрплятэ, Гданьска і Гдыні ўдзельнічала шмат беларусаў). Потым у Гданьску адбылася прэс-канфэрэнцыя. Там усіх у чарговы раз уразіў прэм'ер РФ Пуцін. Лубянскі кадр быў у сваім рэпэртуары. Ён вызьверыўся на публіку ў зале: “Да сколько можно расковыривать эту заплесневелую булку?!...” Гэта ён так пра пра пачатак вайны.

У той жа дзень лубянскія гісторыкі дэманстрацыйна праводзілі ў Маскве прэзэнтацыю сваёй новай кнігі “з дакумэнтамі, зь якіх бачна, што Польшча з Гітлерам распачалі сусьветную вайну”. Ня трэба чакаць прабачэньняў ад гэбоўскага гадзюшніка. Яны “верны своім ідеалам”.

Янка Базыль

“Саюзная дзяржава ў Расеі”

Расейскі тэлеканал НТВ восеньню паказваў сюжэт пад дэвізам “Будьте бдітельны!” На працягу двух гадоў па расейкіх мястэчках і вёсках (Бранская, Варонежская, Ліпецкая вобласьці) ходзяць дзьве маладыя паненкі. Яны заходзяць у хаты да пажылых людзей і прапануюць свае паслугі, прадстаўляючыся супрацоўніцамі сацыяльных службаў. Паслугі фінансавыя. Аферысткі казалі старым: “Товарішчі, скоро Россія і Белорусь об'едінятся. Будут вводіть новые деньгі. Вот такіе... (яны паказваюць нейкія зялёныя паперкі). Сделано это будет без предупрежденія в теченіе двух дней. Вы можете не успеть поменять ваші деньгі. Мы можем это сделать за вас. Давайте деньгі”. І старыя аддаюць жулікам свае тысячы і дзесяткі тысячаў накопленых “на пахаваньне”. У прынцыпе дробныя злодзеі з расейскай правінцыі нічым (акрэм маштабаў злачынства) не адрозьніваюцца ад крамлёўскіх злодзеяў. Цікава, што й тым і другім яшчэ вераць многія людзі.

Янка Базыль

Місія Геншэра

10 верасьня ў Менск да Лукашэнкі прыяжджаў вэтэран германскай палітыкі Гэншэр. Ён публічна хваліў Лукашэнку і ягоны парадак, разважаў наконт бліскучых пэрспэктываў беларускай дэмакратыі і правоў чалавека. Абяцаў разьвіваць праграму Усходняга партнёрства, шмат абяцаў. Чарговы акт мітусьні германскіх элітаў вакол дыктатара тлумачыўся проста. Берлін сапраўды баіцца, што гнілы рэжым можа ня вытрымаць крызісу і заваліцца. Тады, як думаюць у Берліне, Беларусь перастане быць бясплатным калідорам для расейскіх газа-нафты з Сібіры ў Нямеччыну. Тады трэба будзе мець справу з нацыянальным беларускім урадам, які не дазволіць гвалціць нашу эканоміку. Вось немцы і дэманструюць гатоўнасьць аказаць падтрымку вялікаму дэмакрату са Шклова. Мабыць і грошы ўжо паабяцалі на ўмацаваньне антыбеларускага рэжыму. І можна было б напалохацца гэтай змовы. Але, ведаючы, як актыўна антыбеларуская хунта раскрадае ўсе замежныя капіталаўкладаньні, беларусы разумеюць усю хісткасьць гэтай нямецкай акцыі паратунку. Ня ўдасца ім выратаваць сваіх шцірліцаў.

Янка Базыль

“Вадзілы, “рашы” і “чуркі”

