ФРОНТ, АПАЗЫЦЫЯ, КАЛЯБАРАЦЫЯ

У 90-х гадах Беларускі Народны Фронт пасьпяхова супрацьстаяў “аб'яднаўчым” тэхналёгіям зьнішчэньня беларускага руху. КГБ, як звычайна, рабіў стаўку на агентуру і прапаганду. (У адрозьненьне ад Эўропы, якая спадзяецца на грошы). Дзеяньні канторы тады былі такія ж просталінейныя і прымітыўныя, як і цяпер. Яна настварала карлікавых арганізацыяў, узяла пад кантроль малыя партыі і выпусьціла лёзунг, што трэба “аб'яднаць” дэмакратычны рух. Дзеячы партыяў пачалі прапаноўваць БНФ усіх аб'яднаць, бо разам, маўляў, мы сіла. Аднак гэтыя канторскія казкі са спасылкамі на ўсходнія мудрасьці пра галінкі ды венік ня мелі ніякага эфэкту. Кожны фронтавец бачыў і разумеў няхітрую задумку “пакіраваць Фронтам” (а потым яго разваліць). Праўда, адразу выявіліся ў Фронце людзі (прытым адукаваныя), якія чамусьці ўпарта ўвесь час нічога не разумелі і клікалі аб'яднацца з маргіналамі (аж цікава было назіраць). Потым сымптомы сьцішыліся. Але толькі да таго часу пакуль у беларускую палітыку не ўмяшалася эўрабюракратыя (у супрацоўніцтве з КГБ — Ганс Вік) і не прапанавала пад узгодненыя праекты дармовыя грошы. Вось тут і пачаліся перамены, якія збочылі сьведамасьць, перакруцілі аргумэнтацыю, перамянілі саму істоту некаторых людзей.

Усё пачалося за часы маёй адсутнасьці на Радзіме. Утварылася група дзеячоў ў верхавіне БНФ, якія сталі спадзявацца на заходнія рэсурсы (дзеля Фронту, вядома ж). Яны назваліся “новай хваляй”. Ім адразу захацелася аб'ядноўвацца з усімі і з кім скажуць грошадаўцы. Тут яны былі сьмелымі і не баяліся страціць сябе.

Аднак першае патрабаваньне “спонсараў” было не “аб'яднацца”, а пазбавіцца ад старшыні БНФ (які апынуўся ў эміграцыі), інакш, паведамілі ім: “форсы” ня будзе. Перамагла “форса” (бо не пахне). Адзін блытанік з кіраўніцтва БНФ (мой намесьнік па Фронту) у парыве шчырасьці нават напісаў тады, што нацыянальная ідэя сябе ўжо вычарпала, Фронт выканаў сваю місію і таму трэба яго аб'яднаць з прамаскоўскай партыяй АГП.

У 1999 годзе паплечнікі пайшлі напралом. Непадпарадкаваліся вынікам галасаваньня зьезду, выкарысталі моладзь і, церпячы паразу, рашыліся на раскол, развалілі Народны Фронт.

Потым былі выбары прэзыдэнта ў 2001 годзе. “Новая хваля” зьбірала подпісы, падтрымлівала і агітавала за закаранелага ворага БНФ, члена бюро ЦК КПБ (КПСС), мацёрага намэнклятуршчыка Уладзімера Ганчарыка, зь якім Фронт змагаўся яшчэ на выбарах 1990 года (і, дарэчы, перамог). Так ім сказалі рабіць спадары з заходніх амбасадаў і так яны зрабілі. Гэтым самым “новая хваля” засьведчыла, што яна выпала зь беларускай нацыянальнай палітыкі.

Потым усё пайшло па нахіленай плоскасьці: кааліцыі з камуністамі, з прамаскоўскімі арганізацыямі, паездкі ў Маскву да Караганава (цэнтар гэбоўскай аналітыкі і прапаганды) і г.д.

