ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ. ПЕРАМОГА ТЫХ, ХТО БЫЎ З ІДЭЯЙ

Гэта была найбольшая палітычная перамога ў гісторыі Беларусі двух апошніх стагодздзяў, паўтарыць якую ўжо нікому ня ўдасца — бо, спадзяюся, краіна ўжо ніколі ня страціць Незалежнасьці.

Тым больш мэтазгодна прааналізаваць, чым быў адметны посьпех 25 сакавіка 1991 году, калі Вярхоўны Савет 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнай сілы.

Адзначу тры найважнейшыя адметнасьці: здольнасьць палітычнага авангарду грамадзтва — БНФ — выкарыстаць час, мэтанакіраваная праца гэтага авангарду пры супрацьдзеяньні Захаду і нацыянальная ідэя як галоўны матыў масавых выступаў, якія і прывялі да перамогі.

Без падтрымкі Захаду

Цягам ўсёй савецкай гісторыі, пачынаючы з кастрычніцкага перавароту 1917 года, дэмакратычныя заходнія краіны выступалі супраць камунізму, хаця і ішлі на часовыя альянсы з крамлёўскімі лідэрамі (як у часе Другой Усясьветнай вайны). Аднак ў апошнія дзесяцігоддзі існаваньня СССР Захад (і найперш ЗША) пасьлядоўна падтрымлівалі змагароў з камуністычнай сыстэмай, дамагаліся вызваленьня палітзьняволеных, ставіли эканамічнае супрацоўніцтва з СССР ў залежнасьць ад выкананьня правоў чалавека. Роля Захаду ў дэмантажы камуністычнай сыстэмы вялікая.

Іншая справа — змаганьне народаў СССР за дзяржаўную незалежнасьць. Тут меў месца “падвоены стандарт”: адно стаўленьне — да Прыбалтыкі, іншае — да астатніх.

Ідэя Незалежнасьці Беларусі ад моманту, як яна была абвешчана галоўнай палітычнай мэтай БНФ у траўні 1990 году і праз два месяцы прадэкляраваная (хай і не на поўніцу) Вярхоўным Саветам, — не атрымала ніякай палітычнай падтрымкі краінаў Захаду.

Для параўнаньня: Захад ніколі не прызнаваў анэксію Масквой Літвы, Латвіі і Эстоніі, і ў 1989-1990-ых гадох тагачасны прэзыдэнт ЗША Буш (старэйшы) неаднаразова заяўляў прэзыдэнту СССР Гарбачову, што прыбалтыйскія рэспублікі павінны быць незалежнымі ад Масквы. Адпаведныя заявы рабіліся Злучанымі Штатамі і на іншых узроўнях. Лідэры “Саюдзісу”, Народных франтоў Латвіі і Эстоніі былі прынятыя ў Белым Доме, у Кангрэсе ЗША, у парлямэнтах краінаў Эўразьвязу.

Нічога і блізка да такой зацікаўленасьці мы ў Беларусі не адчувалі. Да Пазьняка часта прыязжалі заходнія журналісты, пыталіся пра Курапаты і звычайна — пра падтрымку ў Беларусі гарбачоўскіх рэформаў. Але як толькі Пазьняк пачынаў казаць пра Незалежнасьць — карэспандэнты складвалі нататнікі і выключалі дыктафоны; іх не цікавілі, як яны лічылі, фантасмагарычныя пражэкты. Ня толькі БНФ, але і Вярхоўны Савет не цікавіў Захад, чыя ўвага сканцэнтравалася выключна на Гарбачове і корпусе народных дэпутатаў СССР.

Больш за тое: Белы Дом заявіў, што будзе ўсяляк падтрымліваць намаганьні Гарбачова па захаваньню СССР (за выняткам Прыбалтыкі).

Дзіўна, але пазыцыя Белага Дому не зьмянілася ні пасьля 27 ліпеня 1990-га, ні пасьля 25 жніўня 1991-га, ні пасьля падпісаньні Віскулёўскіх пагадненьняў у пачатку сьнежня 1991-га. І толькі пасьля заявы Гарбачова пра сваю адстаўку Белы Дом пачакаў яшчэ некалькі дзён і ў перадапошні дзень 1991 году прызнаў незалежнасьць былых рэспублік СССР (але адзначым відавочнае: прызнаўшы, ЗША як ніхто зрабілі шмат для падтрымкі беларускай Незалежнасьці. Эўрапэйскія краіны ішлі за ЗША, звычайна — са спазьненьнем).

