ЯШЧЭ РАЗ АБ ВЫБАРАХ І ПАЗЫЦЫІ

(Выступ на верасьнёўскім Сойме Беларускага Народанага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

... Галоўнае нашае дзеяньне цяпер — канцэптуальная падрыхтоўка да палітычнай кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі, якая пачнецца ў канцы наступнага году.

Мы разглядалі і абмяркоўвалі гэтае пытаньне ў нашай народнай Партыі і засьведчылі адзінае разуменьне і адзіны падыход. Нагадаю асноўныя тэзісы нашай пазыцыі.

Найперш важнае тое, што Лукашэнка ня мае права ўдзельнічаць у выбарах. Гэтага не дазваляе яму закон і Канстытуцыя Беларусі, і нават цяперашняя канстытуцыя, якую рэжым прэпараваў у 1996 годзе.

Цяперашні статус Лукашэнкі юрыдычна кваліфікуецца як узурпатар прэзыдэнцкай улады. Гэта абумоўлена незаконным рэфэрэндумам 17 кастрычніка 2004 года аб прадаўжэньні прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў і аб магчымасьці неабмежаваных кадэнцыяў; рэфэрэндумам, які супярэчыў канстытуцыі і ня быў прызнаны намі і міжнароднай супольнасьцю.

18 красавіка 2005 года кіраўніцтва нашай Партыі зьвярнулася з афіцыйным лістом да Лукашэнкі з патрабаваньнем падпарадкавацца закону і ня ўдзельнічаць у чарговых выбарах прэзыдэнта Беларусі (“Беларускія Ведамасьці”, — 2005-2006, №1 (55), с. 3). Патрабаваньне было праігнаравана. На выбарах 2006 года нам прадэманстравалі чарговы фальсіфікацыйны фарс, у выніку якога Лукашэнка аб'явіў сябе прэзыдэнтам. Мы і міжнародная супольнасьць не прызналі гэтыя выбары за законныя, справядлівыя і дэмакратычныя.

23 лістапада 2006 года на прэсавай канфэрэнцыі для ўкраінскіх журналістаў, якая транслявалася па радыё і тэлебачаньні, А. Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкія выбары “яны” сфальсіфікавалі (“Да, последние выборы мы сфальсифицировали”).

19 студзеня 2007 года Сойм нашай народнай Партыі (КХП — БНФ) падаў заяву ў Вярхоўны Суд аб узбуджэньні крымінальнай справы па факту фальсіфікацыі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у сувязі з паведамленьнем А. Лукашэнкі. Вярхоўны Суд прыслаў нам афіцыйны адказ за подпісам Намесьніка старшыні Вярхоўнага Суда спадарыні Шкурдзюк Ж.Б., дзе паведамлена, што адзначаныя намі парушэньні закона “не ўваходзяць у кампэтэнцыю Вярхоўнага Суда” (“Беларускія Ведамасьці”, — 2007, №1 (60), с. 1-3).

Паколькі адказ Вярхоўнага Суда не стасаваўся з законам, (бо нашу заяву Вярхоўны Суд павінен быў накіраваць у ворганы крымінальнага перасьледу), мы зьвярнуліся ў Генэральную пракуратуру з тым жа патрабаваньнем аб узбуджэньні крымінальнай справы па факту фальсіфікацыі выбараў. Пракуратура адказала мёртвым і ўпартым маўчаньнем.

Сімптаматычна, што 27 жніўня гэтага году ў інтэрв'ю расейскай газэце “Известия” Лукашэнка зноў у той жа цынічнай форме пацьвердзіў фальсіфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года. Прытым удакладніў, што ён “даў каманду” зьмяніць дадзеныя пра вынікі галасаваньня. Чаму ён пастаянна пацьвярджае свой удзел у фальсіфікацыі выбараў, мы разглядаць ня будзем. Гэта асаблівасьць ягонай псіхікі і адметнасьць галавы. Факт у тым (і гэта істотна), што адчуваючы беспакаранасьць, ён прызнае фальсіфікацыю і сваю ролю ў ёй, а фраза “я даў каманду” абавязвае ворганы пракуратуры правесьці дазнаньне і ўзбудзіць яшчэ справу супраць старшыні ЦВК Л. Ярмошынай. Зразумела якія будуць паводзіны пракуратуры. Але зразумела і тое, што ні Лукашэнка, ні Ярмошына ўжо не адкруцяцца ад суда. Справа часу.

Незаконны ўдзел Лукашэнкі ў чарговых (чацьвертых) выбарах прэзыдэнта мусіць разглядацца як крымінальнае дзеяньне, накіраванае на захоп улады. Удзел іншых асобаў у такіх выбарах разам з Лукашэнкам будзе азначаць згоду гэтых асобаў, фактычнае прызнаньне крыміналу, а таксама садзеяньне гэтаму крыміналу ў ашукваньні грамадзтва, у стварэньні ілюзіі нармальных выбараў.