Вяршыняй усяго гэтага апартунізму стаў 2004 год — агітацыя і ўдзел у незаконным рэфэрэндуме аб прадаўжэньні прэзыдэнцкіх тэрмінаў для Лукашэнкі. Такое дзеяньне груба не адпавядае Канстытуцыі, зьяўляецца злачынным актам і можа кваліфікавацца як садзеяньне ў антыканстытуцыйным захопе ўлады шляхам правядзеньня незаконнага рэфэрэндуму і імітацыі дэмакратычнага галасаваньня.

У вольнай Беларусі партыі, якія ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі (прытым за замежныя сродкі) павінны будуць стаць перад беларускім судом.

Палітычны фініш “новай хвалі” адбыўся ў 2004 годзе. Далейшы ход падзеяў гэта быў працэс маразму і палітычнай дэградацыі прагматыкаў, што замянілі ідэю на грошы.

У 1999 годзе, калі раскалолі Фронт, я казаў, што адыход “новай хвалі” ад ідэі, спакушэньне чужымі грашыма прывядзе да калябарацыі і апартунізму, што працэс палітычнай энтрапіі паўторыцца. Так яно і адбываецца. Але ўсё яно пасьля 2004 года ўжо ня мае ніякага значэньня. Паўтаруся, гэтая частка Фронту даўно выпала зь беларускай нацыянальнай палітыкі. Нават шкода часу і паперы пра гэтую сумную зьяву пісаць.

Людзі, якія прыплылі потым да “новай хвалі”, не маглі быць людзьмі вялікіх і сьветлых ідэалаў, бо ў рэальнасьці іх ужо там не было. Вычысьцілі нават фронтаўскую гісторыю. Цяпер прагматыкі былой “новай хвалі” пажынаюць плады свайго прагматызму. Яны так зьдзіўлены, так абураны прагматызмам новай генэрацыі, гавораць пра “рэйдэрскі захоп” іхняй арганізацыі. І трэба ж так... Некалі я напісаў сабе траціну пра прагматызм. Цяпер прыпомнілася:

Яны сталі поўзаць,

Думаючы, што потым

Будуць лятаць.

* * *

У гэтым годзе пасьля старту “Усходняга партнёрства” і гешэфту Эўропы з антыбеларускім рэжымам пачалася перабудова вікаўскай падстаўной апазыцыі. Апазыцыйнае асяроддзе скупляецца рэжымам праз Мілінкевіча (пры спрыяньні і згодзе Эўропы). Здаецца, ініцыятары былой “новай хвалі” нарэшце гэта зразумелі. Пачуўся ціхі лямант. Нават вечны блытанік і раскольнік Фронту Юры Хадыка артыкул супраць Мілінкевіча напісаў.

Усё гэта здавалася б сьмешным, калі б не было такім сумным. Бо ўзьняла Мілінкевіча на паверхню якраз “новая хваля”, яе прыхільнікі. Яны выцягнулі Мілінкевіча ў апазыцыйную палітыку і выставілі кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2006 года (між іншым, крок у крок згодна маскоўскага пляну пуцінскай каманды Паўлоўскага). Можа яны тады ня ведалі што рабілі? Магчыма, бо нават не пацікавіліся біяграфіяй кандыдата (вельмі вымоўнай, дарэчы). Праўда, для людзей, якія раней падтрымалі цэкіста У. Ганчарыка, гэта не абавязкова.

Мілінкевіч паспрыяў развалу нацыянальна-дэмакратычнага руху па новай (заходняй) тэхналёгіі. Гэтая тэхналёгія простая, як кол, і называецца яна — грошы. У другой палове 90-х ён пакідае кар'ерную кіруючую пасаду ва ўладзе і йдзе ў “апазыцыю”, ачольвае рэсурсны цэнтар “Ратуша”, праз які праходзілі вялікія грашовыя плыні для НДА і інш. Праз “Ратушу” пачалася скупка БНФ. За кароткі час гэтая “Ратуша” разбэсьціла грашыма і паспрыяла развалу магутнай горадзенскай арганізацыі Народнага Фронта. На Горадзеншчыне ў нас цяпер амаль нічога не засталося. Пасьля расколу частка структураў прымкнула да “новай хвалі”, частка самаліквідавалася.