Сёньня тая няздольнасьць убачыць відавочнае — непазьбежны распад СССР — лічыцца найвялікшым правалам ЦРУ, тым больш парадаксальным, што Буш у свой час займаў пасаду дырэктара гэтага ведамства і мог бы разьлічваць на максымальна поўную інфармацыю. Няўжо аналітыкі з Лэнглі ня бачылі таго, у чым былі перакананыя фронтаўскія актывісты зь Вілейкі ці Лагойску? Няўжо варыянт распаду СССР не разглядаўся і не пралічваўся ў ЦРУ? Бо вядома, што некаторыя амэрыканскія палітолягі прадракалі Саюзу крах. Нарэшце, у ЗША існавала грамада, якая дзесяцігоддзямі наўпрост падтрабавала ад Белага Дому і Кангрэсу прызнаць Беларусь незалежнай краінай — беларуская дыяспара.

Канешне ж, варыянт распаду СССР аналізаваўся, і відавочна, не па адным сцэнары, але Захад быў не зацікаўлены ў ім з адной прычыны. Захад жадаў, каб ядзерная зброя і надалей заставалася пад кантролем адзінага цэнтру, у руках чалавека, зь якім “можна мець справу” — Гарбачова (заўважым, што ўрэшце рэшт ядзерныя боегалоўкі апынуліся пад адзіным кантролем — гэбэшнага Крамля). І дзеля гэтага Захад падтрымліваў Гарбачова (а значыць, і цэласнасьць СССР) усімі магчымымі сродкамі.

Такім чынам, Незалежнасьць была здабытая беларусамі самастойна, без аніякай палітычнай падтрымкі іншых краінаў, і ёсьць тым больш каштоўнай нацыянальнай заваёвай.

Калі час ня страчаны

У ліпені 90-га Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце, але адмовіўся ад прапановы Апазыцыі БНФ надаць дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы, што азначала б вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР над “саюзнымі”. У выніку Беларусь, як і раней, падпарадкоўвалася Маскве, шмат якія законапраекты, падтрыхтаваныя дэпутатамі БНФ, не прымаліся яшчэ і таму, што супярэчылі “саюзным” законам. Суседнія Літва і Латвія закладалі асновы дзяржаўнасьці, рэфармавалі эканоміку — Беларусь губляла магчымасьці.

Гэта — прыклад страчанага часу ў палітыцы.

На шчасьце, у вызначальныя дні жніўня 91-га ўдалося скарыстаць іншым чынам і час, і магчымасьці.

Апазыцыя БНФ запатрабавала неадкладнага скліканьня пазачарговай сэсіі ВС — аднак нас пераконвалі, што гэта нерэальна, што ў дэпутатаў-аграрнікаў “адказны час жніва”, што многія дэпутаты ў Крыму і ў Сочы. Мы прапанавалі паслаць за аграрнікамі аўтамабілі, а за курортнікамі — самалёты (у выніку, даехалі і зь вёскак, і з курортаў, без усялякіх спэцрэйсаў). Нам казалі, што сэсія — непадрыхтаваная, а мы за суткі распрацавалі ўсе патрэбныя законапраекты.

Спазьніся мы са скліканьнем сэсіі на некалькі дзён — і Незалежнасьці магло ня быць, бо шок у дэпутатаў-камуністаў ад правалу ГКЧП хутка мінуў. (Могуць запярэчыць: іншыя ж рэспублікі, хто раней, хто пазьней, таксама абвясьцілі Незалежнасьць, няўжо беларусы адзінымі “залежнымі” ад Масквы не засталіся б? Засталіся б! У наступныя гады беларуская наменклятура як ніхто лезла ў абдымкі Масквы, а “першы прэзыдэнт” стварыў з Расеяй хай і фантомную, але “саюзную дзяржаву”).

Але і 25 жніўня настроі значнай часткі дэпутатаў былі не на карысьць Незалежнасьці. Так, супраць выступіў дэпутат А. Лукашэнка, які забаяўся, што “Белоруссия может оказаться в политической и экономической изоляциі от России”, і выступіў ня толькі ён. Настрой такіх дэпутатаў адчуў С. Шушкевіч, які вёў сэсію (ён прапанаваў уключыць у павестку дня першым пытаньнем Саюзную дамову), і выказаў сумненьне, што канстытуцыйная большасьць галасоў будзе сабраная. Чым яшчэ больш ускладніў сытуацыю.

І вось тады да мікрафону падыйшоў Пазьняк, які абвінаваціў Ельцына ў шантажы коштамі на нафту, сказаў, што ў Расеі “фармуецца маладая агрэсіўная імпэрыя ў форме дэмакратыі”, і што “сувэрэнітэт дасьць нам магчымасьць стаць свабоднымі і незалежнымі”. “Я прашу вас паставіць гэтае пытаньне і вырашыць яго сёньня. Бо заўтра можа быць позна”, — заклікаў Пазьняк.