Дзейнічаючы па-крымінальнаму, незаконнымі мэтадамі, Лукашэнка і яго атачэньне зайшлі вельмі далёка. Дарогі ў тыл ужо няма. Яму ўжо страшна страціць уладу, бо будзе расплата. Каб захаваць гэтую ўладу, ён пойдзе на любое парушэньне, і калі спатрэбіцца, здасьць усё акрамя ўлады.

Беларусам добра б было хутчэй зразумець, што ніякіх дэмакратычных, справядлівых выбараў не было і ня будзе, ніякіх зьменаў выбарчага заканадаўства не прадбачыцца. Наадварот, узмацняюцца рэпрэсіі і кантроль над грамадзтвам.

Практыка папярэдніх выбараў паказала, што фальсіфікацыйная машына адладжана і дзейнічае спраўна, а адміністрацыйны рэсурс працуе безадказна. Абыграць гэтую машыну і перамагчы на выбарах немагчыма, гэтак жа як немагчыма абыграць напарстачніка (які таксама гуляе з камандай). Застаецца адно з двух — альбо даць напарстачніку па шыі і арыштаваць, альбо пайсьці прэч і не гуляць зь ім у напарстак. На жаль, прастакоў абыграць шулера не бракуе.

Ёсьць дастаткова разумных і радыкальных мэтадаў, каб загамаваць і нават перакуліць фальсіфікацыйную машыну (успомнім, напрыклад, нашу ідэю “народнага галасаваньня” у 2006 годзе). Але ўсе спробы разьбіваліся аб палітычную пасіўнасьць выбаршчыкаў і агрэсіўную рэпрэсіўнасьць рэжыму плюс заўсёдная калябарацыя (удзел у выбарах) так званай “вікаўскай апазыцыі”.

Вопыт папярэдніх гадоў засьведчыў, што ніякія альтэрнатыўныя выбарчыя камбінацыі ў сістэме рэжымных выбараў неажыцьцявімыя. Калі нешта пачынала рухацца (напрыклад, “народнае галасаваньне”) — тут жа ўжывалася грубая сіла, а закону ў час выбараў рэжым не трымаецца (зрэшты, як і паміж выбарамі).

У гэтай сістэме татальнага ашуканства і татальнага бяспраўя кандыдаты і электарат патрэбныя на выбарчых участках як прыкрыцьцё ашуканства дзеля стварэньня бачнасьці нармальных выбараў, на якіх выбаршчык нічога не вырашае, але мусіць прысутнічаць і галасаваць. Інакш схаваць фальсіфікацыю будзе немагчыма.

Сама лёгіка безвыходнага становішча, калі народ застрашылі і загналі ў кут, падказвае, што трэба пазбавіць фальсіфікацыйную сістэму выбарчага электарату, ня даць магчымасьці палітычным шулерам прыкрывацца народам. Патрэбны байкот фальшывых выбараў — пустыя выбарчыя ўчасткі. Прытым усьвядомлены, актыўны байкот з агітацыйнай і прапагандысцкай кампаніяй і шырокай (наколькі магчыма ў нашым становішчы) інфармацыяй. У ідэале 2/3 выбаршчыкаў не павінны галасаваць. Гэта быў бы накдаўн узурпатару, які яму не ўдалося б схаваць.

З 2000 года мы прапагандуем канцэпцыю актыўнага байкоту. У мінулым годзе яна дала пэўныя вынікі на выбарах у “палату”. Праўда, байкот стаўся пасыўным, вельмі перашкаджалі штрайкбрэхеры з “вікаўскай апазыцыі”, але людзі ўсё ж пачулі наш голас. На бальшыні тэрыторыі Беларусі галасавала ня больш за 30 адсоткаў выбаршчыкаў. Рэжым, вядома, агучыў пераможныя рэляцыі, але замарочыць галовы людзям ужо не ўдалося. Гэта важны крок у сьведамасьці выбаршчыкаў, якія рэальна ўбачылі, як іх ашукалі. Захад, які быў заранёў настроены прызнаць выбары, ня змог гэтага зрабіць, бо ашуканства было відавочным.

Характэрнасьць палітычнага жыцьця пад антыбеларускім рэжымам мае тую асаблівасьць, што на візуальны план у палітыцы выйшлі маргінальныя погляды і арганізацыі. Гэта заканамерна, бо сваю разбуральную ўладу антыбеларускі рэжым (і што істотна — пры садзеяньні лібэральнага Захаду) накіраваў перш за ўсё супраць незалежніцкіх, адраджэнскіх нацыянальна-дэмакратычных сілаў, найперш супраць Народнага Фронту. Цяпер мы зьменшыліся колькасна і працуем амаль што ў падпольлі, але беларуская нацыянальная палітыка канцэнтруецца тут.

