АБ ДЗЕЙНАСЬЦІ НА ШКОДУ НАЦЫІ

(Выступ на кастрычніцкім Сойме Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”)

...За апошні месяц, які мінуў пасьля верасьнёўскага Сойму нашай народнай Партыі, на Беларусі не адбылося ніякіх станоўчых падзеяў ні ў палітыцы, ні ў культуры, ні ў эканоміцы. Гэта ўжо стала звыклым: нацыянальны рэгрэс як палітычная зададзенасьць.

Унутраная рэакцыя ў Беларусі адчувальна ўзмацнілася пасьля прыняцьця існуючага рэжыму ва Усходняе партнёрства. Гэта зьвязана з істотным адмаўленьнем Эўразьвязу ад дэмакратычных каштоўнасьцяў у адносінах з антыбеларускім рэжымам Лукашэнкі. Тут жорсткая заканамернасьць: як толькі адбываецца адмаўленьне ад дэмакратычных прынцыпаў і паслабленьне цьвёрдай пазыцыі ў дачыненьні да дыктатуры, дыктатарскія рэжымы тут жа ўзмацняюць рэпрэсіўны ціск на грамадзтва і робяцца яшчэ больш агрэсіўнымі. Дакладна такое назіралася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя з Гітлерам. Але справа ў тым, што “чэмбэрлены” не засвойваюць гісторыю там, дзе яна не адпавядае іхнім інтарэсам. Таму гісторыя, як правіла, паўтараецца ўвесь час, толькі ў іншых абставінах.

Эўропа, фактычна, пагадзілася з ультыматумам (інакш не назавеш) антыбеларускага рэжыму прымаць яго такім якім ён ёсьць без усялякіх умоваў і патрабаваньняў аб дэмакратыі.

Улічваюцца толькі інтарэсы. Эўразьвяз, практычна, цалкам адвярнуўся ад беларускай грамадзянскай супольнасьці. Літаральна ў гэтыя дні, напрыклад, нелегітымная палата ратыфікавала рамачнае пагадненьне з Камісіяй Эўрапейскіх супольнасьцяў аб парадку тэхнічнай дапамогі. Усе праекты тэхнічнай дапамогі будуць ажыцьцяўляцца толькі з дазволу рэжымнай улады. Гэта абазначае, што грошы ад Эўразьвязу павінны выдзяляцца толькі антыбеларускаму рэжыму. Ні пра якую грамадзянскую супольнасьць, дэмакратыю ды правы чалавека гаворкі тут больш няма.

У сувязі з гэтым мушу нагадаць тое, пра што кажу ўвесь час: пра фальшывасьць, падвойны стандарт і выгадніцкі інтэрас эўрапейскай палітыкі. Гэтая палітыка ўскладняецца яшчэ тым, што дэмакратычная сістэма ў сьвеце перажывае глыбокі цывілізацыйны крызіс культуры, якую яна спарадзіла. Гэты крызіс прымае штораз больш разбэшчаныя і збочаныя формы рэгрэсу.

Некалі мы падтрымалі адмену санкцыяў на ўезд у ЭЗ для парушальнікаў права з чыноўнай намэнклятуры сярэдняга зьвяна (бо Эўропа павінна была зрабіць нейкі крок насустрач). Адмена забароны на ўезд для самога ўзурпатара і некаторых спраўцаў злачынства з вышэйшага ўзроўню ўлады абстаўлена ўмовамі і затрыманая да лістападу гэтага года. Цяпер добра відаць, што тактыка саступак і адмены санкцыяў сябе не апраўдала (хоць і паклала пачатак новай усходняй палітыцы). Зараз мы павінны цьвёрда ставіць пытаньне перад Эўразьвязам аб захаваньні санкцыяў для Лукашэнкі і яго злачыннага асяроддзя.

* * *

Пацьвярджаюцца ацэнкі нашай народнай Партыі аб акупацыйнай небясьпецы расейскіх вайсковых манэўраў “Захад-2009” у Беларусі. Нягледзячы ні на законы, ні на грамадзкую думку, узурпатар увёў чужыя войскі на тэрыторыю краіны. Манэўры закончыліся 29 верасьня. Цяпер высьветлілася, што расейскія войскі не выведзеныя. Месцазнаходжаньне іх засакрэчана, і ў Міністэрстве абароны Беларусі сказалі журналісту радыё “Свабода”, што без дазволу Расеі яны ня маюць права паведамляць куды і зь якіх чыгуначных станцыяў будуць адпраўленыя расейскія войскі (хоць войскі да гэтага часу нікуды не “адпраўленыя”). Усё гэта сьведчыць пра ненармальныя адносіны. Міністэрства абароны не камандуе ў сваёй краіне.