У верасьні мінулага года расейскія тэлеканалы выдалі цэлую сэрыю рэпартажоў пра Расею і расейцаў. У перадачы пад назовам “Воділы” было расказана пра бізнэс з аўтаперавозкамі ў Маскве. “Століца России”, аказваецца, падзелена на сэктары. Амаль кожным з сэктароў камандуе таджык-мафіёза. Але адзін з сэктарных начальнікаў прызнаўся ў тэлекамэру, што “жіть стало тяжело, азеры наступают...” Такім чынам таджыкі з азэрбайджанцамі трымаюць у руках усе таксі і маршруткі. Калі спрабуе падрабіць на перавозках нехта з “дорогіх москвічей”, то яму трэба плаціць экзатычным паханам. Калі хто-небудзь з маскоўцаў спрабуе прыпаркаваць свой аўтамабіль каля вакзала або ў якім іншым шматлюдным месцы, яго вытурвае дзяжурны каўказец. На крыкі маскоўца (“Я ведь москвіч!”), “гость століцы” адказвае з непаўторным акцэнтам: “Я тоже москвіч!” і гоніць незарэгістраванага прэч. Такі дыялог быў засьняты схаванай камэрай. Паханы набіраюць у свае структуры “вадзілаў” з усяе Расеі без ліцэнзіі і досьведу. Кіроўцы ня маюць дзе адпачываць і начуюць у сваіх машынах. Пасьля такога “адпачынку” яны адпаведна кіруюць машынамі. Таму рэгулярна з Масквы і іншых гарадоў РФ прыходзяць зьвесткі пра аўтакатастрофы з 6-9 ахвярамі. Зразумела, што пра ўсё гэта ведаюць міліцыя і ўлады. Але мафійныя сеткі шчодра аплочваюць іх. Масква ўсё больш паступова пераходзіць пад уладу (пакуль ценявую) людзей з былых калоніяў Расеі. Нагадаем, што так яно было ў позьнім Рыме і позьнім Вавілоне. Потым наступаў канчатковы імпэрскі калапс.

Другі дакумэнтальны сюжэт пад рубрыкай “Пусть говорят” быў прысьвечаны расейскім турыстам у Турцыі. У якасьці ахвяраў “турэцкага гвалту” выступілі чацьвёра маладых расейцаў. Яны скардзіліся з турэцкага КПЗ, як на іх напалі і іх пабілі. Потым, праўда, высьветлілася, што ўсе чацьвёра — сябры-парашутысты, што разам служылі ў расейскай арміі. Яны добра падпілі на дыскатэцы і пачалі патрабаваць, каб музыка іграла для іх пасьля сканчэньня танцаў. Туркі паспрабавалі ім патлумачыць, што танцы будуць заўтра, а цяпер курорт павінен спаць. Тады яны пачалі грубіць і пагражаць (зразумела, для іх усе мясцовыя — “чуркі”). Пры затрыманьні паліцыя дала ім добрага дыхту, цяпер адбудзецца суд. Як заўсёды, тэмпэрамэнтныя туркі першымі адэкватна прарэагавалі на ўнівэрсальныя паводзіны тысячаў расейскіх хамаў. Калі тыя пачынаюць брутальна парушаць закон, рабіць існаваньне іншых людзей невыносным, туркі апэратыўна наводзяць парадак, бьюць і кідаюць у турму “дорогіх россіян”. Вядучы расказаў, што “усе турмы і КПЗ курортных зонаў Турцыі забіты расейцамі”. А пачыналася ўсё колькі гадоў таму з наладжваньня асобных зонаў для расейскіх турыстаў, дзе для іх былі асобныя гатэлі, сталоўкі і дыскатэкі з загартаваным пэрсаналам. Не дапамагло...

Янка Базыль

Крымінальная Расея альбо сьвет на галаве

14 кастрычніка 2009 г. Латвійская газэта “Diena” паведамляла з Масквы. Там, на гістарычных Ваганькаўскіх могілках адбылося пахаваньне найбольш вядомага рускага крымінальнага аўтарытэта па мянушцы Япончык. Колькі месяцаў таму яго цяжка параніў снайпэр. Было некалькі аўтобусаў з ОМОНам. Сотні крымінальнікаў урачыста разьвітваліся з аўтарытэтным паханом. На стужках вянкоў былі надпісы “От кіровской братвы”, “От ярославской братвы” і г.д.

Наш камэнтар: Вельмі лагічным быў бы вянок з надпісам “От кремлёвско-лубянской братвы”. Абое рабое.

Юрка Марозаў

Расейцам хочацца Сталіна

14 кастрычніка 2009 г. Славацкая газэта “Novy Cas” паведамляла з Масквы. Унук І. Сталіна Евгеній Джугашвілі падаў быў у суд на “Новую газету”, на старонках якой Сталіна назвалі “крыважэрным людаедам”. Суд вынес вэрдыкт: газэта не дапусьціла абразы годнасьці згаданай асобы. Суддзя сказаў, што паводле гісторыкаў Сталін уласнаручна падпісаў сьмяротны прысуд для 724 тысячаў людзей. У канцы публікацыі славацкая газэта нагадала, што летась расейскае тэлебачаньне правяло агульнарасейскае апытаньне наконт найбольш выдатных дзеячаў расейскай гісторыі. Расейцы назвалі Сталіна трэцяй па значэньню гістарычнай постацьцю.

