ШЛЯХАМ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 89-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 29 лістапада аўтобус з менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У групе былі маладыя людзі, якія ўпершыню праехалі шляхам славы змагарных случакоў. У мерапрыемствах удзельнічалі фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Беларуская салідарнасьць — наш адказ на расейскую агрэсію”. Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Людзі маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі. На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Слуцкі Збройны Чын — прыклад у барацьбе” (публікуецца).
Выступілі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі, Уладзімер Раманцоў, сакратар Управы Фронту і Партыі, і Яўген Даўгіловіч, сябра Сойму Фронту і Партыі. Выступоўцы казалі пра неўмяручую памяць аб подзьвігу случакоў-беларусаў, якія ўсталі на абарону Бацькаўшчыны ад лютага ворага. Яны не баяліся колькаснай перавагі маскоўскіх бальшавікоў, не шукалі выгодаў, не імкнуліся прыстасавацца да “новай геапалітычнай сітуацыі”. Яны сфармавалі народную армію і пачалі біць ворага, які ўварваўся на родную зямлю. Сілы былі няроўнымі, случакам не ўдалося разграміць акупантаў. Але яны выратавалі гонар нацыі і заклалі аснову для далейшага разьвіцьця беларускай дзяржаўнасьці. Случакі змагаліся пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам за Беларускую Народную Рэспубліку. Акупанты вымушаны былі пайсьці на стварэньне БССР. А ў 1991 годзе новае пакаленьне беларускіх патрыётаў здолела дамагчыся ўтварэньня сувэрэннай Беларускай Дзяржавы. Цяпер мы павінны напоўніць нашу Дзяржаву сапраўдным сэнсам, беларускім духам, зрабіць уладу ў нашай краіне сапраўды беларускай. У цывілізаванай краіне ў такія дні і заўсёды кіраўніцтва краіны ўшаноўвае памяць герояў, якія змагаліся за Дзяржаву і незалежнасьць. Дзе яно, сёньняшняе кіраўніцтва? Яго няма і ня можа быць тут, каля сьвятых Крыжоў Случчыны. Гэта яшчэ раз даказвае нам, што гэта ня ёсьць наша, народная ўлада, гэта ёсьць чужынскі акупацыйны рэжым, якому ненавісна ўсё сьвятое і беларускае. Вечна так ня будзе. Вызваліцца ад хама наша краіна, паўстануць помнікі слуцкім ваярам, іх імёнамі будуць названыя вуліцы і плошчы.
Выступоўцы суадносілі даўнія падзеі з нашай сучаснасьцю. Што прынесьлі нам “цывілізатары” з Усходу, носьбіты “святой Русі”? Жудасную тыранію, разбурэньне нацыянальных каштоўнасьцяў, Курапаты і вайну. Цяперашнія спадкаемцы сталіншчыны і брэжняўшчыны інтэнсіфікуюць антыбеларускую дзейнасьць. Зьнішчаецца беларуская мова і культура, нашых дзяцей харчуюць атручанымі чарнобыльскімі прадуктамі, а нашу якасную прадукцыю вывозяць у Маскву. За гады прамаскоўскага лукашэнкаўскага кіраваньня насельніцтва Беларусі зьменшылася на 660 тысячаў чалавек — статыстыка вайны! Алкагалізацыя людзей, шалёная карупцыя і дзікі цынізм, які навязваецца нашай моладзі, — вось прыкметы ўнутранай акупацыі Беларусі. Маскоўская хунта актыўна і інтэнсіўна зьнішчае свой уласны народ. У Расеі ўсё гніе, валіцца і ляціць з рэек. Але замест таго, каб спыніць гэтыя дэструкцыйныя працэсы, расейскае начальства кідае велізарныя сродкі на зьнешнюю экспансію і падпарадкаваньне суседніх краінаў. Беларусь напоўніцу адчувае на сябе гэтую драпежную палітыку Імпэрыі Зла.
Супрацьпаставіцца гэтаму Злу можна толькі салідарным змаганьнем усіх беларусаў. Кожны беларус павінен зразумець, што нельга ўдзельнічаць у крымінальных праектах дыктатуры. Чарговыя “выбары”, запланаваныя дыктатурай на наступны год, зьяўляюцца менавіта такім чарговым крымінальным праектам. Байкот дыктатуры! Ніхто на фальшывыя выбары Лукашэнкі!
Людзі прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну гучаў гімн “Магутны Божа”.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. (В. Буйвал).