У 2001 годзе Мілінкевіч узначальваў штаб С. Домаша — горадзенскага намэнклятуршчыка, якога выставілі на выбары спэцыяльна супраць мяне (зьбіраўся гуляць на маім полі).

У 2006 годзе, будучы кандыдатам на прэзыдэнцкіх выбарах, Мілінкевіч дакладна выканаў плян пуцінскай групы Паўлоўскага па забесьпячэньні легітымснасьці выбараў і перамогі Лукашэнкі. (Сьведама ці ня сьведама тое зроблена — гэта ўжо іншае пытаньне).

19 сакавіка 2006 г. ён акуратна справіўся з непрадбачанай у Маскве сытуацыяй — адвёў з плошчы перад прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй 40 тысячаў людзей у іншае месца, да савецкага “вечнага агню” на Круглую плошчу. Словам, ціха патушыў пратэстны ўздым. Тое ж самае ім было зроблена праз тыдзень — 25 сакавіка. (Потым пра гэта ён сам сказаў у інтэрв'ю тэлебачаньню “Эўраньюс” на французкай мове: маўляў, трэба было спыніць стыхійны пратэст).

* * *

Пасьля расейскай агрэсіі на Грузію ў мінулым годзе Лукашэнка заявіў, што гэтай апазыцыі засталося існаваць шэсьць месяцаў — максімум два гады. Ведаючы псіхіку ўзурпатара, можна было зразумець, што ёсьць плян нейкай ракіроўкі і замены гэтай вікаўскай квазі-апазыцыі на іншую (магчыма па крамлёўскім ўзоры). Так яно цяпер і выглядае. Мне гэта стала зразумела ў пачатку траўня гэтага года ў Празе пасьля размовы з Мілінкевічам.

Мілінкевіч выступае цяпер у якасьці апазыцыйна-дэмакратычнага лабі рэжыма Лукашэнкі перад Эўразьвязам. Эўразьвязу, які пасьля расейскай агрэсіі на Грузію, агаліў сваю прагматычную палітыку адносна Беларусі, вельмі патрэбная была такая фігура, як Мілінкевіч. Трактуючы яго як лідэра дэмапазыцыі, эўрапрагматыкі могуць трансляваць свае інтарэсы адносна рэжыму Лукашэнкі, нібыта зыходзячы з пазыцыяў і меркаваньня “беларускай апазыцыі”.

Ну, напрыклад, напісаў нядаўна адзін памочнік з групы Мілінкевіча фразу: “дзеяньні Лукашэнкі па абароне суверэнітэта важнейшыя, чым палітычная лібэралізацыя”. Для эўрапрагматыка гэта пас у штрафную пляцоўку. Эўропе, каб утрымаць лукашысцкі рэжым у сфэры сваіх інтарэсаў, трэба нешта вырашыць з санкцыямі аб “неўязных” (тэрмін у лістападзе), трэба неяк заплюшчыць вочы на рэпрэсіі, на парушэньні правоў людзей, на адсутнасьць заяўленай лібэралізацыі. І тут якраз такое меркаваньне (цытата) ад “апазыцыі”. Сам жа Эўразьвяз ня можа такое казаць. Але цяпер можна пагадзіцца з ацэнкай “беларускай апазыцыі” і працытаваць яе.