Пад час выступу Пазьняка ў Авальнай залі была мёртвая цішыня — такіх слоў ад лідэра апазыцыі не чакалі, бо ў тыя дні Ельцын быў усясьветным сымбалем дэмакратыі, а тут — крытыка і Ельцына, і самой расейскай дэмакратыі.

Калі слова ўзяў сакратар Гомельскага абкаму Міхаіл Мачуленка, я думаў, што пачнецца дыскусія з ужываньнем традыцыйнай для камуністаў “антыфронтаўскай” рыторыкі. І раптам — “я стопроцентно поддерживаю народного депутата Пазьняка и предлагаю здесь же, сейчас же проголосовать за то, что он сказал”. Аплядысмэнты.

Выступае прэм'ер-міністар Кебіч — у падтрымку.

Былы першы сакратар Ваўкавыскага райкаму Міхаіл Жэбрак: “... если мы сегодня не примем такой закон, то, что предлагает Зенон Станиславович, то надо принять тогда решение о входе Западного края в состав Российской Федерации. Другого выхода нет”.

У выніку 253 дэпутаты галасуюць за наданьне Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы (патрэбныя былі 232 галасы).

У 20 гадзінаў 08 хвілінаў 25 жніўня 1991 года Беларусь вяртае Незалежнасьць, і назаўтра газета “Звязда” выходзіць з вялізнай шапкай на ўсю першую паласу: “Беларусь — незалежная!”.

Людзі на плошчы

У жніўні 1991 году БНФ заклікаў людзей выйсьці на плошчу перад Домам ураду, каб падтрымаць дэпутацкую апазыцыю. 19 жніўня, у першы дзень ГКЧП, прыйшло пад 150 чалавек. 20 жніўня — 250. 21 жніўня сабраліся паўтары тысячы, а 24-25 жніўня перад Вярхоўным Саветам стаяла 30 тысяч чалавек.

І калі прызнаць аднаўленьне Незалежнасьці 25 жніўня 1991 года найвялікшым беларускім палітычным здабыткам (а ніяк інакш нараджэньне самастойнай дзяржавы ацэньваць ня выпадае), дык варта памятаць, што вынік дасягнуты людзьмі, якіх паклікала на плошчу іх нацыянальная самасьвядомасьць. І — нішто іншае.

За некалькі месяцаў, у красавіку 91-га, на тую ж плошчу прыйшло ў тры разы болей людзей — менскія заводы абвясьцілі страйк супрраць падвышэньня цэнаў. Сто тысяч чалавек былі на плошчы ў Менску, сотні перакрылі чыгунку ў Воршы. Але як толькі Саўмін задаволіў (часткова і часова) эканамічныя патрабаваньні — стотысячны натоўп зьнік. Палітычны вынік стаяньня на плошчы быў нулявы.

Можна прыгадаць і нядаўнія часы: страйкавалі некаторыя менскія заводы, вылучалі сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні (“Мы ў палітыку не лезем!”), нават накіроўвалі дэлегацыі да будынку адміністрацыі прэзыдэнта. І заўсёды ўлада знаходзіла хуткія і эфэктыўныя спосабы спыніць пратэсты.

Ніколі ў найноўшай гісторыі Беларусі масавыя акцыі, выкліканыя сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй, не прыводзілі ні да палітычных, ні да нават істотных эканамічных пераменаў.

І наадварот: калі людзі выходзілі “за ідэю” — мяняўся лёс нацыі, рабілася гісторыя. Так было на Дзяды-88 па дарозе на Курапаты, калі распачалася новая хваля нацыянальнага Адраджэньня. Так было ў верасьні 89-га, калі БНФ вывеў дзесяткі тысяч на Чарнобыльскі шлях і ўлада была вымушаная рассакрэчваць інфармацыю пра катастрофу і выратоўваць людзей. Так адбылося і 24 сакавіка 1996 году, калі трыццаць тысяч менчукоў выйшлі на вуліцы, выказаліся супраць аб'яднаньня Беларусі і Расеі — і Захаду давялося перагледзець сваю пазыцыю (“А мы спадзяваліся, што Ельцын гарантуе Беларусі дэмакратыю” — цытата з пачутага тады намі з Пазьняком у Сэнаце ЗША).

Перакананы: сытуацыю ў Беларусі зьменяць тыя, каго выведзе на плошчу не эканамічны крызіс, а нацыянальная ідэя.

... А тады, у жніўні 1991-га, падтрымка шматтысячнай грамады на плошчы надавала нам сілы і паўплывала на настрой тых, ад каго залежыла прыняцьце гістарычнага рашэньня. І таму кожны з гэтых дзесяткаў тысяч мае поўнае права лічыць перамогу сваім уласным здабыткам.

Сяргей НАВУМЧЫК

http://naviny.by/rubrics/opinion/2009/08/26/ic_articles_410_164178