АКУПАНТЫ ЗАБІВАЮЦЬ ЛЕПШЫХ ЛЮДЗЕЙ ЧАЧЭНСКАГА НАРОДУ

Пасьля зьверскага забойства Натальлі Эстэміравай расейскі тэрарызм супраць чачэнскай інтэлігенцыі не спыняецца. Адна з прычынаў — абыякавасьць у сьвеце да лёсу чачэнцаў. Амаль нічога ня пішацца ўжо пра новыя забойствы людзей акупанцкімі бандытамі. Але яшчэ летам, 11 жніўня гэтага года, італьянская газэта “La Repubblica” паведамляла, што ў Грозным знайшлі целы забітых актывістаў Зарэмы Садулаевай і ейнага мужа Аліка Джабраілава (ім было па 33 гады). Садулаева шэраг гадоў кіравала недзяржаўнай арганізацыяй “Ратуем пакаленьне”, якая дапамагала дзецям, што пацярпелі ад вайны. Актывістаў схапілі людзі ў масках і вывезьлі на аўтамабілі. Пазьней былі знойдзены іхныя трупы, прастраляныя кулямі.

Наш камэнтар: Чарговае злачынства маскоўскіх акупантаў і іхных паслугачоў супраць лепшых людзей чачэнскага народу. Але помста будзе.

Юрка Марозаў