“БЕЛАРУСЫ ЛЕПШ РАЗУМЕЛІ РОЗЬНІЦУ”

21 ліпеня 2009 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала шматслоўны матэр'ял з фота пра Лукашэнку і Колю на матацыкле разам з байкэрамі. Газэта распавяла пра ўсё: як яны каталіся, хто трымаў нявыкарыстаныя імі каскі, з кім размаўляў “прэзыдэнт Беларусі”.

Наш камэнтар: Такім чынам у газэце была запоўнена рубрыка пра Беларусь. У тэксьце пра гэта ня згадваецца, але з гладкага стылю польскі чытач абавязкава вынесе ўражаньне, што беларусы вельмі задаволены мотапрабегам свайго начальніка і што наш народ (разам з польскімі журналістамі) палічыў гэтую падзею галоўнай у жыцьці краіны.

Можа лепш было б польскім “аналітыкам” наняць спартовы самалёт ды праляцець над Менскам? Яны б убачылі ўражальную карціну эканамічнага правалу: цемру трактароў вакол МТЗ, горы нерэалізаванай прадукцыі каля кожнага сталічнага прадпрыемства — і так па ўсёй краіне... Але не, іх прывабілі матацыклы і вясёлы начальнік з прынцам. Гэта ёсьць узровень іхнай “аналітыкі”. Падобна, што яны намагаюцца прадставіць польскаму чытачу Беларусь як край дурнаватай экзотыкі, а беларусаў як суму інфантыльных тыпаў. У іх няма адрозьніваньня паміж антынародным рэжымам і народам. Прызнацца, у свой час беларусы лепш разумелі розьніцу паміж польскім народам і хунтай Ярузэльскага.

Алесь Хадасевіч