Пляны акупацыі Беларусі ў Маскве ёсьць даўно. Яны выпрабоўваюцца рознымі спосабамі. Злачынная роля ў гэтым Лукашэнкі першаступенная. Рэжым гуляе суверэнітэтам дзяржавы.

Нядаўна зьявіліся ўскосныя зьвесткі аб знаходжаньні расейскіх войскаў у Жодзіна пад Менскам. Расейцаў падвялі іхня прывычкі. 6 кастрычніка ў Жодзіна ў краме злавілі злодзея, які скраў шампунь. Злодзеем аказаўся пераапрануты ў цывільнае рускі афіцэр з кантынгенту запрошаных Лукашэнкам расейскіх войскаў.

Зразумела, што Жодзіна не адзінае месца дыслакацыі расейцаў. Наша Партыя мусіць цяпер ажыцьцявіць усё магчымае па высьвятленьні рэальнага становішча.

* * *

Заручыўшыся няўмяшаньнем Эўразьвязу, антыбеларускі рэжым, як бачым, перайшоў у адкрыты наступ па вынішчэньні беларускай нацыі. Русіфікатары, праўда, ужо даўно не хаваюцца, але цяпер адчулі, што могуць рабіць што хочуць. У гэтыя дні пачынаецца рэжымны перапіс насельніцтва Беларусі. Пытаньні анкеты складзеныя некарэктна, па шулерскай каляніяльнай мэтодыцы статус кво з мэтай заблытаць людзей і атрымаць адказы, якія можна выкарыстаць супраць беларускай мовы, каб потым абгрунтоўваць русіфікацыю і акупацыйную палітыку. Галоўнае пытаньне перакруцілі так: “Ваша родная мова?” А ў дужках дадалі заведама няправільнае тлумачэньне ці, дакладней, указаньне (“мова, засвоеная першай у дзяцінстве”). Тым часам роднай мовай зьўляецца мова нацыі да якай чалавек належыць, хоць ён можа нават не размаўляць на ёй ня тое што не засвоіць першай. Гісторыя акупацыяў, калянаялізму і імпэрыялізму пакінула сваю спадчыну ва ўсім сьвеце і добра адлюстравала гэтае палажэньне. Давер да гэтакага перапісу такі, як да лукашысцкіх выбараў, усё апускаецца ў гэбоўшчыну і лжывую твань. Увогуле, беларусам павінна быць ужо даўно зразумела, што як бы ні выкручаваліся “ворагі чалавецтва”, адказваць на ўсе іхныя анкетныя пытаньні трэба проста і аднаслоўна: “беларус”, беларуская”, “беларускі”, “Беларусь”. Нельга даваць сябе акалпачыць. Ня трэба ўступаць у лішнія размовы з перапісчыкамі, бо пытаньні складзеныя па жандармска-кагэбоўскаму прынцыпу і парушаюць права на прыватнае жыцьцё чалавека. На некаторыя пытаньні чалавек таму мае права не адказваць альбо адказваць так, як лічыць патрэбным для сваёй абароны.

* * *

Апошнім часам (пасьля захопу ўлады ўзурпатарам на трэці тэрмін кіраваньня) я пастаянна зьвяртаю ўвагу, што дзейнасьць Лукашэнкі стала асабліва небясьпечнай для краіны і нацыі. Цяпер жа, пасьля ўводу чужога войска і спробаў сфальшаваць дэмаграфічную сытуацыю мусяць быць дзеяньні ў адказ. Маўчаньне абазначала б капітуляцыю грамадзтва перад цемрай (а мы назіраем ужо гэты працэс капітуляцыі, асабліва ў інтэлігенцыі, у СМІ, у так званых грамадзкіх вярхах).

Нагадаю зноў, што рычагом для грамадзкай барацьбы з антыбеларускім рэжымам павінен стаць эканамічны крызіс і падрыхтоўка агульнанацыянальнага байкоту выбараў Лукашэнкі. Гэта цяпер галоўная наша задача і галоўная праца.

Зянон Пазьняк

Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

11 кастрычніка 2009 г.