САМАЛЁТЫ ПАДАЮЦЬ І ГАРАЦЬ
17 жніўня 2009 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала пра тое, як падчас падрыхтоўкі да дэманстрацыйных выступаў пад Масквой загарэліся і ўпалі-разьбіліся два ваенныя самалёты найсучасьнейшай канструкцыі “СУ-27” з так званай групы “Русскіе вітязі”. Камандзёр гэтай групы загінуў.
Наш камэнтар: “Вітязі” адначасова загарэліся і ўпалі на дачныя пасёлкі. Былі паранены мірныя жыхары, зьнішчаны дамы і маёмасьць, людзі ў шоку. Міністэрства абароны РФ заявіла, што “дачнікі самы павінны навесьці парадак і выдаліць парэшткі самалётаў...” (Фантастыка!).
Выдатны беларускі авіяканструктар Сухі (ягоным імем названы новыя пакаленьні “СУ”) стварыў быў рэвалюцыйны напрамак у разьвіцьці ваенна-паветраных апаратаў. Але ён ніколі ня думаў, што ў расейскай арміі будзе такі развал, п'янства і агульны “крызіс жанру,” што самалёты будуць валіцца на галовы людзей парамі і на парадах. Дарэчы ўспомніць, што такая сытуацыя пануе ва ўсім расейскім войску. Так з 9 выпрабавальных запускаў разрэклямаванай стратэгічнай ракеты “Булава” удалым быў толькі адзін запуск. Такіх “вітязяў з булавамі” павінен баяцца і сам расейскі народ. Яшчэ чаго Маскву спаляць.
Алесь Хадасевіч