Наш камэнтар: Добра, што славацкія журналісты нагадалі пра “усерасейскую любоў да крыважэрнага людаеда”. Масква вырашыла пазьбегнуць надта шумнага скандалу ў гарадзкім судзе. Але сталіншчына лезе з усіх шчылін лубянскай імпэрыі.

Алесь Хадасевіч

Махалі атамнай бомбай

14 кастрычніка 2009 г. Аўстрыйская газэта “Die Presse” цытавала выступ гэбэшніка Патрушава, які служыць цяпер сакратаром рады бясьпекі РФ. Ён сказаў наконт новай ваеннай дактрыны РФ: “У выпадку грубага парушэньня нацыянальнай бясьпекі мы не выключаем нанясеньня атамнага ўдару”. Меліся на ўвазе таксама і лакальныя войны. У канцы артыкула аўстрыйская газэта згадала пра заходніх спэцыялістаў-русістаў. Яны сьцьвярджаюць, што нягледзячы на перамогу над маленькай Грузіяй (якой вельмі выхваляецца Масква) цяперашні стан расейскай арміі і эканомікі не дазволіць Расеі перамагчы ў сур'ёзным ваенным канфлікце.

Наш камэнтар: Крамлёўскія гэбэшнікі махаюць атамнай бомбай. Заявілі, што маюць права першымі наносіць атамны удар. З іхнымі мазгамі ўсё зразумела, іх не пераробіш. Цікава, а што думаюць пра гэта расейскія эліты, моладзь, усё насельніцтва — закладнікі шалёнай хунты? Тое што, што мы там бачым і чуем — нічога ня думаюць.

Алесь Хадасевіч

Нішто не ратуе сатрапаў

14 кастрычніка 2009 г. Нідэрляндская газэта “Volkskrant” надрукавала артыкул, прысьвечаны 60-м угодкам пакараньня сьмерцю Ласла Райка. Паводле загаду Сталіна ў Будапэшце быў праведзены судовы працэс над кіраўніком Угорскай кампартыі Райкам і шэрагам іншых камуністычных лідэраў. Пасьля разрыву з югаслаўскім сталіністам Ціта (1948) Сталін пачаў чысткі ў кіраўніцтве кампартыяў усходне-эўрапейскіх краінаў. Райка і іншых абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Захаду і павесілі 15.11.1949 г.

Наш камэнтар: А так верна служылі товарішчі Савецкаму Саюзу і лічно тов. Сталіну. Так апантана вялі свае народы да “светлых вяршыняў”. А потым маскоўскі султан разаслаў па падпарадкаваных пашалыках і эміратах эмісараў з фірманамі і шоўкавымі шнуркамі... Нацыянальная здрада і апантанае служэньне ворагам чалавецтва ня выратавала сатрапаў ад пагібелі.

Юрка Марозаў

Знаёмы гэты почырк

15 кастрычніка 2009 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла пра выбух у цэнтры сталіцы Малдовы Кішынёве. 37 чалавек былі дастаўлены ў шпіталі з асколачнымі ранамі. Выбух адбыўся ўвечары падчас канцэрта на цэнтральнай плошчы на дзень горада.

Наш камэнтар: Беларусам знаёмы гэты почырк па выбуху ў Менску ўноч на 4 ліпеня 2008 г. Як і ў Менску, выбух у Кішынёве адбыўся на канцэрце, пацярпелі ў асноўным маладыя людзі. Як і ў Менску, выбух быў абмежаванай сілы (магчыма з мэтай пазьбегнуць сьмяротных ахвяраў, але параніць людзей). Як і ў Менску, пасьля выбуха канцэрт працягваўся, раўла расейская папса, публіка танцавала, а лекары перавязвалі параненых на акрываўленым бруку. Знаёмы почырк лубянскіх правакатараў, зацікаўленых у застрашэньні людзей і дэстабілізацыі становішча ў краіне.

Юрка Марозаў