Адзначу, што сытуацыя з гэтай цытатай і дэфініцыяй не такая простая і патрабуе тлумачэньня. Калі выключыць зь яе слова “Лукашэнка”, то сьцьвярджэньне правільнае — суверэнітэт важнейшы. З “Лукашэнкам” жа ўвесь сэнс валіцца. Бо самай вялікай пагрозай суверэнітэту ёсьць сам Лукашэнка і ягоная антынацыянальная палітыка. Ён стварыў і стварае гэтую пагрозу. Другое: дзеяньні Лукашэнкі накіраваныя не на абарону суверэнітэту, а на захаваньне сваёй узурпаванай улады любым спосабам (бо пад пагрозай уласная скура). Улада ж не вісіць у паветры, яна грунтуецца на дзяржаве і існуе ў ёй. Таму, ратуючы ўладу, узурпатар абапіраецца на дзяржаўны суверэнітэт. Але ўспомнім, калі ў 90-х Лукашэнка плянаваў скочыць у Крэмль, ён казаў адкрыта з тэлеэкрана: “Суверэніцет — эта ерунда”.

Каб забясьпечыць і суверэнітэт, і палітычную лібэралізацыю, трэба скінуць Лукашэнку.

У працытаванай фразе, дарэчы, квінтэсэнцыя, галоўны сэнс “апазыцыйнага” лабіраваньня Лукашэнкі перад Брусэлем ва Ўсходнім партнёрстве. Сутнасьць такая: прымайце Лукашэнку такім як ён ёсьць, без аніякіх умоваў і патрабаваньняў аб лібэралізацыі, інакш ён здасца Расеі і Расея вам пакажа.

Нездарма ўзурпатар двойчы пахваліў Мілінкевіча. Людзі, якія перад гэтым не вылазілі з Масквы, згіналіся перад Маркавамі ды Караганавымі, сьведчылі пра сваю адданасьць Расеі і пра адсутнасьць у беларускай апазыцыі антырасейскіх настрояў (Мілінкевіч) цяпер навучыліся выкарыстоўваць расейскую пагрозу, каб падтрымаць узурпатара ва ўладзе за ягоную нібыта “дзейнасьць” па абароне суверэнітэту.

Галоўнае фінансаваньне лабісцкай апазыцыі ідзе хутчэй за ўсё ад рэжыму Лукашэнкі. Зараз прыцэньваюцца да маладых, гандлююць лейтэнантаў з былой “новай хвалі” і г.д. Адбываецца падрыхтоўка да старой ролі, якую Мілінкевіч зьбіраецца зноў сыграць у прэзыдэнцкай кампаніі.

* * *

У частцы разбурэньня структураў Мілінкевіч даволі пасьпяховы. Гэта зьвязана найперш зь ягонай “грашовай метадалогіяй”. Тыя, хто пакепліваюць зь ягонай нібыта “пасрэднасьці” (як яны думаюць), знаходзяцца на памылковай дарозе. Як і тыя, што пацяшаюцца зь неразьвітасьці і бескультур'я Лукашэнкі (а ён ужо 15 гадоў куражыцца над нацыяй і культурай). Словам, вопыт лукашызма — гэта нагода беларусам сур'ёзна задумацца над прыродай улады і над адказнасьцю перад Айчынай за свае рашэньні.

Што датычыць “метадалогіі”, то асобы, якія ў дасягненьні палітычнай мэты выкарыстоўваюць рычаг грошай, заканамерна развальваюць існуючае асяроддзе, зь якога лепяць свае дачасныя групы.

Цалкам верагодна, што лабісты рэжыму скупяць добрую частку вікаўскай апазыцыі і прагматыкаў, і фронду, і ўсіх тых, хто (перафразуючы расейскага паэта) “ищет робкими глазами, кто бы им помог упасть”.

Трэба дастаткова ўважліва сачыць за паводзінамі лабісцкай групоўкі. Гэта цяпер раэльная пагроза беларускаму руху. Яе ўплыў можа стаць тормазам у змаганьні за свабоду, волю і ідэалы, за культурную будучыню нацыі.