Ва ўмовах, якія склаліся цяпер у Беларусі (перш за ўсё ва ўмовах вынішчэньня баларушчыны), усё палітычнае, што існуе па-за межамі Беларускай нацыянальнай ідэі, зьяўляецца вымарачна маргінальным, нягледзячы на тое, што плавае на паверхні. Найбольш характэрны прыклад — сам рэжым і яго апазыцыя.

Маргіналізм у палітыцы (і асабліва маргіналізм ва ўладзе) — зьява небясьпечная. Але мы не павінны праймацца тым, што на выбарах зноў будуць штрайкбрэхеры, аматары Лукашэнкі, умельцы дзяўбаць ілбом у сьцяну і зграі барацьбітоў за чужыя грошы. Такая ёсьць рэжымная рэчаіснасьць. Мы павінны рабіць сваю справу дзеля перамогі і свабоды Бацькаўшчыны, бачачы і разумеючы, што крок за крокам гэтая праца прыносіць плён.

З палітычных падзеяў, што адбыліся за апошні месяц, найбольш змрочнай і трывожнай падзеяй №1 зьяўляецца антыканстытуцыйны ўвод расейскага войска на нашу тэрыторыю пры садзеяньні Лукашэнкі. Мы ўжо даўно зьвяртаем увагу грамадзкасьці на гэты ганебны, антызаконны і небясьпечны (я б сказаў злачынны) акт рэжыму і чужой дзяржавы. Наша партыя павінна вельмі ўважліва назіраць за ходам правакацыйных манеўраў расейскай ваеншчыны і рабіць штодзённы аналіз. Нашыя структуры на месцы павінны адпаведна арганізаваць працу на гэты месяц.

Як мы і паведамлялі яшчэ вясной, з таго часу, як рэжым, вобразна кажучы, пачаў даіць Эўропу, унутранная антыбеларуская рэакцыя ўзмацнілася. Асабліва павялічыліся рэпрэсіі супраць беларускіх настаўнікаў (прыклады з Грузьдзіловіч, Уланавай), супраць інтэлектуальных носьбітаў беларускай мовы і маладзёвага руху. Актывізавалася антыбеларуская дзейнасьць КГБ і агентуры ФСБ, зроблена шэраг арыштаў, правакацыяў, налётаў на кватэры беларускіх дзеячаў (напрыклад, М. Аксаміта), пачасьціліся бесталковыя наскокі на грамадзянскую супольнасьць ды на беларускае нацыянальнае адраджэньне. З гэтай мэтай нават “спалілі” некалькі “сексотаў” (у Злучаных Штатах і ў Беларусі). Характэрная правакацыя — зьяўленьне ў Інтэрнэце так званага “дзёньніка” агента Гаўрыліна — вымучанага твору гэбоўскай канторы). Але нягледзячы на такое распачлівае павелічэньне рэпрэсіўнай актыўнасьці антыбеларускіх уладаў і элемэнтаў, усё гэта пачынае нагадваць зацяжную агонію рэжыму, які ўсё больш і больш павісае ў паветры.

Мяркую, што трэба накіраваць нашыя стараньні найперш на неабходную і доўгую працу па падрыхтоўцы байкоту прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнкі. Тут ужо ёсьць разуменьне і настрой у грамадзтве. Трэба працаваць далей настойліва і пастаянна.

Нам пажадана асьцерагацца ілюзіяў пра сацыяльныя вынікі эканамічнага крызісу. Будзе павялічвацца незадаволенасьць і напружаньне, але грамадзкага выбуху хутчэй за ўсё не здарыцца. Будуць цярпець.

Харчаваньне і дабрабыт ёсьць патрэбнасьцю людзей, але ня ёсьць ідэалам. Адсутнасьць дабрабыту можа выклікаць бунт, але ніхто не змагаецца (і не змагаўся) толькі за дабрабыт. Нават камуністы. Людзі змагаюцца за ідэалы. Пакаленьне, якое гэтага не разумее, жывучы ў няволі, — ніколі не дасягне свабоды, калі ня вылучыць авангард, які ўспрыме ідэю.

У апошні час пайшла цэлая паласа кампрамэтацыі ідэалаў і зьневажэньня вядомых людзей, гістарычных асобаў, якія змагаліся, гінулі і ахвяраваліся за сьветласьць Беларусі, за волю і незалежнасьць. Нічога не бывае выпадковага ў кантралюемым грамадзтве і антыбеларускім рэжыме. Таму першае, што трэба берагчы і абараняць пастаянна — гэта нашу чалавечую і народную годнасьць і гонар людзей, якія нясуць ідэалы дабра, свабоды і незалежнасьці. Тут наша сіла. Зь ёй мы некалі перамаглі камунізм, зь ёй пераможам цемру цяпер і заўсёды.

Віншую ўсіх з Днём Беларускай вайсковай славы! Жыве Беларусь! Слава героям!

13 верасьня 2009 г. Зянон Пазьняк