“БУДЗЕ АДНОЎЛЕНА ГІСТАРЫЧНАЯ СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ”
У канцы жніўня французы адзначалі 65-я угодкі пераможнага завяршэньня бітвы ў Нармандыі (Заходняя Францыя, 20-22 жніўня 1944 г.). Сівы вэтэран тады 21-гадовы Эдвард Палыма браў удзел у тых лютых баях каля мястэчка Шамбуа ў складзе танкавага батальёна Войска Польскага. Ён успамінае невыносную сьпеку (яйкі на абед жаўнеры смажылі проста на брані танка), смагу, стому ў бесперапынным змаганьні з ворагам. Польскія часткі былі атакаваны адборнымі танкавымі часткамі СС, якія вырываліся з акружэньня. Палыма ўспамінае, як цяжка было бачыць паўсюль на палях трупы забітых сяброў, параненых, якім яны не маглі аказаць дапамогі. Танкісты не заўважылі нямецкі “Тыгр”, што схаваўся ў прысадах. Праз некалькі хвілін немец падпаліў чатыры з пяці польскіх танкі. “Я ня ведаю, якім цудам мы ацалелі...” — кажа Палыма. (“Ouest France”, — 2009, 21 жніўня)
На працягу дзесяцігоддзяў савецкая-постсавецкая прапаганда ўбівала ў галовы нашых людзей, што “на Западе не было настоящей войны, там прохлаждались, и только советский народ под руководством КПСС...” Беларускія вэтэраны вайны на Захадзе маглі б распавесьці, як яны “прохлаждалісь”, але іх ня слухалі, іх у 1951 годзе ўсіх выслалі ў Сібір. Да 1990-х гадоў мы не маглі прачытаць анірадка пра подзьвігі нашых дзядоў у Нарвэгіі, Паўночнай Афрыцы, Італіі, Францыі, Бэльгіі, Нідэрляндах, у бітвах на ўсіх морах. Дагэтуль, на жаль, многія ў Беларусі вераць у гэбельсаўскую баечку Масквы на тэму вайны.
На прыканцы жніўня 1944 г. дзякуючы ўдаламу манеўру брытанскіх войскаў у Нармандыі восем нямецкіх дывізіяў патрапілі ў “кацёл”. Немцы пачалі адчайна вырывацца з акружэньня якраз на тым участку, дзе дзейнічала Войска Польскае (у гэтых палках служылі тысячы беларускіх афіцэраў і жаўнераў). 20-21 жніўня найбольш цяжкі ўдар нямецкіх танкаў прынялі на сябе польскія часткі ў раёне Фалеза. Вэтэраны ўспамінаюць баі, як “вогненны кашмар”. Прарваўшыся праз баявыя парадкі, нямецкія танкі пайшлі напралом праз зону, дзе стаялі намёты палявых лазарэтаў. Давялося раздаваць зброю параненым, якія вялі агонь проста з ложкаў. Агульнымі намаганьнямі хаўрусьнікаў удалося зьнішчыць і ўзяць у палон палову нямецкіх дывізій.
У вызваленай ад акупацыйнага рэжыму Беларусі будзе адноўлена гістарычная справядлівасьць. У Нармандыі будуць усталяваны беларускія помнікі на месцах подзьвігаў нашых дзядоў, на магілах герояў. Помнікі, кнігі, мастацкія творы будуць створаны ў славу нашых герояў і ў Беларусі.
Валеры Буйвал