На мой погляд, першае, што трэба зрабіць у дачыненьні да “лабісцкай апазыцыі” — гэта назваць рэчы сваімі імёнамі. У істоце сваёй — гэта ёсьць калябарацыя з рэжымам на аснове прагматызму “рэаль-палітык”. Гэта калябарацыя, але не апазыцыя. Трэба так і называць, не прышпіліваць да іх паняцьцяў і словаў, якім яны не адпавядаюць.

Звычайна калябарацыя з адыёзным рэжымам (калі яна не выклікана мэтавым заданьнем) вынікае з палітычнай пазыцыі, якая дрэнна пахне, дрэнна стыкуецца з маральлю, годнасьцю, павагай, і прадыктаваная слабасьцю палітычнай альтэрнатывы. Калябарацыя мае сваю мізэрную нішу для пазытыўных дзеяньняў. Але ў гэтай нішы нікчэмна мала можна чаго дасягнуць і ніколі нельга перамагчы.

Зь мінулага года пачалося бражэньне калябарацыі ў вікаўскай апазыцыі. Многія (асабліва з АГП) кінуліся да Лукашэнкі, наперабой прапаноўваючы свае паслугі дыктатарскай уладзе (з АГП нават на прэм'ера набіваліся: а такія ж былі “змагайцы”).

Лукашэнка, вядома, у прэм'еры нікога ня ўзяў. Аказалася, што ўсіх ціхенька абагнаў Мілінкевіч. Такая сытуацыя цяпер пасьля “новай хвалі” ў гэтым асяроддзі.

* * *

Сытуацыя выклікана зьменай арыентацыі Эўразьвязу на супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. Гэтым тлумачыцца чаму прадстаўнікі вікаўскай апазыцыі, залежныя ад Брусэля, пайшлі прасіцца на службу ў варожы рэжым. Дзіўна, але яны не зразумелі нават жыцьцёвых абставінаў, што тых, каго дыктатар адзін раз вытурыў, тых назад не бяруць (гумовасьць іхнай этыкі неверагодная). Тым часам, калі такіх гастралёраў у “апазыцыі”, як генэрал Фралоў ці Нісьцюк, ніхто з уладнай каманды не выганяў, то яны туды й вярнуліся, “папрацаваўшы” (ды пафрандаваўшы) крыху.

Мілінкевіч жа чалавек адносна сьвежы ў рэжымным асяроддзі (хоць даўно не чужы), ня раз пасылаў свае прапановы рэжыму (пісаў лісты, звароты, запрашэньні на сьвяты), мае доступ у заходнія кабінэты, словам, падыходзячая фігура для стварэньня новай прыдворнай апазыцыі крамлёўскага кшталту.

Лабісцкая апазыцыя грунтуецца на меркаваньні, што трэба ўцягнуць рэжым у палітычна-эканамічныя дачыненьні з Захадам. Гэта паступова павінна (як яны спадзяюцца) прывесьці да рэдукцыі рэжыму, да лібэралізацыі ў эканоміцы і ўнутранай палітыцы.

Пастаноўка такой задачы ў прынцыпе не пазбаўлена сэнсу, мае фармальнае абгрунтаваньне. Дзьверы на Захад мусяць быць адчыненымі, кантакты на чалавечым і эканамічным узроўні павінны быць (і, магчыма, будуць). Але вось на палітычным узроўні (які тут ёсьць вазначальным) ня будзе прынята нічога, што хоць ускосным чынам здольнае пагражаць уладзе ўзурпатара. Гэта добра відаць ад самага пачатку новай заходняй палітыкі, і лабісты вымушаныя абслугоўваць такую пазыцыю.

