УЗУРПАТАР ЗДАЕ НАРОДНУЮ МАЁМАСЬЦЬ МАСКОЎЦАМ
(Сьнежаньскі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)
13 сьнежня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ, — “Зьмест прапаганды і сутнасьць падзей” (публікуецца).
З дакладам аб палітычным і сацыяльна-эканамічным становішчы ў Беларусі і ў сьвеце выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі. Асноўнае пытаньне апошняга часу — гэта мытны саюз з Расеяй, на які пайшоў мясцовы прамаскоўскі рэжым. Нават Лукашэнка ў сваім тэлевыступе прызнаўся, што “спачатку будзе горш, а потым стане лепш”. Беларусы, аднак, завяршаюць сказ па-свойму: “а потым стане яшчэ горш”. Наша эканоміка, наша эканамічная прастора становяцца здабычай злачыннага алігархічнага капіталу Расеі, прывязваюцца да гнілой і дзікай эканомікі суседней імпэрыі. Гэта ёсьць злачынная антынацыянальная палітыка чужой улады ў нашай краіне. Часткай гэтага працэсу зьяўляецца продаж беларускіх банкаў і прадпрыемстваў расейскім алігархам. Наш Менск маскоўскія прыбышы вырашылі ператварыць у сваю тэрыторыю, дзе плянуецца разбурыць цэлыя арэалы гістарычнай і жыльлёвай забудовы, паркавыя зоны дзеля пабудовы расейскіх жылых дамоў, казіно, бізнэс-цэнтраў і г.д. Беларусы павінны будуць пайсьці ў парабкі да маскоўскага акупанта. Трэба тлумачыць нашым людзям неабходнасьць салідарнага супраціву гэтай гнюснай палітыцы. Імпэрыя Зла можа прынесьці толькі зло на нашую зямлю.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Сябры Сойму прыехалі з падарожжа ў Латвію. Там яны сталі сьведкамі рэанімацыі расейскай “пятай калоны”, якая шыхтуецца ў сувэрэннай краіне. Пад патранажам і за грошы Масквы ў суседней краіне ўтвораны палітычны “Рускі блок”, які сабраў усе антылатышскія сілы. Масква ўтрымлівае шэраг рускамоўных выданьняў, якія адпаведным чынам дэзынфармуюць грамадзтва ў Латвіі і вызначаюць арыентацыю на аднаўленьне імпэрыі. Прамаскоўскія групоўкі і расейскі охлас у адкрытую заяўляюць, што на парляманцкіх выбарах 2010 году яны зробяць у Латвіі расейскі рэванш. У той жа час латышскія нацыянальныя сілы ніяк ня могуць выпрацаваць адзіную палітычную стратэгію і аб’яднацца ў магутны антыімпэрскі блок. Бачна па ўсім, што Крэмль выдаткоўвае шалёныя грошы на замежную падрыўную дзейнасьць, на палітычны подкуп і дэзарганізацыю чужых дзяржаўных структур і грамадзтваў замест вырашэньня ўнутраных сацыяльных і эканамічных праблем. Постсавецкія краіны не давялі да канца працэс ачышчэньня ад акупанцкай спадчыны і русіфікацыі, і вось сумны вынік гэтай непасьлядоўнай палітыкі. Для Беларусі гэта ёсьць каштоўны досьвед на будучыню.
Сябры распавялі таксама пра зьнішчэньне запаведнай зоны ў сталічным Батанічным садзе АН Беларусі. На гэтым месцы рыхтуецца месца для пабудовы тэнісных кортаў для прыбылай маскоўскай багатай публікі. Захоп нашай нацыянальнай маёмасьці набывае ўсё больш цынічныя і адкрытыя формы. Перажываючы і бачачы ўсё гэта, многія беларусы паддаюцца дэпрэсіі, упадаюць у адчай. Аднак, нельга апускаць рукі. Трэба абараняць Радзіму ад крымінальных прыхадняў і іхных мясцовых памагатых. Мы — на сваёй зямлі. Беларуская салідарнасьць ёсьць эфэктыўнай зброяй у змаганьні за вызваленьне Беларусі.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
13 сьнежня 2009 г.