СЛУЦКІ ЗБРОЙНЫ ЧЫН — ПРЫКЛАД У БАРАЦЬБЕ

Настае памятны Лістапад і гэты час зноў нагадвае нам аб змаганьні, аб нашых змагарных продках. Тады, ужо скора сто гадоў таму, людзі ваявалі за свабоду амаль выключна сілай зброі. Цяпер крыху зьмяніўся сьвет, памяняліся прыярытэты, але адзін прыярытэт застаўся і заўсёды застанецца галоўным — гэта чалавек, які здольны змагацца за свабоду. Я кажу “здольны”, бо мала толькі “хацець”. Ад колькасьці гэтых здольных людзей і залежыць наша свабода.

Слуцкі збройны чын якраз выявіў той стан (няхай сабе ў абмежаваным месцы) калі за свабоду Бацькаўшчыны гатовы быў змагацца ўвесь народ. Гэтае народнае рушаньне ў гісторыі Слуцкага змаганьня якраз найбольш уражвае нас цяпер, беларусаў, што апынуліся ў цяжкім часе. Слуцкія змагары паказалі нам прыклад моцы духа і салідарнасьці ў барацьбе. Праўда, тады было проста: былі беларусы і быў вораг, які йшоў з усходу. Ён быў відочны і зразумелы, бо йшоў на нас збройнай вайной. Цяпер жа ва ўмовах унутранай акупацыі і антыбеларускага рэжыму нас нішчаць, а ворага як бы й не відаць, ён мімікрыруе пад улады, пад дзяржаўны закон, пад дзяржаўны разбой. І ні кожны беларус разумее, што ўлада над ім у чужых руках.

Галоўны палітычны зьмест беларускага змаганьня цяпер у тым, каб вышэйшая ўлада ў краіне сталася беларускай, каб яна была ў тых людзей, якія дбаюць пра Бацькаўшчыну, культуру і пра ўвесь народ.

Дзеля гэтага нашаму грамадзтву патрэбная беларуская салідарнасьць і вольнасьць духа, здольнасьць да барацьбы. У гэтым якраз нам дапамагаюць прыклады слаўнай гісторыі. Мы павінны заўсёды памятаць і ўшаноўваць памяць пра слуцкіх герояў. Нам ёсьць чаму ў іх павучыцца і ёсьць чым ганарыцца ў нашым мінулым.

Праз год рэжым рыхтуе нашаму грамадзтву новае выпрабаваньне — чарговыя фальшывыя і незаконныя выбары Лукашэнкі і чарговае ашуканства людзей. Як бы павялі сябе ў такой сытуацыі нашыя продкі-случакі, што змагаліся з бальшавікамі? Не сумняваюся, што паказалі б сябе разумна, годна і дружна. Нельга цярпець ашуканства і зьдзек над людзмі, законам і правам. Кожны мусіць ведаць, што па законy Лукашэнка ёсьць узурпатар улады і не мае законнага права балатавацца на выбарах. Гэта галоўнае, а як фальсіфікуюць ягоныя выбары, мы ўжо ведаем. Таму наш слуцкі лістападаўскі лёзунг такі: Выбары — бяз Лукашэнкі! З Лукашэнкам — байкот!

Нельга прызнаваць крымінал і гвалт над законам. Нельга баяцца і гнуцца перад нахабствам і ашуканствам. Дык узнімем жа Слуцкі сьцяг змаганьня і пераможам.

Жыве Беларусь!

Слава героям!

Зянон Пазьняк Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

29 Лістапада 2009 г.