НЯШЧАСНАЯ КРАІНА.
23 ліпеня 2009 г. Іспанская газэта “АВС” апублікавала артыкул пад тытулам “У Расеі забіты яшчэ адзін праваабаронца”. У лесе каля Петразаводзка знайшлі труп Андрэя Кулагіна, старшыні рэгіянальнага аддзела праваабарончай арганізацыі “Справядлівасьць”, якая спэцыялізуецца на захадах па паляпшэньні ўмоваў у расейскіх турмах і лягярох і сацыяльнай рэабілітацыі былых вязьняў. Кулагіна выкралі некалькі дзён таму, сям'я зьвярнулася ў паліцыю з заявай аб зьнікненьні. Газэта нагадвае пра нядаўняе выкраданьне і забойства чачэнскай праваабаронцы Н. Эсцеміравай, а таксама больш даўнія забойствы праваабаронцаў у Расеі.
Наш камэнтар: На тэрыторыі расейскай імпэрыі мацнее рэжым гэбоўскага тэрору супраць людзей, якія ня ўкленчылі перад лубянскім монстрам. Аднак бальшыня грамадзтва маўчыць, нават не разумее, што адбываецца вакол. Няшчасная, агаломшаная краіна.
Алесь Хадасевіч