ТУРКІ І РУЖОВАЯ ЭЎРОПА

Ружовая Эўропа вось-вось можа прыняць Лізбонскую дамову. Бюракратычнаму праекту цяпер супраціўляецца толькі прэзыдэнт Чэхіі В. Клаўс. Цьмяная будучыня ў гэтай палітыкі. Цікавае паведамленьне з Турцыі яшчэ 19 жніўня зьмясьціла бэльгійская газэта “De Standaard.” 500 хрысьціянаў прайшлі шэсьцем у горадзе Трабзоне да старажытнага праваслаўнага кляштара Сумэла. Яны хацелі памаліцца ў сваёй сьвятыні. Але ім загарадзілі дарогу паліцэйскія. Ім патлумачылі, што ў кляштары цяпер музэй і забаранілі маліцца. Грэкі (грамадзяне Турцыі) распавялі бэльгійскаму журналісту, што ў апошнія гады мноства грэцкіх сем'яў выехала з Турцыі, ня вытрымаўшы ўціску з боку турэцкай большасьці. Хрысьціянаў у гэтай краіне засталося каля дзьвюх тысячаў. Паўсюль будуюцца мячэці. Дзяржадміністрацыя не дазваляе пабудову цэркваў.

Наш камэнтар: Вось такую краіну Брусэль запрашае ў Эўразьвяз. Вось такі “парытэт верацярпімасьці”. У Заходняй Эўропе атабарыліся і часам паводзяць сябе вельмі агрэсіўна мільёны туркаў. А з Турцыі (захопленых асманамі земляў і гарадоў старажытнагрэцкай і візантыйскай цывілізацыі, адзін Канстантынопаль чаго варты!) уцякаюць апошнія хрысьціяне. І так на ўсім Усходзе, дзе-нідзе яшчэ горш.

Алесь Хадасевіч