Лукашэнка цягне час і груба балансуе паміж Расеяй і Эўразьвязам, чакаючы эканамічнай направы ў сьвеце (канца крызісу). Але гэты расьцягнуты час ёсьць страчаны час Беларусі. Антынацыянальная палітыка рэжыму не спыняецца ні на хвіліну. І чым больш гэты час расцягнецца, тым больш будзе зьнішчэньняў нашай нацыянальнай існасьці і нашай культуры. (Нагадаю, што русіфакацыя і ліквідацыя беларускай нацыянальнай культуры, улучна з мовай, ёсьць, як раней прызнаўся сам узурпатар, — галоўнай ідэалягічнай задачай ягонай улады.)

Акрамя таго, амбівалентныя выкіды сьвядомасьці ўзурпатара і балансаваньне антыбеларускага рэжыму паміж Расеяй і Эўропай — вельмі небясьпечная палітыка (асабліва ў шулерскім выкананьні Лукашэнкі). Яна можа скончыцца чарговым падзелам Беларусі (на гэты раз эканамічным), калі Масква і Эўразьвяз дамовяцца. А гэта цалкам верагодна і тым больш небясьпечна, таму што ў Беларусі няма на гэты час моцнай народнай беларускай апазыцыйнай сілы (няма больш моцнага БНФ).

Празаходні лабізм збанкрутаванага рэжыму без каштоўнасных умоваў аб дэмакратыі і культуры, улічваючы геапалітычную неабходнасьць, можна б было яшчэ зразумець, калі б ім займалася нейкая асобная прыўладная група (няхай сабе і калябаранцкая, быў жа “дэмакрат” Гайдукевіч). Але тут падмена, тут справа йдзе аб стварэньні шырокай нібыта апазыцыйнай зьявы, ў істоце сваёй ськіраванай у тупік і на пабочную абслугу гэтага рэжыму. Гэта яшчэ горш, чым вікаўская апазыцыя, якая “змагалася” для паказухі.

* * *

Дзеля направы Беларусі, дзеля сьветлай і вольнай будучыні Бацькаўшчыны няма іншай выніковай дрогі, як апора на самых сябе, на свой народ, на сваю барацьбу, на сваю творчасьць, мову, культуру, гісторыю, працу і сілу. Трэба ўздымаць гэтую сілу, ствараць сваю магутнасьць. Трэба зрушыць рэжым зь мёртвай кропкі, перакуліць гэтую стабільнасьць цемры і ўзьняць наш Сьцяг.

Магчымасьці заўсёды ёсьць. Нельга жыць па сцэнары антынацыянальнага рэжыму. У 2011 годзе неабходна скарыстаць народны сцэнар і байкатаваць фальшывае галасаваньне.

Зразумела, што “лабісцкая апазыцыя” стане той групай, якая найбольш будзе выступаць супраць байкоту фальшывых незаконных выбараў Лукашэнкі. (Паўтаруся яшчэ раз: як бы хто ні галасаваў, галасы палічаць толькі Лукашэнку; ня будзе выбараў ні справядлівых, ні дэмакратычных, ні законных; узурпатару нельга прайграць, ён далёка зайшоў і, каб утрымаць уладу, ён скарыстае ўвесь арсенал). Якая роля будзе спадара Мілінкевіча ў гэтых выбарах, лёгка прадбачыць.

Байкот праводзіць трэба. Прытым актыўны байкот з прапагандай і патрабаваньнямі. Ужо цяпер трэба рыхтавацца, не марнаваць час, не спадзявацца на станоўчыя рашэньні рэжыму і ўзурпатара. Станоўчых рашэньняў ня будзе (калі што ўзьнікне, дык толькі ашуканства).

Байкот незаконных выбараў Лукашэнкі мае тую асаблівасьць, што калі б яго ўдалося правесьці як актыўнае мерапрыемства, то гэта магло б паспрыяць аднаўленьню сапраўднага Беларускага дэмакратычнага руху ў краіне. Трэба рабіць тое, што зрушыць грамадзтва на разьвіцьцё, на адраджэньне Беларусі.

24 верасьня 2009 г.

Зянон Пазьняк